Беларусь створыць уласны Erasmus з Расеяй і Кыргыстанам

Беларусь прапануе ствараць супольныя праграмы студэнцкага абмену з краінамі Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, а таксама пашырыць супольныя адукацыйныя праграмы з Расеяй. Клянаваньне вядомай эўрапейскай праграмы Erasmus для постсавецкай прасторы абмяркуюць на наступным тыдні ў Кыргыстане.

«Студэнцкі абмен — гэта сусьветная тэндэнцыя, у ім няма нічога дрэннага. Ён толькі пашыраеце далягляд», — лічыць міністар адукацыі Сяргей Маскевіч. Ён, як адзначае БелТА, і выступіў ініцыятарам абмеркаваньня на бліжэйшай сустрэчы Рады па адукацыі пры інтэграцыйным камітэце Эўразійскай эканамічнай супольнасьці пытаньня аб «павелічэньні праграм студэнцкага абмену».

Акрамя Беларусі ў ЭўрАзЭС уваходзяць Расея, Казахстан, Кыргыстан і Таджыкістан. Найбольш вядомы праект гэтай супольнасьці, што існуе ўжо болей за дзесятак гадоў, — антыкрызысны фонд, які ў мінулым годзе ратаваў Беларусь ад фінансавага крызысу.

У межах праграмы студэнцкага абмену навучэнцы могуць атрымаць магчымасьць пэўны тэрмін вучыцца ў іншай краіне. Гэта дазволіць, як лічыць міністар, лепей спазнаць беларускіх партнэраў у Азіі.

Сяргей Маскевіч таксама сказаў, што Беларусь плянуе пашырыць супольныя адукацыйныя праграмы з Расеяй. За 2011 год па двухбаковых абменах 57 беларускіх студэнтаў накіраваныя на вучобу ў замежныя навучальныя ўстановы (у Расею — 30, у Кітай — 6, у Нямеччыну — 3, у Літву — 5).

Цяпер беларускія ўнівэрсытэты афіцыйна ўдзельнічаюць у 7 праграмах Эўразьвязу ў сфэры вышэйшай адукацыі, у тым ліку Tempus, Erasmus Mundus. Плянуецца, што ў 2014 годзе ўсе яны будуць аб’яднаныя ў адну Erasmus for all. Бюджэт яе будзе значна павялічаны, больш за палову выдзеленых сродкаў пойдзе на разьвіцьцё акадэмічнай мабільнасьці студэнтаў і магістрантаў.

Прапанавая Беларусьсю праграма абмену нагадвае папулярную праграму абмену Erasmus, даступную для студэнтаў ЭЗ. У аналягу Erasmus для трэціх краін за два гады паўдзельнічалі толькі 230 беларускіх студэнтаў. Далейшаму разьвіцьцю праграм абмену з ЭЗ можа перашкаджаць адсутнасьць Беларусі ў Балоньскім працэсе. Аб адмове далучыць нашу краіну да агульнаэўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі стала вядома на пачатку года.

Менавіта пасьля абвяшчэньня гэта рашэньня Беларусь заявіла аб жаданьні пашырыць супольныя адукацыйныя праграмы з Расеяй. У прыватнасьці, праграму вышэйшай адукацыі вырашылі наблізіць да расейскіх стандартаў, а школьныя праграмы — адправіць на праверку расейскімі спэцыялістамі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0694 seconds.