Тры гадзіны музычнага эксперымента сярод Ленінаў і хіпсцераў

Другі фестываль эксперыментальнай музыкі «ТриКо» прайшоў як і ў мінулым годзе сярод Ленінаў і гурманаў жывой музыкі. Наогул публіка складалася напалову з медыйных асобаў і знатакоў інструментальнай музыкі — напалову з хіпсцераў. 

Пачаў канцэрт вядомы па праекце Gurzuf (які знаходзіцца ў творчым адпачынку) акардэаніст Ягор Забелаў. Ён прадставіў свой новы праект Yegor Zabelov Trio — гарманічнае спалучэнне ўдарных і бас-гітары з віртуознай ігрой на акардэоне. Трыо, хоць і стварылася зусім нядаўна, аднак ужо паспела праехацца па еўрапейскіх фэстах са сваёй музыкай да нямога фільма «Голем», які адначасова дарэчы паказваўся ў кінатэатры «Ракета», але пад музыку нейкага I/DEX. 

«Фэстываль — гэта спроба пазнаёміць слухачоў з беларускай эксперыментальнай сцэнай і пазнаёміць з такімі пульсыўнымі праектамі. Калектывы абіраліся па прафесійным узроўні. Таксама мы абіралі гурты, якія цяжка аднесці да пэўнага стылю, бо гэта эксперыменты», — кажа арганізатар фэсту Сяргей Долгушаў, які ўсім калектывам падараваў невядома навошта чорныя трыко.

Другі ўдзельнік — Five-Storey Ensemble, што ў перакладзе значыць «пяціпавярховы ансамбль», на думку некаторых слухачоў цалкам адпавядае свайму назову, бо «музыка сапраўды пяціпавярховая, а то і мае болей паверхаў». Музыкі даволі смела эксперыментавалі з акадэмічнай музыкай, выкарыстоўваючы пры гэтым пяшчотны жаночы і моцны мужчынскі галасы.  

«Мы спяваем скульптурам у твар, напрыклад, Сталіну вершы паэтаў, якіх па сутнасці ён забіў: Вядзенскага, Хармса»,— кажуць музыкі з Five-Storey Ensemble.

Скончылі фэст салігорскія «апельсінавыя мухі» Mouches a l'orange, якія сёлета патрапілі на сусветную складанку псіхадэлічнай музыкі. Апошнія гукі сумесі жывой і электроннай музыкі, якая суправаджалася зоркавым відэашэрагам на столі, завершылі тры гадзіны надзвычайнай музычнай падзеі. 

Фота: Юля Fox

Болей здымкаў з фэсту эксперыментальнай музыкі «ТриКо»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2916 seconds.