Беларускія ўніверсітэты засталіся без рэпутацыі

Times Higher Education апублікаваў рэйтынг 100 універсітэтаў свету з найлепшай рэпутацыяй. У сотню трапіў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, а вось Беларускаму дзяржаўнаму, гэтак сама як і ўсім іншым ВНУ Беларусі месца ў ёй не знайшлося.

Times Higher Education штогод публікуе шэраг адукацыйных рэйтынгаў. Гэта і лепшыя 400 ВНУ свету, і лепшыя 50 «новых» універсітэтаў. Учора быў абвешчаны спіс 100 універсітэтаў з найлепшай рэпутацыяй сярод топавых навукоўцаў з найбольшым аўтарытэтам. Складальнікі рэйтынгу пагаджаюцца, што спіс суб’ектыўны, але кажуць, што ніхто не можа ацаніць рэпутацыю ВНУ лепей за саміх навукоўцаў.

Беларускім ВНУ не шанціць у рэйтынгах Times. Аднак апошнімі гадамі ў іх даволі нядрэнна атрымлівацца прасочвацца ў спісы лепшых, якія складаюцца ў Гішпаніі і Вялікабрытаніі. Да прыкладу, у мінулым годзе БДУ упершыню прабіўся ў перадапошнюю сотню рэйтынгу 700 лепшых універсітэтаў свету Quacquarelli Symonds. З чым звязаныя поспехі беларускіх ВНУ у сусветных рэйтынгах — даследаванне Generation.by

Першая дзясятка лепшых універсітэтаў свету ў «рэйтынгу рэпутацыі»

  1. Гарвардскі ўніверсітэт (ЗША)
  2. Масачусэцкі тэхналагічны інстытут (ЗША)
  3. Кембрыджскі ўніверсітэт (Вялікабрытанія)
  4. Оксфардскі ўніверсітэт (Вялікабрытанія)
  5. Універсітэт Берклі (Каліфорнія, ЗША)
  6. Стэнфардскі ўніверсітэт (ЗША)
  7. Прынстанскі ўніверсітэт (ЗША)
  8. Каліфарнійскі ўніверсітэт Лос-Анджэлесу (ЗША)
  9. Такійскі ўніверсітэт (Японія)
  10. Ельскі ўніверсітэт (ЗША)

Зрэшты, няма ў сотні ВНУ з найвышэйшай рэпутацыяй універсітэтаў і з іншых краін з нашага рэгіёну. Акрамя МДУ туды не трапілі ні польскія, ні ўкраінскія, ні літоўскія ВНУ. Аднак перад гэтымі ўніверсітэтамі, у адрозненні ад беларускіх, не стаіць амбітная задача ўвайсці ў лік 300 лепшых у свеце. Менавіта такія планы агучыў нядаўна рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

Што да лепшых у свеце, то лідэрства ў World Reputation Ratings ужо трэці год ўтрымлівае Гарвардскі ўніверсітэт, якому саступаюць Масачусэцкі тэхналагічны інстытут і Кембрыджскі ўніверсітэт. Тэндэнцыяй апошніх гадоў стаў значны рост прысутнасці ў рэйтынгу азіяцкіх ВНУ. Чытайце на Generatio.by пра тое, як жывецца беларускім студэнтам у кітайскіх універсітэтах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0821 seconds.