Rock Profi будуць судзіць самі сябе

2012 год стаў бадай што самым багатым годам на музычныя прэміі і ўзнагароджванні ў найноўшай гісторыі Беларусі. Уручыўшы нядаўна ўзнагароды сайту Experty.by, ягоны стваральнік Зміцер Безкаравайны вырашыў не спыняцца на дасягнутым і разам з Паўлам Юрцэвічам (студыя «Осмас») заснаваў яшчэ адну музычную прэмію — Rock Profi. Некаторыя падумалі, што з’яўленне чарговай музычнай прэміі — гэта адкрыты жарт, і не дзіўна, бо інфармацыя пра яе пачала распаўсюджвацца акурат 1 красавіка. Але ж гэта былі не жарцікі і, са словаў арганізатараў, Rock Profi рыхтавалася даўно. 

«Усе стаміліся ад таго, што існуючыя музычныя прэміі не ўсіх задавальняюць. Музыкі кажуць, маўляў, якое права вы маеце судзіць, калі іграць не ўмееце, музыку не запісваеце. А цяпер музыкі маюць магчымасць самі ацэньваць сваіх калег па цэху», — кажа на прэс-канферэнцыі Безкаравайны. 

Зміцер Безкаравайны роўна тыдзень таму на цырымоніі ўручэння прэміі Experty.by  

У новай прэміі 6 намінацый: «Лепшы альбом», «Лепшы дэбют», «Лепшая песня», «Лепшы артыст», «Лепшы запіс» і спецпрэмія «За культурны ўнёсак». Кампетэнтнае журы складаецца гэтым годам (кожны год журы фармуецца наноў) з 60 артыстаў, а падлічвае вынікі — кантрольны камітэт, які складаецца таксама з музыкаў. Каб трапіць у лік суддзяў, трэба, каб артыст альбо калектыў выдаў за апошнія тры гады прынамсі адзін альбом.

Спачатку аргкамітэт адабраў прэтэндэнтаў на кожную з намінацый і даслаў спіс кожнаму сябру журы. Каб патрапіць у лік прэтэндэнтаў, альбом выканаўцы мусіць атрымаць мінімум 5 балаў на сайце Experty.by. Пасля журы слухае ўсіх прэтэндэнтаў і абірае шорт-ліст, які стане вядомым ужо на днях. У намінацыі «Лепшы запіс» маюць права ўдзельнічаць выключна тыя музыкі, якія запісвалі альбом на тэрыторыі Беларусі, інакш прэмію звязуць замежнікі. Сярод крытэраў адбору прэтэндэнтаў у намінацыю «Лепшы артыст» — канцэрт у Менску мінімум на 500 чалавек, зрэшты канцэрт у Вільні гурта «Ляпіс Трубяцкой» аргкамітэт вырашыў залічыць таксама. 

«Мяне парадаваў той факт, што беларускія артысты адкрывалі для сябе новых беларускіх выканаўцаў. Звычайна вось яны так робяць музыку і не чуюць, што робяць астатнія беларускія музыкі», — цешыцца Зміцер.  

Імёны пераможцаў стануць вядомыя ўжо праз два тыдні.  
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2085 seconds.