У БДУІР 4 гады будуць вучыць пісаць праграмы для айфону

У Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі сур’ёзна непакояцца за будучае сваіх выпускнікоў. Кажуць, хутка звычайных кампутараў і лэптопаў стане вельмі мала. А заменяць іх смартфоны і планшэты кшталту айфонаў і андроідаў. Каб падрыхтавацца да гэткіх глабальных зменаў студэнтам і прапанавалі павучыцца на адпаведнай спецыяльнасці.


Цяпер беларускія праграмісты будуць ведаць, што рабіць з айфонам. Шкада, не ўсе беларусы змогуць ацаніць іхнія поспехі: цана апошняй мадэлі смартфону ад Apple даходзіць у нас да $1300

«Спецыялісты прагназуюць, што літаральна праз пару гадоў адбудзецца рэзкі спад вытворчасці кампутараў і ноўтбукаў, іх заменяць мабільныя прылады. Патрэба ў распрацоўшчыках праграмнага забеспячэння для іх будзе павялічвацца», — кажа дэкан факультэту кампутарнага праектавання БДУІР, на якім адчыніцца новая спецыяльнасць, Сяргей Дзік.

Студэнты «праграмуемых мабільных сістэм» (як кажуць ва ўніверсітэце, пакуль адзінае такой спецыяльнасці ў краіне) змогуць навучыцца распрацоўцы апаратнай частцы і праграмаванню мабільных прыладаў на базе Android, WindowsPhone, iOS, Linux і іншых тэхналогіях, на якіх цяпер працуюць смартфоны і планшэты.

Вучыць будуць, як кажа спадар Дзік, з выкарыстаннем «самых сучасных тэхналогій». Напрыклад, праз «відэа-канферэнц-сувязь з вядучымі замежнымі ІТ-кампаніямі і ўніверсітэтамі». Працэс навучання паводле інфармацыі БелТА зойме 4 гады.

Што праўда, набор на новую спецыяльнасць пакуль плануецца невялікі. 15 чалавек будуць вучыцца за грошы дзяржавы, у два разы болей будуць плаціць самі. Паступаць на спецыяльнасць можна будзе ўжо з гэтага году, разабраўшыся ва ўступных іспытах па матэматыцы, фізіцы, рускай або беларускай мовах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0921 seconds.