Студэнты буйнейшых менскіх ВНУ сыдуць на канікулы з 31.03.14. з-за ЧС па хакеі

Студэнты 1-4-х курсаў БДУ, БДУІР, БДЭУ, БДМУ, БДПУ, МДЛУ і БДТУ у 2013–14 навучальным годзе будуць вучыцца па асаблівым графіку, каб вызваліць месца ў студэнцкіх інтэрнатах універсітэтах перад чэмпіянатам свету па хакеі. Адзіным ўніверсітэтам, які адмовіўся змяняць графік навучання, стаў БНТУ. У межах падрыхтоўкі да ЧС з інтэрнатаў выселяць каля 12 тысячаў студэнтаў.

Улады сутыкнуліся з недахопам месцаў для пражывання заўзятараў і ўдзельнікаў чэмпіянату свету па хакеі, які мусіць адбыцца праз паўтара года. Выратаваць сітуацыю вырашылі праз высяленне каля 12 тысячаў студэнтаў з інтэрнатаў. Каб у гэты час ім было дзе жыць, навучэнцаў вырашылі накіраваць дадому, абвясціўшы на час чэмпіянату вакацыі.

Нядаўна ў Міністэрстве адукацыі зацвердзілі графік навучальнага працэсу ў 2013–14 гадах. Яго публіку interfax.by:

Пачнецца навучальны год у панядзелак 2 верасня 2013 года. Восеньскі семестр скончыцца 22 снежня 2013 года. Пасля будзе заліковая сесія — па 12 студзеня 2014 года. Адразу пасля яе пачнецца вясновы семестр — з 13 студзеня па 30 сакавіка 2014 года.

А 31 сакавіка па 1 чэрвені 2014 г. ўсе пойдуць на вакацыі.

Такім чынам больш за сто тысячаў менскіх студэнтаў будуць у наступным годзе вучыцца на некалькі тыдняў меней. Таксама ім прыйдзецца троху хутчэй здаваць іспыты ўзімку. Пераздачы ж экзаменаў, верагодна, будуць праходзіць ужо у час наступнага семестру, які пачнецца адразу пасля завяршэнне сесіі, без вакацый.

Новаўвядзенне не будзе тычыцца студэнтаў выпускных курсаў названых універсітэтаў, а таксама студэнтаў БНТУ. Кіраўніцтва апошняга адмовілася прымаць умовы Мінадукацыі. Ва ўніверсітэце крыўдзяцца на міністэрства за адмову вылучыць дадатковы інтэрнат у студэнцкай вёсцы.

«Няма чаго ламаць ўвесь навучальны працэс і адпускаць педагогаў ў адпачынкі яшчэ да пачатку лета. Як-небудзь выкруцімся: можа быць, трохі ўшчыльнім студэнтаў у інтэрнатах. Паглядзім. Часу яшчэ дастаткова», — пракаментавалі сітуацыю прарэктары БНТУ.

«У адрозненне ад БДУ, БДУІР, БДМУ, нам ніхто так і не вылучыў, колькі мы ні прасілі, месцы ў студэнцкай вёсцы. Нас ігнаруюць, і іншагароднія студэнты працягваюць жыць у старых інтэрнатах!» — дадалі ў БНТУ.

Студэнткі як пакаёўкі

Аб тым, што ўлады зачыняць многія студінтэрнаты, каб засяліць туды заўзятараў, стала вядома яшчэ ў мінулым годзе. Са словаў чыноўнікаў выглядае, што студэнцкую вёску будуюць адмыслова дзеля гэтага чэмпіянату:

«Разыначкай чэмпіянату свету стане новы комплекс студэнцкіх інтэрнатаў, мы яго называем вёска заўзятараў. Гэты комплекс будзе пабудаваны ў 2013 годзе і зможа размясціць больш за 7 тысячаў. Прычым гэта будзе даволі камфортнае і таннае пражыванне, а атмасфера, што будзе створаная там аматарамі хакея, напэўна прыйдзецца даспадобы заўзятарам з розных краін», — казаў улетку генеральны сакратар Федэрацыі хакея Беларусі Яраслаў Заўгародні.

Прыкладна тады ж стала зразумела, што са студэнтамі, якія застануцца без жытла, трэба будзе нешта рабіць. І вырашана было перанесці навучальны год:

«Нічога звышнатуральнага тут няма», — лічыць кіраўнік Ўпраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Менгарвыканкаму Андрэй Новікаў.

Тых студэнтаў, што застануцца на час чэмпіянату ў Менску, накіруюць на абслугоўванне тых самых гасцей, дзеля якіх іх прымусяць вучыцца хутчэй, а пасля з’ехаць з інтэрнатаў. Новікаў абяцае студэнтам за такую працы «нейкія грошы».

Хаця кіраўніцтва БНТУ па традыцыі скептычна глядзіць і на гэта пытанне:

«Хто будзе абслугоўваць замежных турыстаў? — пытаецца кіраўніцтва ўніверсітэту. — Хто будзе выступаць у ролі пакаёвак? Студэнты, якія не ведаюць замежнай мовы?..»


Замежным гасцям верагодна прыйдзецца ночыць не ў самых лепшых умовах. Інтэрнат №6 БНТУ, 1 верасня 2012 году

Якія інтэрнаты расселяць з 31 сакавіка 2014?

Расселяць усе інтэрнаты студэнцкай вёсцы на ўскрайку Менска (там вось-вось мусяць адкрыць метро), а таксама 8 іншых інтэрнатаў.


Якія інтэрнаты расселяць з 31 сакавіка 2014?

БДУ
  • Інтэрнат № 7 (вул. Кастрычніцкая, д. 10, корпус 2);
  • № 11 (пр. Дзяржынскага, д. 87).

«У якасці рэзерву будзе выкарыстоўвацца інтэрнат № 3 (вул. Курчатава, д. 6). Усё залежыць ад таго, колькі людзей прыедзе на чэмпіянат свету», — паведаміў дырэктар Студэнцкага гарадка Белдзяржуніверсітэта Міхаіл Чарапеннікаў.

БДЭУ

  • Інтэрнат № 1 (вул. Бабруйская, д. 27) разлічана на 242 месцы.

«У рэзерве два інтэрнаты па 600 месцаў кожны: № 5 (2-й Веласіпедны завулак, 1/10) і № 6 (2-й Веласіпедны завулак, 3)», — адзначыў прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце БДЭУ Анатоль Маруковіч.

БНТУ

  • Інтэрнат № 16 пакаёвага тыпу (пр. Незалежнасці, д. 148) разлічаны прыкладна на 1 тыс. месцаў.

«У рэзерве інтэрнат № 9 па вул. Сурганава, 37, які зараз стаіць на капітальным рамонце. Разлічаны на 328 месцаў», — сказаў першы прарэктар Фёдар Панцялеенка.

БДУІР

  • Інтэрнат № 2 (вул. Леаніда Бяды, д. 4) разлічана на 1225 месцаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0668 seconds.