Юра Стыльскі: «З’язджаць на хутары — гэта імпатэнскі двіж нейкі»

Днямі мы заехалі ў госці да лідэра «свежазабароненага» берасцейскага гурта «Дай дарогу!», Юры Стыльскі распавёў Generation.by пра тое, як бацюшка, з якім яны разам некалі панкавалі, цяпер чысціць яму мозг, чаму Менск — гэта вялікая вёска, а Берасце — еўрапейскі горад, чаму з’язджаць на хутары — гэта «імпатэнскі двіж нейкі», чаму плачуць супрацоўнікі «Еўраопт», як уцячы з лабірынтаў РАУС, навошта ў пакоі патрэбная вялікая груша і каму з берасцейскага гарвыканкаму пара ісці даіць кароваў.

*** 

Прыйшлі ў госці да Юрыя Стыльскага мы вельмі рана. Сталі каля дзвярэй і зрабілі некалькі глыбокіх удыхаў-выдыхаў, бо не кожны дзень мы ходзім у госці да вядомых на ўсю Беларусь панкаў, хто ведаў, як нас маглі сустрэць. Дзверы адчыніліся,  і перад намі паўстала постаць Юрыя Стыльскага, у такі ранні час ён выглядаў вельмі бадзёра, на твары свяцілася абаяльная ўсмешка.

Распарадку дня не маю ніякага. Бывае прачынаюся а 9-й, бывае аб 11-й. Не люблю, калі позна прачынаешся і няма паловы дня. А вось калі прачнешся рана — зробіш шмат, дык такі маленькі гонар з’яўляецца.

Вось на днях я прачнуўся вельмі рана і матулі кран рамантаваў, думай раней усё так складана там, але як атрымалася, дык зусім лёгка. У гэтым свеце ўсё так проста, усяму можна навучыцца. Потым паспеў і музыкай пазаймацца і з сябрамі паразмаўляць, а потым гляджу на гадзіннікі, а яшчэ і паловы дня не прайшло, а прыемна.

Пакуль мы крочылі на кухню піць гарбату з печывам, я паспела наступіць на хвост другому гаспадару кватэры, вялікаму і пухнатаму кату, які незадаволена прашыпеў, але з месца не сышоў, бо займаўся паглынаннем курынай галавы.

Вы не пужайцеся, ён не агрэсіўны, гэта Катапёс, ён самы лепшы кот у свеце. Знайшоў яго тут у двары, ён дарогу перабягаў у мінус 15, я вырашыў, што калі не выратую яго, то будзе яму капец. Вось і прыжыўся. Яго ўсе суседзі кормяць. Калі я з'язджаю на пэўны час, то ён яшчэ адну гаспадыню знаходзіць, перыядычна чысты прыходзіць, тыдзень можа дзесьці лазіць, а потым чысты і пахучы вяртаецца. Гасцей вельмі любіць. А яшчэ трывае, калі я яго мыю, бацька ж мые, ён у мяне сапраўдны самурай.

Забраўшыся на каленкі да гаспадара, Котапёс разваліўся, заплюшчыў вочы і драмаў пад нашу гутарку. А мы ў той час слухалі розныя страшылкі, пачынаючы ад наркаманіі і да таго, як Юра Стыльскі на мясакамбінаце працаваў.

Казалі, што я наркаман, што СНІД у мяне

Такія чуткі пра мяне былі, слоў няма. Толькі зараз пазбавіўся іх. Казалі, што я наркаман, што СНІД у мяне, але я не крыўджуся. Быў час, калі стасаваўся з сур’ёзнымі наркаманамі, бачыў як яны колюць вены, але гэта не маё. Какаін вельмі арыстакратычны наркотык, але на яго шмат грошай трэба, праўда не варта і з ім жартаваць, хоць ён і лічыцца дзіцячай прысыпкай, але я не разумею ў іх шмат.

У мяне наркотык — музыка. Музыкай я займаюся з 12 год, калі набыў акустычную гітару. У мяне з дзяцінства музыка навокал. Сястра заўсёды на піяніна грала, я рос пад Ліста ці «лунную санату». А вось стрыечныя браты зусім крутыя. Адзін у Кітаі выкладае скрыпку. А другі таксама на скрыпцы, але ў сімфанічным аркестры нашым грае.

Мяса гарачага паеў і сышоў

Музычнай адукацыі ў мяне няма. Трошкі маляваць атрымлівалася, і я вучыўся на столяра, які разьбой па дрэву займаецца. Потым думаю, навошта мне гэта, раней гэта рабіць было складана, гэта толькі зараз з’явіліся станкі, якія больш за людзей працуюць.

За фатэлем, мы заўважылі вялікае палатно, як высветлілася пазней, Юра паспяхова малюе.

Я яго загрунтаваў, але баюся абкакацца, яно такое вялікае, сюды столькі фарбаў патрэбна. Я імкнуся пачаць, але пакуль не ведаю, што намаляваць.

А ўвогуле дзе ж я толькі не працаваў. Але скажу адразу, трэба быць дзібілам, каб на будоўлі працаваць. Часова можна, як я, каля трох дзён, але потым нельга, усё. Там далёкія працуюць.

На мясакамбінат для прыгод таксама на тры дні ўладкаваўся аднойчы. Мяса гарачага паеў і сышоў, бо доля у іх там страшная. Я там такога наглядзеўся. Савдэпам смярдзіць жудасна, тушы паўсюль, нібыта ў моргу ты. Уявіце канвеер вялікі, там працуюць мужыкі з вялікімі жыватамі, з вёсак розных, а самыя галоўныя дык што робяць: бяруць выразаюць у тушы вялікі кавалак мяса, лепяць сабе на пуза, пасля апускаюць халат, пояс зацягваюць і ўсё, папёр. Вы толькі падумайце, якія нізкія рысы культывуюць ў сабе людзі. Я не змог бы там працаваць доўга. Паглядзіце, да чаго дзяржава давяла людзей.

Яшчэ я кухарам працаваў. Аднойчы прыйшоў у “Планету Рок” і сказаў, што кухарам у іх працаваць хачу. Мяне не ўзялі першы раз, бо ніякага разраду няма. Ну я яшчэ раз пайшоў, і кажу, што хачу і ўсё, але ізноў не ўзялі. Дык я іх зморам ўзяў на трэці раз, бо таму, хто стукае, дзверы заўсёды адчыняюць. І ўзялі мяне невядома кім, але форму выдалі. Цэлы месяц прапрацаваў у іх, пасля буракі спаліў — і мяне выперлі. Але пячатку ў працоўнай паставілі нібыта я ў іх кухаром працаваў. Пасля я ўладкаваўся ў рэстарацыю італьянскую. Дык я для іх залатым быў з маёй та працоўнай і вопытам працы. Але яны толькі год праіснавалі, у іх шмат ножыкаў патырылі. Я ў іх толькі, калі на дзембель сыходзіў, дык узяў адну вялікую талерку для піцы.

Гатаваць у выніку хоць навучыўся. У мяне тут фарш смачны ёсць, трэба нейкую сяброўку запрасіць, навучыць ляпіць нешта)).

Будзе хіт пра Еўраопт

Еўраопт таксама жудасная рэч. У мяне там сяброўка працуе, дык аклад там 2 мільёны, а з надбаўкай 3, але яе немагчыма атрымаць, бо за ўсякую дробязь у цябе адлічваюць грошы: забыў касу адключыць – на, мінус 200 тысяч. Там усе адзін на аднаго даносяць, такая сістэма, што пры любых умовах ты застаешся на двух мільёнах. Мая сяброўка кажа: «Юра, я кожны дзень плачу, што рабіць?» А я думаю, вось фігня якая, трэба хіт тэрмінова пісаць. Так што будзе хіт пра Еўраопт.

Пасля кубка гарбаты і ўжо пад’еўшы шакаладу, мы сталі сведкамі адной цікавай гісторыі, дзе Юры Стыльскі з аддзялення міліцыі ўцякаў.

Думаю: усё капец, трапіўся, будуць мяне як мацёрага пытаць

Так, я прымаў удзел у маўклівых акцыях. Нават у мянтоўку трапіў. Вынік — песня «Дзесяць мільёнаў». Але мне не далі штрафу, бо я як ніндзя ўцёк. Я падмануў усіх. Затрыманых пачкамі выпускалі ў прыбіральню, ну я і далучыўся да такіх, схапіў момант, калі мент замарудзіў і уцёк па лесвіцы ўніз. Там у іх такія барыкады, адтуль проста не выйсці. Хол вялікі, і па ўсяму перыметру дзверы, і фіг ведае, якую абраць, думаў, вось блін замануха. Адчыняю першыя дзверы, а там следчы сядзіць: «Вы хто такі?» – а я кажу яму: «Не-не, усё нармальна» – і думаю, усё капец, трапіўся, будуць мяне як мацёрага пытаць. Адчыняю наступныя дзверы, таксама фігня, добра што заўважыў калідор, па якому ў выніку выйшаў. Дык яшчэ і знаёмага мянта сустрэў,  і ён такі: «Ты што тут робіш?» – «Да вось на верх трапіў.» – «А-а-а, ведаю-ведаю, і што, адпусцілі?» – «Дакладна адпусцілі» – кажу, а ён не паверыў і нешта казаў, што па часу вінны яшчэ трымаць. Сапраўднае гестапа ж. Трошкі яшчэ з ім паразмаўляў і хуценька зваліў. Усе астатнія ў суд хадзілі, штрафы плацілі, а я — малайчына)). А яшчэ адзін знаёмы мяне ў аўтазаку вёз, нешта падміргнуў мне, я аж афігеў. Але мне да гэтай подлай улады справы няма. Я проста хачу быць бліжэй да народу, таму і хадзіў на акцыі.

Мы, дарэчы, знаходзіліся ў Юры як раз у той момант, калі пачалася непрыемная гісторыя з перашкодай арганізацыі канцэрту на men’s фэсце і наступствах, якія ў выніку прывялі да забароны выступаў гурта ў Берасці і Горадні.

Тут проста нейкія асабістыя рахункі

Я не разумею такога катэгарычнага і негатыўнага стаўлення з боку ўлады да нас. Тут проста нейкія асабістыя рахункі. Мы нічога страшнага не граем, кажам пра тое ж самае, што пішуць у газетах, толькі са сваёй званіцы. Пасля аднаго выступу, калі я па пояс распрануўся, а іншы музыка запаліў на сцэне, нас унеслі ў дрэнны спіс. Бо нібыта мы дрэнны прыклад паказваем, але што за трызненне? Абмяркоўвалі яны нас на сваіх партыйных сходах, зараз лічаць вялікім вугром, які жыццё ім псуе. Але аднойчы нам сам гарвыканкам грамату даў, і яна нават у мяне ёсць. Ну вось хто лепш за нас пабудуе мост з моладдзю? У іх была магчымасць з намі супрацоўнічаць, але ўсе затупілі. З намі ж заўсёды можна дамовіцца, у нас і песні нармальныя ёсць. Ну а пасля таго, як я запісаў на іх fuck, дык і пачаліся ўсе праблемы. Не тыя людзі ў нас ў гарвыканкаме сядзяць, каб моладдзю займацца, ім лепш ісці кароў даіць.

Юрый Стыльскі

Нефіг ныць і скавытаць

Я веру ў лепшае. Нефіг ныць і скавытаць. Калі нехта робіць, у таго тое і атрымліваецца. Калі дажыўся да галімага жыцця, дык сам вінаваты. Калі хочаш чагосьці, дык варта гэтай справе хоць пяць хвілін у дзень прысвяціць.

Ну і ўвогуле з Беларусі я з'язджаць не хачу.

Адсюль усе адукаваныя людзі з'язджаюць. Застаецца адно быдла, іх жа як завабліваюць : «Ідзі ў хакей пагуляй, але толькі не думай».

Менск — гэта вялікая вёска, а тут Еўропа побач, тут неяк лепш. Менск халодны такі і непрыемны. Але у Беларусі ўсё побач, таму праблем ездзіць туды-сюды няма.

Я займаюся музыкай і мне самаму хапае, яшчэ ёсць музычны электронны праект 4Kuba. Мяне з ім нават на выспы заносіла. Ледзь у ЗША не трапілі, але Міхалыч затупіў і ўсё. Ну яшчэ для рэкламы музыку пішу і агучваю яе. У мяне сям’і няма, каб шмат выдаткаў было.

Ну і ўвогуле з Беларусі я з’язджаць не хачу. У мяне тут усе сябры. Што я там рабіць буду? Там мы ніхто. Я тут нарадзіўся і ўсё. Колькі людзей з’ехала туды ў пошуках шчасця, але ўсё роўна не даганяюць іх менталітэт.

Туды можна хіба з каханай з’ехаць і пачаць новае жыццё, але я нікога не люблю, мне на ўсіх пофіг, вось толькі Катафэйча люблю (Катапёс). Малым калі быў, я яго не любіў, бо на ложак какаў, сапраўдны ж мужык.

На хутар, хоць гэта і модна, але таксама не хачу, я яшчэ не агародніна, каб туды ехаць. Гэта імпатэнскі двіж нейкі. Рыбалка, грыбы — таксама не маё. Можа і рамантыка ёсць у хутарах, кароўкі розныя, зямля, але не маё. Будзе год 50 – тады падумаю, але не зараз.

Нам патрэбныя здаровыя і тупыя

Уся беларуская музыка прыходзіць у занядбанне, ніхто не думае пра культуру.

Ну Саладуха зорка, але ў яго дыягназ. Ён дзіўны чалавек. Хацеў на яго канцэрт трапіць у Берасці, але не атрымалася. Ён бывае сябе так паводзіць нібыта на моцнай наркаце сядзіць. Ён такі смешны, што капец. Але трошкі сорамна, што ён прадстаўнік Беларусі.

У нас людзей да творчасці не заахвочваюць, пускаюць усё на самацёк. Ды ў спорце толькі хакей нармальна спансуецца, дакладна вось ведаю, што стрэльба ў дупе. Нам жа людзі патрэбныя, якія не думаюць. Тыя, хто займаецца культурай, яны ж развіваюцца, а нам патрэбныя здаровыя і тупыя. Больш рабоў ім трэба, каб працавалі і маўчалі. Тут па-мойму ужо ніхто нічога не зробіць.

І ўвогуле на Еўрабачанне не тыя людзі едуць. Усе нейкія незразумелыя, лепш бы мы паехалі))). Кліп зробім і паедзем, будзе ім ужо.

Я магу спяваць хіба на трасянскай

На беларускай мове складана спяваць, я магу спяваць хіба на трасянскай. Я мову беларускую паважаю, але размаўляць не магу. Ды й у школе настаўніца паспрыяла гэтай нелюбові. У мяне і з замежнымі мовамі цяжка, я тарабаншчыну гэтую вучыць не магу. Так склалася, што не прывучылі мяне да мовы.

Я веруючы чалавек, бо ў каго тут яшчэ верыць? Да мяне перыядычна прыходзіць сябар мой бацюшка і чысціць мне мозг. Мы разам панкавалі з ім, а потым ён пайшоў у духоўную акадэмію. Прышпільны чалавек.

Мы дапілі гарбату і перамясціліся ў залу з карцінамі, рознымі ўзнагародамі ды іншымі цікавосткамі.

Бывала, што і станікі кідалі

Шмат дораць на канцэртах, бывала, што і станікі кідалі. Сяброў у мяне шмат, якія нешта то прэзентуюць, то дораць, але даволі часта не хапае часу вылучыць ім хвілінку, пэўна думаюць, што я казёл нейкі.

Вось гэтага ільвяняці мне падаравала сяброўка. Гэта нібыта я ў такой своеасаблівай інтэрпрэтацыі. Класны вельмі, у яго ў штанах яшчэ цыдулка ляжыць. Я проста цікавіўся, ці ёсць у яго піпіська ці хвост які, і нечакана знайшоў гэтую цыдулку. Там напісана, што ён выганяе стомленасць і расчараванне. У яго нават пацеркі такія на шыі як ў мяне амаль, татуяванне ёсць, бы ў мяне, так што ўсё як трэба.

Думаў, ампутацыя будзе

Сваё татуяванне я сам сабе набіў. Сябрам біў нават. Але потым зразумеў,што не маё, бо аднойчы сябру інфекцыю нейкую занёс і ў яго нага моцна распухла. Думаў, ампутацыя будзе, але абышлося, пухліна сышла. Працаваць з крывёй вельмі небяспечна. Усё вінна быць вельмі сур’ёзна. Бо за такія касякі прыязджаюць і рукі ломяць. Зараз татуяванне ўва ўсіх, ужо нават нецікава і непрыгожа.

Пабачылі мы і вялікую грушу, на якой Юра рыхтуецца на той выпадак, калі спатрэбіцца трэснуць каму.

Рукі і косці ў мяне вельмі худыя. Біць раней нармальна не мог, але мужчына ж вінен умець стукнуць каму, таму зараз ужо трэснуць добра магу, калі спатрэбіцца, хоць у спакойны час жывём.

У калідоры намі быў заўважаны прыгожы «жалезны конь» і канькі, таму не атрымалася ў нас прайсці побач і не выпытаць пра іх некалькі словаў.

Ровар — гібрыд, ён вельмі хуткі. Я яго з Польшчы прывёз. Наездзіў на ім, як два разы да Масквы. Калі ты ў горадзе жывеш, то нафіг горнік, на ім хіба па лесе ездзіць. Хоць мой мала чым ад горніка адрозніваецца, але мой зручней, пасадка лепш і гарбатым на ім не станеш. Яшчэ на каньках катаюся, але не часта выбіраюся кудысьці, ды й ўвогуле катаюся я на каньках як каліч.

А яшчэ Юры Стыльскі мае мікраскоп, у які разглядае і знаёміцца з рознымі казуркамі і навакольным мікрасветам. І мы не згубілі магчымасці паглядзець на тое, як выглядае ўжо не жывая мошка. Пад выклікі захаплення і засяроджаным аналізам частак цела падвопытнай мошкі мы і не заўважылі, як перад намі паставілі талеркі з макаронамі. Так і скончылася наша размова з Юрам на кухні, каштуючы смачныя макароны з мясным фаршам, мы слухалі мурлыкі Катафея і са сквапнасцю ўбіралі ў сябе атмасферу гэтай кватэры і прыемныя ўражанні ад гутаркі.

Фотаздымкі: Юля Fox 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0832 seconds.