Як выглядае самы інавацыйны факультэт Беларусі?

Пераезд факультэту міжнародных адносінаў БДУ у новы будынак чарговы раз пераносіцца. Ва ўнівэрсытэце мяркуюць зладзіць улазіны 1 верасьня 2012 году, але і ў гэтай даце ня ўпэўненыя. Будынак называюць адным з самых прасунутых навучальных карпусоў у краіне.


Фота Вольга Кузьміч

Яшчэ зусім нядаўна рэктар БДУ Сяргей Абламейка запэўніваў, што студэнты і выкладчыкі адзначаць улазіны ў лютым гэтага года. Пазьней стала вядома, што сьвята сапсавалі «анамальныя маразы», і пераезд перанесьлі на красавік. Але і гэта дата стала не канчатковай: цяпер у БДУ не зусім упэўнена кажуць пра 1 верасьня 2012 году.

«Пераезд цэлага факультэту — справа не аднаго дня. Трэба прывесьці будынак у парадак, завезьці абсталяваньне. Было вырашана завяршыць усе справы летам, каб не турбаваць студэнтаў і выкладчыкаў, — заявілі onliner.by у прэс-службе БДУ. — Афіцыйна корпус адкрыецца, хутчэй за усё, 1 верасьня 2012 года».


Так выглядаў новы корпус у 2007 годзе. Фота Валажынскага В.Г., верасень 2007 г.

Унутры будынка ўжо выкананае аздабленьне, стаіць мэбля. Як кажуць у БДУ, навучальныя кабінэты будуць абсталяваныя па сучасным стандартам. У корпусе будзе забясьпечаны свабодны доступ да Wi-Fi.

Акрамя гэтага, у новым корпусе БДУ абяцае адкрыць найбольш інавацыйную аўдыторыю ў Беларусі:

«На факультэце будзе адкрытая „аўдыторыя будучыні“. Тут будуць ужывацца сучасныя сродкі мультымэдыя і чытацца лекцыі з выкарыстаньнем устаноўкі інтэрактыўнага мультымедыавідэапраектару», — распавёў Сяргей Абламейка. Такім чынам лекцыі студэнтам змогуць чытаць прафэсары эўрапейскіх унівэрсытэтаў.


Фота Антон Архіпенка, onliner.by

Па сьведчаньнях пабываўшых у корпусе журналістаў, шкляны 14-павярховы будынак валодае 5 хуткаснымі ліфтамі, яго падлогу пакрывае мармуровая плітка, а «прасторныя холы» забітыя «мяккімі канапамі для адпачынку», зь якіх адкрываецца «цудоўны выгляд на Менск».


Фота Антон Архіпенка, onliner.by


Фота Антон Архіпенка, onliner.by

Як сьцьвярджаюць студэнты факультэту міжнародных адносінаў БДУ, цягам апошніх месяцаў іх па некалькі разоў прымушалі працаваць на абсталяваньні будынку.

Будаўніцтва шклянога корпусу пачалося дзевяць гадоў таму і адразу ж азмрочылася скандалам: будоўля праходзіла наўпрост над нядаўна адчыненым рэстаранам McDonald's. Амэрыканская кампанія нават падала ў суд на БДУ, але справа скончылася мірным пагадненьнем: тагачасны рэктар унівэрсытэту Аляксандр Казулін паабяцаў дабудаваць корпус за два гады.

Але будоўля не завяршылася ні праз 2 гады, ні праз 8. McDonald`s замарозіў свае праграмы ў Беларусі, а студэнты Факультэту міжнародных адносінаў усё гэтак жа жылі ў чаканьні новага будынку.


Фота Антон Архіпенка, onliner.by

Плянуецца, што разам з ФМА на Прывакзальную плошчу пераедуць упраўленьне міжнародных сувязяў БДУ, Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя і іншыя міжнародныя структуры ўнівэрсытэту. Акрамя гэтага, на адным з паверхаў новага будынку разьмесьціцца выстава прадукцыі ВНУ.


Фота Антон Архіпенка, onliner.by

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0836 seconds.