Новы рост адукацыйных коштаў: студэнты заплацяць на мільён болей

Праз некалькі дзён пасля рашэння ўраду падвысіць заробкі міністр адукацыі заявіў аб новым росце адукацыйных коштаў. Гэтым разам яны ўздымуцца на 6.7% ці на 600 000 — 1 000 000 рублёў у год у залежнасці ад універсітэту.

«Услед за павелічэннем тарыфнай стаўкі першага разраду павінныя вырасці і заробкі прафесарска-выкладчыцкага саставу. А значыць, плата за навучанне будзе пераглядацца», — заявіў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч у інтэрв’ю «Звяздзе».

Дакладныя лічбы яшчэ не абвешчаныя, хаця ўніверсітэты ўжо перадалі свае прапановы па новых расцэнках Мінадукацыі.

«Мяркую, што плата за навучанне ўзрасце прапарцыянальна росту заробкаў», — кажа Маскевіч. Тарыфная стаўка ўзнялася з 1 студзеня на 6.7% з 225 да 240 тысячаў. Гэта значыць, што і новая плата за адукацыю з Новага году (як заўжды, «заднім чыслом»), вырасце прыкладна на 6–7%.

Мацней за ўсё павелічэнне адаб’ецца на тых, хто плаціць за адукацыю болей за ўсіх. Гэта студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту.

Да прыкладу, сярэдняя плата за адукацыю для першакурсніка БДУІР у год складае 14 700 000 рублёў. З 1 студзеня яна, верагодна, вырасце да 15.7 млн. Тое ж і з самай дарагой адукацыяй, якую можна атрымаць у БДУ: яна вырасце ў цане на мільён будзе цяпер каштаваць 16 млн. У БДЭУ максімальныя расцэнкі ўздымуцца да 12.38 млн. (прыкладна на 900 тысячаў).

Не адстаюць і рэгіянальныя ўніверсітэты. У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава новыя расцэнкі на спецыяльнасці «правазнаўства» будуць роўныя прыкладна 13.1 млн., на астатніх спецыяльнасцях — 11.6 млн.

Сёлета гэта першае падвышэнне коштаў на вышэйшую адукацыю ў краіне. У мінулым годзе яна даражэла тройчы. Найбольш значны рост адбыўся напярэдадні пачатку навучання: у жніўні некаторыя ўніверсітэты пачалі патрабаваць ад студэнтаў на 61% грошай болей, чым раней.

У выніку паводле вынікаў мінулага году беларуская адукацыя выйшла на першае месца ў Еўропе паводле хуткасці росту цэнаў у нацыянальнай валюце.

Рост коштаў у Мінадукацыі звыкла тлумачаць ростам заробкаў выкладчыкаў. «Аднак не варта думаць, што ўсе грошы, якія ўносяцца студэнтамі платнай формы навучання, ідуць на заробкі выкладчыкам», — кажа міністр адукацыі. Паводле яго, вялікую частку затратаў кампенсуе дзяржава (цяпер, нібыта, 42% усіх выдаткаў на платнікаў). Але ў любым разе найчасцей узняццё заробкаў на працэнт цягне за сабой гэткі самы рост адукацыйных коштаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0707 seconds.