Праграма «Эразмус» можа быць значна скарочаная

Больш за 100 вядомых еўрапейцаў са сфераў адукацыі, мастацтва, эканомікі і іншых галінаў звярнуліся да кіраўніцтва Еўрасаюза з адкрытым лістом у падтрымку праграмы студэнцкага абмену «Эразмус». Грамадскасць непакоіцца, што праграма, якая дзейнічае больш за 25 гадоў і якая ўжо дазволіла больш як тром мільёнам студэнтаў атрымаць адукацыю за мяжой, можа быць скарочаная ў мэтах эканоміі.

Адкрыты ліст з’явіўся пасля паведамлення аб тым, што Еўрапейская камісія і нацыянальныя ўрады не могуць дамовіцца аб бюджэце ЕС на 2013, паведамляе EurActiv. 9 лістапада стала вядома, што перамовы праваліліся, бо ўрады, найперш багатых краін, адмовіліся вылучаць дадатковыя 9 млрд. еўра, якія мусяць пайсці ў тым ліку і на падтрымку «Эразмус».

Краіны ЕС, з наўпроставых унёскаў якіх складаецца бюджэт Еўрасаюзу, лічаць, што Брусель «павінен навучыцца жыць па сродках», у перыяд крызісу, калі ён сам патрабуе ад краін ЕС бюджэтнай дысцыпліны.

Калі Еўракамісія не здолее адстаяць свае пазіцыі, праграма абмену можа быць значна скарочаная. Пацярпець могуць і беларускія студэнты, што ўдзельнічаюць у працягу праграмы на трэція краіны «Еразмус Мундус». Штогод для беларускіх студэнтаў вылучаецца некалькі дзясяткаў стыпендый для таго, каб яны маглі паехаць на семестр ці два на навучанне ў адну з краін ЕС.

Магчымым скарачэннем бюджэтаў адукацыйных праграм занепакоіліся і выбітныя еўрапейцы. Адкрыты ліст да кіраўніцтва Еўрасаюзу падпісалі ў тым ліку гішпанскі рэжысёр Пэдра Альмадовар, прэзідэнт футбольнага клубу «Барселона» Сандра Росэл, нобелеўскі лаўрэат і нават алімпійскія чэмпіёны.

У лісце адзначаецца, што праграма «Эразмус для ўсіх», якая мусіць у 2014 годзе прыйсці на замену «Эразмус» і «Эразмус Мундус», каштуе меней за 2% супальнасцёвага бюджэту ЕС, што не так шмат параўнальна з магчымымі выгодамі.

Ці захавае ЕС знакамітую праграму абмену, стане вядома пасля сустрэчы прэзідэнтаў і кіраўнікоў урадаў краін ЕС 22–23 лістапада.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0728 seconds.