Усё меней абітурыентаў выбіраюць на ЦТ беларускую мову

Сёлета здаваць цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай мове будуць амаль у два разы менш абітурыентаў, чым па расейскай. Жаданьне здаваць беларускую падае ў выпускнікоў беларускіх школаў амаль з кожным годам.


Суадносіны абітурыентаў, што здавалі расейскую і беларускую мову ў 2007-2012

У гэтым годзе на тэсты прыйдуць каля 141 тысячы чалавек, што на 15 тысячаў меней, чым у 2011-м. Гэта найменшая колькасьць жадаючых здаць ЦТ з часу заснаваньня сучаснай працэдуры яго правядзеньня.

Сёлета ж абітурыенты паставілі яшчэ адзін сумны рэкорд: максымальнае падзеньне за апошнія 5 гадоў зазнала колькасьць жадаючых здаваць тэст па беларускай мове. Такіх знайшлося троху болей за 45 тысячаў (32% абітурыентаў). У той час як расейскую мову ў якасьці абавязковай будуць пісаць на ЦТ 95 тысячаў (68%).

Яшчэ пяць гадоў таму суадносіны былі зусім іншымі: 87 тысячаў (ці 42%) супраць 120 тысячаў (58%). Атрымліваецца, што беларуская з 2007 згубіла адразу 10 пунктаў. І сёлета гэта падзеньне аказалася максымальным: доля ахвотных здаваць беларускую мову скарацілася адразу на 4%, чаго не было ніколі.

Што праўда, доля тых, хто здаваў беларускую на ЦТ, падала не заўжды. У 2010 годзе адносная колькасьць такіх абітурыентаў павялічылася на 2%.

Калі тэндэнцыя захаваецца, то ў 2029 годзе беларускую мову на ЦТ ня будзе каму здаваць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0811 seconds.