Маскевіч прызнаў моцнае скарачэньне ці спыненьне набору на беларускамоўныя спэцыяльнасьці

Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч прызнаў існаваньне плянаў міністэрства па скарачэньні набору на філялягічныя спэцыяльнасьці па ўсёй краіне і патлумачыў іх недахопам вучняў і закрыцьцём школаў у сельскіх раёнах.

«Мы будзем прыкладаць намаганьні для таго, каб цікавасьць да беларускай мовы павялічвалася», — заявіў нядаўна міністар адукацыі Сяргей Маскевіч у інтэрвію РТР-Беларусь, дадаўшы, што «беларуская мова як была, гэтак і будзе».

Але прыгожыя словы міністра кантрастуюць зь ягонымі справамі.

Як раней пісаў Generation.bY, па ўсёй краіне спыняюцца наборы на спэцыяльнасьці, зьвязаныя зь беларускай мовай. У Магілёве сёлета ўвогуле ня будуць рыхтаваць пэдагогаў выключна беларускай, а ў менскім пэдагагічным закрытыя адразу 4 спэцыяльнасьці беларускай філялёгіі.

«Па пэўных пэдагагічных спэцыяльнасьцях у нас у апошнія гады назіраецца перавытворчасьць кадраў, — заявіў міністар газэце „Звязда“. — Асабліва гэта тычыцца філёлягаў. Зьмяншаецца колькасьць вучняў, зьмяншаецца і патрэба ў настаўніках».

Але Маскевіч не патлумачыў, чаму пры такім падзеньні патрэбы ў настаўніках набор на спэцыяльнасьці, па якіх рыхтуюцца выключна расейскамоўныя філёлягі, у тым жа БДПУ не скарочаны.

Верагодна, сытуацыю можна патлумачыць масавым закрыцьцём сельскіх школаў:

«Ня трэба забываць таксама пра рэарганізацыю сеткі навучальных устаноў і закрыцьцё школ у сельскай мясцовасьці», — тлумачыць Маскевіч.

Раней міністар казаў, што многія школы ў вёсках могуць быць зачыненыя, бо там мала вучняў. Пры гэтым у асноўным па-беларуску школьнікі вучацца менавіта ў сельскіх раёнах. У Менску беларускамоўных школьнікаў толькі каля 2%.

У выніку беларускую філялёгію будуць вывучаць некалькі сотняў студэнтаў. Напрыклад, у БДПУ у гэтым годзе ня будзе набору на чатыры спэцыяльнасьці, зьвязаныя зь беларускай мовай, нават на «здвоеныя» з ангельскай мовай і журналістыкай.

У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце прыём на «здвоеныя» спэцыяльнасьці «Расейская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура» і «Беларуская мова і літаратура. Расейская мова і літаратура» будуць праводзіць па чарзе праз год. Дыплём па абедзьвюх гэтых спэцыяльнасьцях дае права выкладаць як расейскую, гэтак і беларускую мову і літаратуру.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0708 seconds.