Студэнтка ЭГУ замахнулася на гістарычную трылёгію

У чацьвер у кнігарні ЛогвінаЎ адбылася прэзэнтацыя дэбютнай кнігі Ксеніі Шталянковай «Адваротны бок люстра», якую сама аўтарка ахарактарызавала як «кнігу для падлеткаў, дзе няма абсалютна нічога правакацыйнага». Яшчэ да афіцыйнай прэзэнтацыі ў Сеціве зьявіліся зьедлівыя водгукі, маўляў, і вокладка занадта простая і што на «Код адсутнасьці» падобная, ды і імя самой аўтаркі напісана з памылкай з-за няўважлівасьці пашпартысткі.

Зрэшты апошняе не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Ксенія настойвае, што пішучы сваё імя праз “е” (замест “я” як патрабуе беларуская граматыка) маладая пісьменьніца аддае даніну свайму расейскаму дзеду, і наяўнасьць літары “е” тлумачыць тым, што прозьвішча замежнага паходжаньня (расейскае), а таму павінна пісацца праз “е”.


Ксенія Шталянкова. Выява budzma.org

Свой першы раман Ксенія пачала пісаць яшчэ ў пятай клясе, а завяршыла ў 16 гадоў. Асобныя часткі друкаваліся ў часопісе «Бярозка», і ўжо тады Шталянкова была заўважана вядомымі беларускімі літаратарамі. Але пэўны час кніга ўсё ж такі праляжала на паліцы, бацька дзяўчыны безвынікова спрабаваў некалькі разоў выдаць раман у дзяржаўных выдавецтвах. Аднак нарэшце ў гэтым годзе падлеткавы раман «Адваротны бок люстра» пабачыў сьвет.

Прэзэнтацыя прыгодніцкага рамана праходзіла ў цёплай атмасфэры нешматлікіх прыхільнікаў сучаснай беларускай літаратуры. Каб павялічыць колькасьць наведвальнікаў арганізатары зрабілі усё магчымае: і запрасілі чароўнага вядоўцу-гісторыка і аздобілі ўвесь працэс прэзэнтацыі кнігі сярэднявечнай музыкай.

У сярэдзіне прэзэнтацыі Шталянкова прачытала самы інтрыгоўны ўрывак раману, пасьля чаго нешматлікая, але зацікаўленая публіка, большасьць зь якой былі сябры і знаёмыя самой Ксеніі, не спыняла задаваць пытаньні пра працэс напісаньня, прататыпаў герояў і творчую будучыню. Высьветлілася, што маладая аўтарка, якая дарэчы зьяўляецца студэнткай ЭГУ, мае даволі амбіцыйныя пляны. Яна мае напісаць працяг – яшчэ два раманы, якія разам з «Адваротным бокам люстра» будуць уяўляць сабой гістарычную трылёгію.

«Адваротны бок люстра» распавядае пра 15-гадовую Басю, якая праз антыкварнае люстра трапляе ў 16 стагодзьдзе і знаёміцца з маладым шляхціцам Міхалам. Яны напаткаюць безьліч прыгод і апынуцца ў самым віры каралеўскіх падзей. У кнізе можна сустрэць і экшн, і рамантыку, і бойкі, і пацалункі, карацей —усё што акурат любяць падлеткавыя хлапчукі і паненкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.082 seconds.