Рамантыка па Стыльскаму

Падаецца, так нядаўна, яшчэ ў верасні берасцейскія панкі запальвалі на сцэне Re:Public, учора іх выступ быў не менш крутым і пякельным па энергетыцы. Чакаючы музыкаў (канцэрт пачаўся амаль на гадзіну пазней), фанаты заўзята спявалі іх песні. Рэдка такое можна сустрэць на выступах беларускіх зорак. Музыкі традыцыйна выйшлі з падарункамі. У публіку ляцелі бананы, паштоўкі, цукеркі ды цішотка з надпісам «Дай дарогу!». Дзве з паловай гадзіны натоўп разам з ягоным лідарам Юрам Стыльскім спяваў старыя хіты і амаль усе песні з апошняга альбома.

«Дай дарогу!» сталі вядомымі ў сваім родным горадзе яшчэ да таго, як сталічныя эксперты ў музыцы звярнулі на іх увагу. У пачатку 2000-х ледзь не кожны школьнік, калі не напяваў культавую «Прыгай в коляску!», то прынамсі ведаў, што гэта за такія хуліганы «ДД» і з чым іх ядуць. Зрэшты, малая ўвага медыяў да музыкаў іх не надта турбавала, іх творчасць працягвала распаўсюджвацца сярод прыпанкаваных школьнікаў, паступова даходзячы і да моладзевай інтэлігенцыі.

Тэмы песень, як сцвярджаюць самі музыкі, далёкія ад палітыкі, іх турбуе сацыалка, бытавуха. Аднак, палітыка праходзіць чырвонай ніткай праз усю іх творчасць і з песнямі звязана, хоць і ўскосна. Юра Стыльскі даказвае ўсім, што ён просты хлапец з раёну, таму адпаведна ён і не падымае ў сваёй творчасці пытанні ідэнтычнасці беларусаў ці тэмы гістарычнай справядлівасці. У яго простыя, часам павучальныя, часам дасціпныя песні, з лёгкім тролінгам, як песня  «По синему», перад выкананнем  якой Стыльскі заявіў:

«Гэта не прапаганда, я наагул не п’ю. Неяк піў ды сапсаваў сабе страўнік».

З наступнай песняй «Температура» рамантычны настрой распаўсюдзіўся сярод прысутных парачак. Дайдарожныя песні пра каханне — гэта наагул такая сваеасаблівая «рамантыка па Стыльскаму», дзёрзкая і прыпанкаваная.

Канцэрт скончыўся рок-н-рольным «Специалистам», і публіка засталася ў захапленні. Пасля сабраўся натоўп за аўтографам да Стыльскага, дзяўчаты цмокалі яго ў шчаку, а ён распісваўся ім на грудзях. Некаторым хлопцам лідар ДД распісаўся нават у пашпарце. Гурт рыхтуе новую акустычную праграму, якую мусілі зайграць 17 лютага на чарговым «Бульбокс-LIVE», але канцэрт раптоўна адмянілі, музыкі ўсё ж спадзяюцца хутка прадставіць яе ў Менску. 


Болей фота з канцэрту ў фотаблогу: «Берасцейскія панкі кідаліся цукеркамі»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.