Студэнты акадэміі мастацтваў ладзяць выставу-продаж у падтрымку Стасі

«Мастацтва дорыць надзею» — такую дабрачынную выставу ладзіць акадэмія мастацтваў. Усе сабраныя сродкі будуць накіраваныя на лячэньне студэнткі 4 курса мастацкага факультэта Насты Майстрэнка.

Маладой беларускай мастачцы, студэнтцы менскай акадэміі мастацтваў Стасі Майстрэнка, патрэбная дапамога ў барацьбе зь цяжкой хваробай. Усе сябры 22-х гадовай, жыцьцелюбівай дзяўчыны стараюцца дапамагчы чым могуць.

У Насьці рак лёгкіх. Аднак, «лёгкіх» — занадта гучна сказана. Пасьля першай апэрацыі аднаго лёгкага ў Насьці няма. Цяпер дзяўчына ўваходзіць у лік 20% тых, хто выжывае пасьля такіх апэрацыяў. Шанец на выздараўленьне — 10%. Зараз Стася жыве ў рэжыме Менск-Бараўляны-Менск і спадзяецца на лячэньне ў Ізраілі. Абсьледаваньне каштуе 5 тыс.даляраў, і толькі пасьля яго стане вядомы кошт лячэньня.

Нядаўна ў Менску прайшоў дабрачынны канцэрт. Музыкі за вечар сабралі 12 мільёнаў беларускіх рублёў у падтрымку Насты Майстрэнка.

Цяпер аднакурсьнікі маладой мастачкі ладзяць выставу-продаж сваіх працаў, сродкі ад якіх таксама пойдуць на лячэньне. Дапамагчы дзяўчыне можна і наўпрост пералічыўшы грошы на банкаўскія рахункі.

Выстава будзе працаваць 23 і 24 сакавіка з 10.00 да 18.00 у галерэі «Акадэмія» па адрасе: Сурганава, 14 (станцыя мэтро «Акадэмія навук»). Уваход вольны. Адкрыцьцё 23 сакавіка ў 16.00.

12:00, 21/03/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0921 seconds.