Размеркаваныя выпускнікі бягуць з вёскі ў міліцыю

Менская абласная арганізацыя прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу апублікавала вынікі ананімнага анкетавання маладых спецыялістаў, што былі размеркаваныя ў вёскі на два гады ці год. Высветлілася, што большасць адразу пасля сканчэння размеркавання збіраецца сысці нават з самых высокіх пасадаў у калгасах з-за хамства кіраўніцтва, нізкіх заробкаў і бытавой неўладкаванасці.


«Маладыя хлопцы сыходзяць на працу ў міліцыю, забыўшыся на дыплом і любоў да роднай зямелькі», — паведамляе сайт ВД «Проф-прес». Да такой высновы прафсаюзныя працаўнікі прыйшлі пасля азнаямлення з вынікамі ананімнага анкетавання размеркаваных студэнтаў.

Прафсаюзнікі атрымалі, па іх прызнанні, «вельмі нечаканы адказ» на пытанне, чаму прымусова размеркаваныя выпускнікі не хочуць заставацца пасля адпрацоўкі ў калгасах.

«З-за грубасці і хамства кіраўніка, з-за няўвагі да праблем спецыяліста» з’язджаюць маладыя спецыялісты з вёсак. Цікава, што гэтая праблема бянтэжыць іх нават болей за адсутнасць бытавых выгодаў і забаваў.

Як кажа старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Навумчык, з ранняй вясны да позняй восені маладым спецыялістам даводзіцца працаваць па 10–12 гадзін у суткі. І атрымліваць за гэта па 2 ці нават 1.5 млн. рублёў.

Пры гэтым шмат хто не мае службовага жылля. Таму хату ў вёсцы даводзіцца здымаць. У выніку, нават высокія пасады галоўнага ветурача або бухгалтара не прывабліваюць маладых людзей.

Паводле дадзеных 2011 году, пасля размеркавання з вёскі бягуць 56% выпускнікоў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0943 seconds.