Бясплатныя супер-інтэнсіўныя курсы па вывучэнні замежных моў прэзентавалі ў Менску

Праект для беларускай моладзі з рамантычнай назвай «Карані і вершаліны» стартаваў сёння. 300 беларусаў атрымаюць магчымасць вывучыць англійскую, нямецкую або французскую мовы за грошы Еўрапейскага Саюза, папрактыкаваўшыся ў непасрэдным моўным асяродку: у Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі. Падрабязнасці пра ход рэалізацыі і пра тое, хто зможа трапіць на бесплатныя супер-інтэнсіўныя курсы, Generation.by даведаўся ў арганізатраў праекту — Інстытута імя Гётэ.

Адукацыйны праект «Карані і вершаліны» дае магчымасць маладым людзям (узростам ад 18 да 31) бясплатна вывучыць французскую, англійскую альбо нямецкую мовы. Неабходныя патрабаванні: валоданне замежнай мовай не ніжэй пачатковага узроўню А2 (разумець простыя і часта ўжывальныя выразы, быць здольным распавесці крыху пра сябе), актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны, а таксама надзвычайная цікаўнасць да Еўрапейскага Саюзу.

Прыём заявак на курсы стартаваў сёння і завершыцца 15 красавіка. Заняткі пачнуцца ўжо ў ліпені і працягнуцца да верасня 2013 (для нямецкай і французскай моў) і да ліпеня 2014 (для англійскай мовы).

«Сёння ўсе скардзяцца на недахоп часу, але гэтыя 11 тыдняў вартыя таго. Калі б я ў свой час ахвяраў 11 тыдняў свайго жыцця на вывучэнне рускай мовы, сёння я размаўляў бы без перакладчыка», — разважаў на прэзентацыі дырэктар Істытуту імя Гётэ ў Менску і галоўны натхняльнік праекту Франк Баўман.

Заняткі інтенсіўных курсаў будуць адбывацца 5 разоў на тыдзень па 8 гадзін, дадаткова ў наведавальнікаў курсаў будзе магчымасць атрымаць бясплатную кансультацыю ад выкладчыка індывідуальна. Па заканчэнні курса наведвальнікі мусяць падвысіць валоданне замежнай мовай на два ўзроўні. Таксама заняткі прадугледжваюць дыскусіі на актуальныя тэмы Еўрапейскага Саюза. 

Праграма праекта

Нямецкая мова

  • 24 чэрвеня - 19 ліпеня 2013 г. — супер-інтэнсіўныя моўныя курсы ў Інстытуце імя Гётэ ў Менску. Выкладчыкі — супрацоўнікі Інстыту Гётэ ў Менску.
  • 4 - 31 жніўня 2013 г. — супер-інтэнсіўныя моўныя курсы ў Нямеччыне (Брэмен, Дрэздэн, Швэбіш-Халь). Выкладчыкі — носьбіты мовы, супрацоўнікі Інстыту Гёте ў Нямеччыне. 
  • 31 жніўня - 6 верасня 2013 г. — культурная праграма ў Берліне.

Французская мова

  • 24 чэрвеня - 19 ліпеня 2013 г. — супер-інтэнсіўныя моўныя курсы ў Інстытуце імя Гётэ ў Менску. Выкладчыкі дасылаюцца ад Alliance française у Кішынёве.
  • 18 жніўня - 13 верасня 2013 г.— супер-інтэнсіўныя моўныя курсы ў Францыі (Фрэжус). Выкладчыкі — носьбіты мовы.
  • 13 - 18 верасня 2013 г.— культурная праграма ў Страсбургу.

Англійская мова

  • 1 - 26 ліпеня 2013 г.— супер-інтэнсіўныя моўныя курсы ў Кракаве. Выкладчыкі прадастаўляюцца польскім адзелам British Council
  • ліпень 2013 г. – ліпень 2014 г.— онлайн-курс англійскай мовы;
  • ліпень 2014 г. — супер-інтэнсіўныя моўныя курсы ў Польшчы (Кракаў/Варшава) і паездка 50 самых актыўных удзельнікаў у Кардзіф (Вялікабрытанія).

Анкеты і падрабязная інфармацыя на сайце Істытуту імя Гётэ ў Менску. 

Для французскай і нямецкай моў адбіраецца 45 маладых людзей з усёй Беларусі, курс цягнецца некалькі тыдняў (3 тыдні ў Менску + 4 тыдні ў Нямеччыне/Францыі + тыдзень культурнай праграмы ў Берліне/Страсбургу), у 2014 паўторна прымаюцца заяўкі на ўдзел. Для англійскай мовы адбіраецца 120 чалавек, курс доўжыцца год (4 тыдня ў Кракаве, далей анлайн-навучанне). У лістападзе 2014 года адбудзецца заключная сустрэча ўсіх 300 удзельнікаў праекта «Карані і вершаліны» у Вільні.

Ініцыятарам праекту выступіў Інстытут імя Гётэ ў Менску, а дэлегацыя ЕС у Беларусі актыўна падтрымала праект. Партнерамі з’яўляюцца Alliance française у Малдове і British Council у Польшчы.

Дэдлайн падачы заявак — 15 красавіка

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0821 seconds.