Першы летні оўпэн-эйр 2012 у Шаблях — Пікнік.By

Арганізатары фестываля «Пікнік.By» вырашылі сумясціць утульнасць і атмасферу маштабнага оўпэн-эйра. 1 ліпеня на хутары Шаблі пад Валожынам на трох пляцоўках выступіць больш за 30 выканаўцаў, ды-джэяў і паэтаў.

Ініцыятарамі правядзення оўпэн-эйру на сельскай мясцовасці выступіў культавы мінскі паб-клуб «Графіці». Першы фэст прайшоў у 2009 годзе на хутары Прудавое пад Мінскам і стаў адной з галоўных музычных падзеяў таго лета. Сёлета вырашана было зладзіць другі фестываль, які пройдзе на хутары Шаблі пад Валожынам – месцы, дзе неаднойчы ўжо адбываліся неардынарныя мерапрыемствы.

«Мы хочам зрабіць не проста канцэрт на свежым паветры, а зладзіць запамінальную дзею з масай самай рознай музыкі і паэзіі, з шматлікімі тэматычнымі зонамі, майстар-класамі ды спартовымі гульнямі. У гэтым і адрозненне ад іншых беларускіх фестываляў. Мы ставім на разнастайнасць, а ў такім фармаце, на жаль, у нас больш ніхто не працуе», — кажа адзін з арганізатараў фэсту «Пікнік.By» Нік Маторын.

Галоўная дзея 1 ліпеня будзе разгортвацца на двух фестывальных сцэнах. На галоўнай сцэне з 14.00 да 23.00 сыграюць кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба», «Разбiтае сэрца пацана», Chiefs Band, Botanic Project, Akute, The UNB, «Черчилль» (RockerJoker), «Красные звёзды», «Кассиопея», Monkey Bite. Вядучымі будуць Каця Пытлева ды Ілля Маліноўскі.

На другой сцэне «Жывы Тузін», што ладзяць інтэрнэт-партал Tuzin.FM і кампанія «Будзьма беларусамі» з 14:00 і да самай ночы выступяць Pomidor/off, HandmadE, Паліна Рэспубліка, Анастасія Шпакоўская, «Гаротніца», Guda, Pawa, «Людзі на балоце», «Нагуаль», «Князь Мышкін», праект «Танцы з Бубнам», а таксама Diamos Roll&Руся. Цягам усяго фестывальнага дня акром музыкаў на сцэну выйдуць таксама паэты Віталь Рыжкоў, Кацярына Зыкава, Антон Рудак, Андрэй Адамовіч, Уладзь Лянкевіч, Ася Волкава, Марыйка Мартысевіч, Андрэй Хадановіч. Вядучым сцэны будзе Алег Хаменка.

Трэцяя пляцоўка запрацуе ўначы. Гэта будзе імправізаваны клуб $ARA¥, у якім сыграюць свае сэты ды-джэі з Беларусі SheJay Ksana, Andy Roc, Карамыслаў, Papa Bо, а таксама госці з Літвы Stereobeaver з сябрамі.


Афіцыйны сайт фестываля → picnic.by

Уваход

Першая партыя квіткоў ужо ў продажы. Іх кошт — 90 000 руб. З 7 чэрвеня квіткі на фэст з’явяцца ва ўсіх касах TicketPro і будуць ужо даражэй. Для дзяцей ростам да 110 см у суправаджэнні дарослых – уваход вольны. Кэмпінг на фестывалі бясплатны. Прыязджаць можна ўжо з вечара 30 чэрвеня.

Праезд

Арганізатары рэкамэндуюць паклапаціцца пра даезд самастойна і дабірацца ўласным транспартам. Каардынаты для GPS-навігатара: +54° 14' 18.04", +26° 25' 46.14". Пакрокавае апісанне праезду з Мінску можна знайсці на сайце фестываля.

Інфалінія

+375 (25/29/33) 638-4444, skype, google: Diskoteq

11:00, 07/06/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1085 seconds.