Універсітэты хочуць яшчэ большага росту коштаў на адукацыю

У канцы зімы міністр адукацыі Сяргей Маскевіч выступаў ужо з знаёмай мантрай: заробкі выкладчыкаў і іншыя выдаткі на навучанне растуць, грошай не хапае, таму расцэнкі на адукацыю трэба зноўку ўздымаць яшчэ на «8–10%». Кіраўніцтву ўніверсітэтаў ідэя не спадабалася: яны хочуць росту на 50% большага за агучаны.

З мінулым узняццем коштаў, якое Маскевіч запланаваў на студзень 2013, не выйшла: тады нечакана за студэнтаў (ці супраць публічнага абвяшчэння планаў аб росце цэнаў) выступіў Лукашэнка. У студзені рост чакаўся параўнальна невялікім — не болей за 7%.

Некалькі тыдняў таму Сяргей Маскевіч зноўку ўзняў непапулярную тэму:

«Павялічылася на 7% стаўка першага разраду. Трэба больш выплачваць зарплату выкладчыкам. Хоць яна і так невялікая — крыху больш за 5 млн.», — заявіў міністр.

Маскевіч прапанаваў падняць кошты на 10%. У выніку самая дарагая пасля медыцынскай адукацыя ў краіне, якую даюць на факультэце міжнародных адносінаў БДУ, мусіць каштаваць прыкладна 16.5 млн. рублёў ці $1 916 замест цяперашніх $1 736. У іншай дарагой ВНУ — Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі — цана адукацыі можа вырасці да $1 869. Чытайце даследаванне Generation.by Беларуская адукацыя ізноў першая паводле росту коштаў у Еўропе.

Аднак у саміх універсітэтах лічбамі незадаволеныя. Там гавораць пра 15-працэнтнае падаражанне.

«Трэба павышаць на 15%. Неабходна павышаць, але дазвол яшчэ з Міністэрства адукацыі не прыйшоў. Магчыма, з 1 красавіка», — заявілі Еўрарадыё ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

У БДУ таксама скардзяцца на надта «нізкія» кошты на навучанне. Кажуць, што пакуль універсітэты «выжываюць» за кошт папярэдніх запасаў:

«Некаторыя спецыяльнасці мы пакрываем за кошт прыбытку, што назбіраўся. Заробак вырас, камунальныя плацяжы выраслі, кошты на ўсё выраслі, а плата за навучанне не змянілася».

Пра страты кажуць і ў іншых універсітэтах. Аднак узняць кошты сёлета пакуль асмеліліся толькі прыватныя ВНУ: там адукацыя падаражэла ў сярэднім на 200 тыс. рублёў.

Калі пераможа меркаванне ўніверсітэтаў, то плата за адукацыю ў тым жа БДУ можа ўзняцца да рэкордных $2 000. Такім чынам, студэнт-платнік за чатыры гады ў галоўным універсітэце краіне змог бы набыць на грошы, выдаткаваныя на навучанне, чатыры люстэркавыя фотаапараты Canon 5D mark II. Зрэшты, падвышэння пакуль можа не адбыцца ўвогуле: Лукашэнка паказальна выступае супраць яго і крытыкуе міністра адукацыі за любыя словы, дзе гучыць намёк на тое, што студэнты будуць плаціць болей.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0638 seconds.