Яшчэ адна перамога онлайн-петыцый: захаванае ўнікальнае балота пад Менскам

Актывісты-эколагі святкуюць яшчэ адну перамогу: кампанія збору электронных подпісаў за захаванне апошняга вялікага балота Пціч у менскім наваколлі прывяла да прызнання незаконнымі планаў дзяржавы здабываць торф на яго тэрыторыі. Пракуратура пад ціскам эколагаў прымусіла мясцовыя ўлады перагледзець рашэнне аб скарачэнне плошчы балотаў, якая ахоўваецца дзяржавай.

«Экалагічная грамадскасць можа святкаваць першую сур’ёзную перамогу ў барацьбе за захаванасць беларускіх балот», — піша спецыялізаваны партал Wildlife.by аб выніку грамадскай кампаніі за захаванне балотных тэрыторый і межаў ландшафтнага заказніка «Вецярэвічскі».

Яшчэ шэсць гадоў таму заказнік з лесам узростам у 170 гадоў, рэдкімі раслінамі і дрэвамі, занесеным ў Чырвоную кнігу, трапіў пад увагу заводу ў Слуцку, які здабывае і перапрацоўвае торф. Два гады таму было прынятае рашэнне дазволіць заводу рыхтаваць торф на частцы тэрыторыі заказніка, што, на думку эколагаў, у тым ліку з дзяржаўных інстытуцый, паставіла пад пагрозу лёс унікальнага балоту Пціч недалёка ад Менску.

Аднак аб рашэнні ўладаў стала вядома не адразу. Даведаўшыся аб шкодных планах, актывісты пачалі збор подпісаў: толькі за 13 дзён у іх атрымалася сабраць болей за 5 тысячаў онлайн подпісаў на сайце change.org. Яшчэ 250 подпісаў паставілі жыхары прылеглых да балота вёсак, што жывуць шмат у чым дзякуючы ягонаму існаванню. Да петыцыі ва ўрад далучыліся грамадскія арганізацыі.

Подпісы былі перададзеныя чыноўнікам увесну. Адначасова актывісты напісалі заяву ў пракуратуру. І вось цяпер стала вядома: пракуратура прызнала планы торфанарыхтошчыкаў парушэннем міжнародных канвенцый і беларускага закону.

«Рашэнне райвыканкама прынятае заўчасна і падлягае адмене. Яго пераглядам мусіць заняцца Пухавіцкі раённы Савет дэпутатаў», — гаворыцца ў лісце пракуратуры.

Пціч — адно з васьмі балотаў са спісу грамадскай кампаніі «У абарону беларускіх балотаў», над якімі ў 2011 годзе навісла пагроза ў сувязі з дазволам ураду рыхтаваць торф на іх тэрыторыі. Між іншым раней гэтыя балоты ахоўваліся дзяржавай і гаспадарчая дзейнасць на іх не вялася. Пазіцыя пракуратуры па пытанні балота Пціч — першая вялікая перамога нашумелай у сацсетках кампаніі.

Чытайце болей пра поспехі он-лайн петыцый у даследаванні Generation.by

comments powered by Disqus
 
In 0.0862 seconds.