Антон Сурапін. Ніколі не пайду на плошчу, каб крычаць «Жыве Беларусь»

Антон Сурапін

Студэнт журфака, які правёў летнія вакацыі ў СІЗА КДБ, у серыі размоваў Generation.by «Кім я стану, калі вырасту», распавядае пра тое, як слуцкія міліцыянеры разбураюць дзіцячыя мары, як стаў мужчынам, чаму не грае болей у гульні, каму даў у нос і чым будзе займацца, пакуль людзі на плошчы крычаць «Жыве Беларусь!»

Цяпер не граю ні ў якія гульні, у наш час ёсць сацыяльныя сеткі

Я быў паслухмяным дзіцёнкам. Нават выдатнікам быў у пачатковых класах. Пасля з’явіўся кампутар з інтэрнэтам ,і з яго мяне было амаль немагчыма выцягнуць. Бацькі заўсёды сварыліся на гэты конт. Прымушалі ісці на вуліцу, а я пытаў сябе: «Што ж мне там рабіць, гарэлку ісці піць?»

Да гарэлкі я дабраўся толькі тады, калі ў Менск паступіў.

Кампутар быў усім жыццём. Я там гуляў у Counter Strike, рабіў сайты-праекты. Цяпер не граю ні ў якія гульні, у наш час ёсць сацыяльныя сеткі.

Я быў у нейкім сэнсе незамяняльным чалавекам у школе, бо ўдзельнічаў у розных прэзентацыях, таксама з кампутарамі дапамагаў школе: то ўсталяваць нешта патрэбна, то пераўсталяваць. Удзельнічаў у розных навуковых канферэнцыях. Пасля стварылі сайт пра СНІД «СПИД – право на жизнь». Ён і дагэтуль у інтэрнэце вісіць. З гэтым сайтам заняў першае месца па вобласці, другое па рэспубліцы. Даслалі мяне з ім на міжнародную канферэнцыю ў Менск. Зараз бы зрабіў сайт па-іншаму вядома ж, але тады было шмат гонару. Мне вельмі шчасціла, бо часта з-за гэтых конкурсаў не хадзіў на заняткі.

Хацеў дапамагаць людзям, але пабачыў слуцкіх міліцыянераў

Я ў далёкім дзяцінстве захапляўся Вітасам. А стаць марыў ці то пажарным, ці то міліцыянерам, ці доктарам, каб дапамагаць людзям. Але з класа 4-га я ўжо не мог стаць міліцыянерам, бо бачыў нашых слуцкіх міліцыянераў і ўсё жаданне стаць імі знікала.

Я яму нос разбіў

Не біўся з класа 5-га. У школе быў хлопец не зусім адэкватны, які чапляўся да нашай настаўніцы па ангельскай мове, ну вось я вырашыў яму растлумачыць, што гэта дрэнна. Дайшло да бойкі. Я яму нос разбіў. Пасля гэтага нас завялі да педагога-псіхолага, але нічога страшнага там не зрабілі. Дарэчы, бачыў некалькі год таму гэтага хлопца, мае ён вельмі бамжаваты выгляд.

Пасля я зноў сядзеў за кампутарам увесь час і тлусцеў. Больш не біўся, бо, па-першае, мне гэта было не цікава, а па-другое, я быў такі шырачэзны, што ўсе баяліся да мяне падысці.

Адны — на адным баку, другія — на іншым, і адзін аднаго ненавідзяць

У класе 10-м, калі адгуляў у свой Counter Strike, я пачаў чытаць навіны ў інтэрнэце. І тады да мяне дайшло, што нешта тут не тое. Было дзіўна, бо ўсё жыццё глядзеў БТ і АНТ, і тут нешта іншае пачаў чытаць і разумець. Насамрэч было вельмі цяжка паверыць у тое, што не ўсё так маляўніча, як паказваюць па тэлебачанні. Нейкі разрыў шаблонаў проста. Адны — на адным баку, другія — на іншым, і адзін аднаго ненавідзяць.

Траўку паліць напэўна можна

Паліць я пачаў праз дзяўчын. Ва ўсіх бедах вінаватыя дзяўчыны. Бацькі да апошняга не верылі, што я палю. Нават калі ў лістах з СІЗА КДБ прасіў перадаць цыгарэты, матуля лічыла, што гэта я не для сябе прасіў, а для сукамернікаў.

Я да ўніверсітэта вёў вельмі правільны лад жыцця. Шмат для каго сэнсам было ў класе 8-м папаліць ці выпіць. У гэтым узросце ўсё забароненае вельмі цікава і вабна. Нехта падсаджваецца на наркату, але наркотыкі рознымі бываюць, для мяне — гэта адчыненыя дахі. Калі казаць пра ЛСД, гераін, какаін, то ў ніякім разе. Траўку паліць напэўна можна, бо як мне распавялі, яна не выклікае залежнасці.

Выхваляецца тым, як білі шкло ў сваіх аўдыторыях

З класу мала з кім падтрымліваю сувязь. Са школы ў мяне застаўся адзіны лепшы сябар. Маю яшчэ стасункі са сваёй першай каханай, зараз проста падтрымліваем сяброўскія зносіны. Вяртаючыся да сітуацыі з КДБ, я зразумеў, што аднакласнікі мяне памятаюць. Яны і бацькоў падтрымлівалі, і мяне словамі, не чакаў такога.

Некаторыя пайшлі ў ПТВ. Быў у мяне аднакласнік. Для яго інтарэсам з’яўляецца тое, як бы вечарам выпіць. Ён выхваляецца тым, як з аднагрупнікамі білі шкло ў сваіх аўдыторыях. І калі чалавек прачынаецца з болем у галаве ад мінулай п’янкі, пасля яны ідуць на вучобу, дзе паляць ва аўдыторыях і ледзь не мацюкамі пасылаюць выкладчыкаў, то пра якую перспектыву можна казаць. Пасля вучобы ідуць на працу, дзе зноў-такі нічога не робяць, дзень сканчаецца зноў п’янкай, а з раніцы ўсё пойдзе па вызначанаму колу. Непрыемна, што такіх людзей не становіцца менш.

Літаральна за паўгадзіны я абраў для сябе абсалютна іншы шлях жыцця

З класа восьмага я хацеў быць праграмістам. А ў 11 класе ў дзень адчыненых дзвярэй, да нас прыехалі людзі з БДУ і распавялі пра новую спецыяльнасць «Вэб-журналістыка». На той момант я працаваў фрылансерам, пісаў для аднаго сайту і пад час прамовы гэтых людзей з БДУ падумаў: «Ага, вэб-журналістыка, там і праграмаванне ёсць і пісаць тэксты я люблю, значыць гэта маё». Вось так за паўгода да паступлення, літаральна за паўгадзіны я абраў для сябе абсалютна іншы шлях жыцця. Бацькі супраць не былі, што патрэбна было па падрыхтоўцы мне набывалі, яны мне ніколі нічога не забаранялі, таму, магчыма, цяпер я не алкаш і не наркаман.

У цябе ўпіхваюць безліч інфармацыйнага бруду

У нас дзіўная сістэма адукацыі, калі другасныя прадметы складаней здаць за профільныя. Я ўсё разумею, што гэта ўсё патрэбна для ўсебаковай адукацыі, але калі гэтыя прадметы ўпіхваюць у першыя два курсы, каб чалавек, як прафесіянал абсалютна не рос, але разбіраўся ў «Ідэалогіі беларускай дзяржавы» — гэта ненармальна. Безліч непатрэбнай інфармацыі, якой ніхто не карыстаецца. У цябе піхаюць безліч інфармацыйнага бруду, які ніколі табе і не спатрэбіцца. Ёсць выкладчыкі, якія працуюць не другое, і нават не трэцяе дзесяцігоддзе. Вядома ж, што іх веды не заўсёды могуць развівацца паралельна сучасным тэндэнцыям у журналістыцы, а тым больш вэб-журналістыкі. Час іх месца заняць маладым і перспектыўным. Ды і ўвогуле варта скараціць лекцыі і зрабіць больш практыкі для журналістаў.

Расслабцеся і атрымлівайце асалоду

Патрэбна быць поўным ідыётам, каб не зваліцца у маральную бездань пад час бяды. Патрэбна быць ідыётам і ўсміхацца, глядзець у вочы небяспекі і выціскаць з сябе ўсмешку. Вось я абстрагуюся ад непрыемных думак пры дапамозе рэлаксацыі, у кожнага яна свая. Я рэлаксую, калі ўзгадваю музыку, можна сесці і глядзець у сцяну і слухаць музыку ў галаве. А ўвогуле, кожнаму чалавеку патрэбна раз на год перанесці невялічкую дэпрэсію. Калі вы трапілі ў бяду, у вас бездань траблаў, жыццё сапсаванае, дык горш ужо не будзе. Хочаце жыць спакойна і больш-менш шчасліва ў сваім мікракосмасе? Дык не лезьце ў палітыку, жывіце з чаркай ды шкваркай — і будзе вам шчасце )) Расслабцеся і атрымлівайце асалоду.

Ніколі не пайду на плошчу, каб крычаць «Жыве Беларусь»

Ніколі не ўмешваюся ў развіццё падзей. Я ніколі не пайду на маўклівыя акцыі, каб пляскаць, і ніколі не пайду на плошчу, каб крычаць «Жыве Беларусь». Я буду стаяць там з камерай у руках і здымаць разам з калегамі, як робяць гэта іншыя. Разважаць на тэму палітыкі я не люблю. Перыядычна я магу паспрачацца з чалавекам, які падтрымлівае цяперашнюю ўладу, але ў такіх выпадках ты адразу займаеш бок кагосьці. Аб’ектыўнасць вельмі складаная рэч, але ў журналістыцы ты павінен яе шукаць.

З аднаго боку я разумею, што патрэбна нешта змяняць, але я не прыхільнік рэвалюцый, бо не адна з іх не прывяла да чагосьці добрага. Патрэбна, як тыя чарвякі, трапляць у сістэму і паступова-паступова падрываць яе.

Зараз у Беларусі вельмі весела. Таму я не хачу пакідаць яе.

Я ж не кдбіст, каб трымаць тут людзей сілай

Калі не падабаецца нешта, дык не ный, не падабаецца — з’язджай на скрайняк, калі ты нічога зрабіць іншага не можаш, але калі вось так усе з’едуць, дык будзе як у анекдоце: «хто будзе з’язджаць апошнім, не забудзьцеся выключыць святло ў аэрапорце». Я ж не кдбіст, каб трымаць тут людзей сілай. Але бываюць розныя людзі і розныя абставіны, калі няма іншага выйсця. Але калі ты не маеш такіх праблем і ты можаш нешта рабіць, дык варта заставацца і рабіць. Ну калі дарабіўся да таго, што пагражаюць і жыццём, і воляй за тваё жаданне зрабіць жыццё на Беларусі трошачкі лепш, ну тады ўжо можаш думаць пра тое, каб з’ехаць.

Я не хачу з’язджаць, таму не разумею, чаму людзі абіраюць такі шлях. З душы не ідзе разуменне, а вось розумам я ведаю, што калі б чалавек тут застаўся, то яго маглі б тут і забіць, як рэдактара «Хартыі», і пасадзіць, як Алеся Бяляцкага, і абвінавачванні высунуць, як супраць Пачобута, але розныя людзі, розныя абставіны.

А што выходзіць з батанаў?

Я лічу, што гэта прагрэсіўна, калі моладзь займаецца палітыкай. У нас сярод людзей такі стэрэатып існуе, калі чалавека называюць палітыкам, то адразу перад вачыма паўстае дзядзька год 40-50 з вялікім пузам, такім жа тварам і нейкай барадой. Самае істотнае, што абывацель абавязкова ўявіць сабе сталага чалавека. У нас самы малады міністр Павал Латушка, яму ўжо 39 год. Калі ж паглядзець на цывілізаваныя краіны, то, калі ты міністр і табе за 40, дык ты ўжо не першага гатунку. Там палітыкі маладыя, якія не баяцца рухацца наперад і прымаць нестандартныя рашэнні.

Моладзь таксама робіць свой выбар. Калі чалавек сапраўды мае свой мозг, калі ён думае, а не проста імкнецца за натоўпам, нешта сапраўды карыснае робіць, дык малайчынка, а тое, што ён забівае на вучобу, калі сапраўды жадае нешта змяніць, дык я гэта вітаю. А што выходзіць з батанаў? Яны ж нічога не ўмеюць, акрамя як выдатна выконваць загады.

Калі атрымалася не так дрэнна, дык усё — я радасны

Апошнім часам па жыцці я жыву адным днём. Магу падысці да цягніка, які едзе на поўным руху і дакрануцца да яго. Пасля пальцы такія чорныя і страшэнныя, не адарвала ж іх. Стаць на самым ускрайку даху і засняць сябе са спіны, без страху таго, што цябе можа здуць ці ты можаш пахіснуцца. Ну звалюся і звалюся, быў я, няма мяне, якая розніца. Пасля апошніх падзей на шматлікія рэчы гляджу па-іншаму. Спадзявайся на лепшае, разлічвай на горшае. Па жыцці я рыхтую сябе да горшага, таму калі атрымалася не так дрэнна, дык усё — я радасны.

Мой Бог — гэта зоркі і наша Сонца

У мяне свая рэлігія. Я веру ў звышмоц, але гэтая звышмоц ідзе з сусвету. Мой Бог — гэта зоркі і наша Сонца. Бывае медытую на даху ці ў чыстым полі, я проста магу разлегчыся на полі, глядзець на зоркі і атрымліваць адказы на свае пытанне. Гэта адказы ад зор! Яны змястоўныя і дапамагаюць мне. Таму мая рэлігія — не Ісус, не хрысціянства, а вось — зоркі, сусвет.

Царква для мяне — гэта проста намоленае месца, дзе заключаная вялікая сіла думкі. Думкі, яны матэрыяльныя. Царква валодае такой сілай, бо там сканцэнтраваная вялікая энергія. А ўвесь апарат царкоўны — гэта бізнес. Напрыклад, кошты ж на свечкі растуць следам за коштамі на хлеб.

Я не веру ў каханне, я веру ў сэкс

Любоў можа быць да піва, да тэхнікі, да сяброў, а каханне можа быць толькі да дзяўчыны. А гэта так складана. Калі казаць груба, то я не веру ў каханне, я веру ў сэкс. Але калі я закахаўся ў дзяўчыну, то магу ісці на самыя бязглуздыя ўчынкі, я не ведаю, што магу зрабіць нават праз хвіліну. Ну вось як было з маім апошнім каханнем: падчас нашай першай сустрэчы (чытай — асабістага знаёмства) я вырваў травінку, скруціў яе ў пярсцёнак, надзеў на безыменны палец, паставіў рамонак туды нібыта дыямент, і папрасіў яе рукі і сэрца, пасля чаго сказаў, што паўтару гэтую прапанову на працягу 1.5 гадоў.

Я веру ў тое, што каханне з першага позірку існуе, яно самае моцнае. Я ўвогуле драпежнік, і мне хутка становяцца нецікавымі стасункі. Але калі з першага позірку, то не істотна замужам яна, мае яна дзетак ці не, ты проста нічога пра яе не ведаеш, але разумееш, што гэта сапраўды Тая Самая Дзяўчына. Але дзявочая логіка на ступені чагосьці немагчымага. У некаторых выпадках у мяне розум выбухае ад таго, што яны вырабляюць.

Я лічу, што сяброўства паміж мужчынам і жанчынай магчымае толькі тады, калі ў аднаго з бакоў існуе надзея на тое, што гэта нешта большае, чым проста сяброўства. Альбо калі гэта былыя ці будучыя палюбоўнікі. Хоць нават у маім жыцці ёсць адно яскравае выключэнне — цудоўная дзяўчына-мусульманка, цудоўны сябра, але я на яе не магу глядзець як на «дзяўчыну» ў плане стасункаў.

У нашай краіне з табой можа адбыцца што заўгодна

Зараз я вольны студэнт, які можа пайсці пафатаграфаваць акцыю апазіцыі ці апублікаваць фота тых самых мішак. І я ведаю, што б са мной не здарылася, пра мяне дома будуць хвалявацца толькі бацькі. А калі ты ведаеш, што дома цябе будзе чакаць жонка і дзеткі, то гэта кардынальна змяняе ўсё стаўленне да працы. Тады перад табой з’яўляецца вялікая адказнасць. Шмат ведаю людзей, якія б пайшлі на тыя ж самыя акцыі ці плошчу, але яны хвалююцца за сям’ю і дзетак. Тое ж самае можа быць і ў журналістаў. Узнікаюць думкі: «А што калі затрымаюць? А што калі пасадзяць? А што будзе з сям’ёй? Як будуць жыць мае дзеткі?» І таму я лічу, што мне сям’я будзе замінаць. Гэта вялікая адказнасць. А ў нашай краіне з табой можа адбыцца што заўгодна.

Bnp.by — усё маё жыццё

Выкладчык, які працуе зараз на Tut.by, прапанаваў майму сябру стварыць сайт для моладзі, а мне прапанаваў стварыць сайт фота-навінаў, каб чалавек пасля працы мог прыйсці дадому і не глядзець тэлевізар, які цісне на вушы, не чытаць шмат тэксту, а каб проста мог прагартаць фота, прачытаць тры сказы і даведацца пра тое, што адбывалася. Сайт я запусціў у 2010 годзе, але ў мяне не было сяброў з камерай і ў самога не было камеры, каб здымаць, таму праект я замарозіў да лепшых часоў. А потым я пазнаёміўся з Сяргеем Ягела, які здымаў акцыі і падзеі, але здымаў ён іх «у стол». Прайшоў час, у мяне з’явілася камера. Гэта цікавая гісторыя.

У бацькі была старэнькая машына Subaru Libero. Ён хацеў яе змяніць. Сабраліся яны з матуляй браць крэдыт, каб набыць Renault. Адшукалі валютны. Я тады іх адгаварыў ад гэтага кроку, нібы адчуваў, што будзе праз паўгады з валютай у Беларусі. Бацькі крыўдавалі на мяне, але прыслухаліся і праз месяц знайшлі на нармалёвых умовах беларускія грошы. Ну вось, узялі яны крэдыт 10 млн. рублёў. Перад гэтым я прасіў, каб далі мне траціну і на фотаздымач. Ну і што? Не далі, бо машыну як раз за гэтыя 10 млн. купілі. Тут ужо я пачаў крыўдаваць, але бацька сказаў: «Я аддаю табе Subaru, і можаш рабіць што хочаш: ці то прадавай за колькі захочаш і набывай здымач, ці то здавай на правы і катайся на ёй сам...» Ну і што ж я зрабіў? Вядома, прадаў машыну і напярэдадні Плошчы-2010 набыў здымач».

І вось стаялі мы з Сяргеем Ягела ва ўніверсаме «Цэнтральны», пасля маўклівай рэвалюцыі, пілі нашую «Крыніцу» і ў гэты момант я распавёў яму пра сайт, прапанаваў далучыцца да працы над ім, і ён пагадзіўся. І літаральна за тыдзень мы ўзнавілі праект. Ён некамерцыйны і за час існавання не прынёс ні капейкі. Таму людзей здзіўляе, чаму мне гэта патрэбна, калі я працую над ім і нічога з гэтага не атрымліваю. Але гэты сайт — усё маё жыццё. Якім бы хворым я не быў, як бы мне не было дрэнна, але я іду і здымаю.

Пасля гісторыі з мішкамі наш сайт стаў вядомым на ўвесь свет. Я глядзеў статыстыку, дык людзі з усёй Еўропы заходзілі глядзець наш сайт. І вядома ж, што плануем зрабіць яго камерцыйным, патрэбна расці і ў гэтым кірунку. Мяне натхняе думка пра тое, што мая праца і ўвогуле тое, што я раблю, карысна для іншых. Усё гэта не дарма і калісьці прынясе свой плён.

Карыстацца сваёй свабодай па максімуму

Мяне зрабіла мужыком тое, калі на мяне апранулі кайданы. Тады я адчуў, што дзяцінства скончылася. Я перайшоў на іншую прыступку ўнутранага ўзросту. Маральна пасталеў. Але я яшчэ лепш зразумеў, што патрэбна карыстацца сваёй свабодай па максімуму. Нам перашкаджаюць жыць і працаваць унутраныя забабоны, няўпэўненасць у сабе і самацэнзура, якую мы самі сабе ўсталёўваем. Можна рабіць усё, абы гэта не супярэчыла крымінальнаму кодэксу. Лепш паспрабаваць, каб пасля крыўдна не было, што страціў магчымасць. Дрэнна, калі свабоду выкарыстоўваюць толькі на свае эгаістычныя патрэбы. Але чалавек павінен быць самаўпэўненым. Вось мая самаўпэўненасць шмат каго раздражняе. Але, калі б яе не было, я шмат бы не зрабіў у гэтым жыцці. Па пашпарце мне 20 год, а адчуваю я сябе на 24-25 гадоў. За той месяц, што быў за кратамі, я пасталеў на 4 гады. Кожны дзень, як месяц.

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0853 seconds.