Як жывецца нямецкаму студэнту ў беларускім інтэрнаце? Блог Яна-Хенрыка Вібэ

Ян-Хенрык Вібэ — 24-гадовы студэнт паліталогіі ўніверсітэту Фрыдрыха Шылера ў Ене, што на ўсходзе Нямеччыны, упершыню трапіў у Беларусь у верасні мінулага году. Сюды ён прыехаў, каб вывучаць расейскую мову і паліталогію на Факультэце міжнародных адносінаў БДУ. Адразу пасля прыезду ў Менск Ян-Хенрык пачаў пісаць дзённік, выбранымі месцамі з якога вырашыў падзяліцца і з беларускімі чытачамі. Сёння мы публікуем допіс, у якім Ян расказвае пра свае ўражанні ад студэнцкага інтэрнату, дзеліцца думкамі пра беларускую інтэрнэт-цэнзуру і робіць здагадкі пра тое, хто такая «загадчыца паверху».

Прывілеі замежных студэнтаў

Панэльныя будынкі ў Нямеччыне часта звязваюцца з негатыўнымі словамі. Раёны з панэльнымі будынкамі лічацца ў Заходняй Еўропе сацыяльна небяспечным месцам, і там самохаць мала хто хоча жыць. Ва Ўсходняй Еўропе, у тым ліку ў Беларусі, усё па-іншаму. Амаль кожны жыве ў «панэлі». І большасць студэнцкіх інтэрнатаў пабудавана такім чынам.

Трынаццаціпавярховы будынак «Інтэрнату № 2» быў пабудаваны ў 1974 годзе, а ў 2004 адрамантаваны (згодна з нямецкай сістэмай нумарацыі будынак мае 12 паверхаў). Якому студэнту які інтэрнат патрапіць — залежыць ад факультэта. Замежныя гасцявыя студэнты атрымліваюць асалоду ад прывілея жыць у гэтым адрамантаваным інтэрнаце непадалёк ад цэнтра гораду на вуліцы Кастрычніцкай. Адсюль 10 хвілінаў пешшу да Палаца Рэспублікі.

На ўваходзе сядзіць часцей за ўсё старая жанчына, якая кантралюе, хто ўваходзіць. Афіцыйна інтэрнат адкрыты да 24 гадзін, пасля могуць ўвайсці толькі тыя, хто мае добрыя стасункі з вахцёркай, але я б не наважыўся. І далёка не натуральна тое, што ўсе тры ліфты працуюць. Я яшчэ ніколі не захрасаў у ліфце, але, каб патрапіць на восьмы паверх, дзе я жыву, мне часцяком даводзілася карыстацца лесвіцай.

Каб працаваў Інтэрнэт, на камп’ютары мусіць быць усталяваная адмысловая праграма. У тое, што яна запісвае сайты, якія я наведваю, я не веру, аднак добрага прадчування тым не менш не маю. Тое, што за Інтэрнэтам могуць сачыць, і хутчэй за ўсё сочаць, гэта зразумела, тым больш улетку Ericsson выпусціў новую тэхніку, якая робіць DPI (Deep Packet Inspection) магчымым [тэхналогія «Глыбокай праверкі пакету» дазваляе фільтраваць інфармацыю, якую карыстальнік атрымлівае на ўласны камп’ютар, і, такім чынам, робіць магчымай інтэрнэт-цэнзуру — заўвага Generation.by].

Пах ежы, смеццеправод і недахоп уласнай прасторы

З 15 кастрычніка ў нас нават з’явілася ацяпленне (яно цэнтралізаванае). Гэта быў дзень, калі ў цэлым Мінску ўключылі ацяпленне, незалежна ад таго, цёпла ці холадна на вуліцы. Калі ў пакоі занадта цёпла, адчыняецца акно.

На кожным паверсе ёсць кухня з некалькімі плітамі і духоўкамі і пакой для «загадчыцы паверху», як яе называем мы, немцы (дакладныя ейныя функцыі мы яшчэ не высветлілі), і, што самае зручнае, смеццеправод, дзе знікае ўсё смецце. Пра паасобны збор смецця тут ніхто не чуў. «Загадчыца паверху» на нашым паверсе заўсёды ветлівая, пытаецца, ці ўсё добра, і нагадвае кожны раз нам прыбірацца, хаця ў нас з маім суседам усё дастаткова чыста. У інтэрнаце акрамя гэтага ёсць спартовая зала, пакой для навучання, пакой з тэлевізарам і шмат іншых пакояў, дзе можна бавіць вольны час. З кухні чуецца часцяком моцны пах ежы. Здараецца, што ўвечары кожны паверх пахне па-рознаму.

Да таго, як сюды прыехаць, я меркаваў, што студэнты, якія прыехалі навучацца па абмене, жывуць у асобным пакоі. На жаль, я памыляўся. Цяпер я жыву з іншым немцам у адным пакоі, гэта часта няпроста з прычыны недахопу прыватнай прасторы. Уласна кажучы, з намі яшчэ мусіў жыць трэці немец, аднак ён, на шчасце, жыве ў сваёй сяброўкі.

З суседнім пакоем мы дзелім лазенку, якая знаходзіцца ў вітальні, што паміж калідорам і нашым пакоем. Нашыя суседзі абодва з Паўднёвай Карэі, яны вельмі ветлівыя і таварыскія, але мы няшмат з імі стасуемся.

У цэлым мне пашчасціла, бо бываюць інтэрнаты, дзе студэнты жывуць учатырох у адным пакоі. У інтэрнаце, дзе я ночыў першыя два дні, прыбіральня знаходзілася на калідоры, а душ у склепе. У цяперашнім інтэрнаце на гэта я не магу паскардзіцца, але ж мець уласны пакой было б файна.

Чытайце ў блогу Яна-Хенрыка Вібэ па-беларуску

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1312 seconds.