«Лянівае» пакаленне Y, якое выратуе свет

«Сучасная моладзь, пакаленне Y — лянівыя нарцысы, што ўсё яшчэ жывуць з бацькамі. Чаму яны выратуюць усіх нас», — з такімі словамі на вокладцы выйшаў нядаўна амерыканскі часопіс Time.

«Мы не патрэбныя ім, таму мы так баімся пакалення Y», — цэлы шэраг дыскусій па ўсім свеце распачаў апублікаваны ў ім артыкул "Millennials: The Me Me Me Generation". Саракагадовы аўтар фармулюе тое, што асабліва непакоіць людзей, якія былі маладымі ў 90-х: новая моладзь сядзіць у сваіх гаджэтах і інтэрнэтах і пляваць хацела на тое, што ў свеце нешта ідзе не так. Аўтар адзначае, што пакаленне Y — першае на Зямлі, калі адрозненні ў менталітэце маладых людзей з розных куткоў свету з’яўляюцца меншымі, чым з крыху старэйшымі, але прадстаўнікамі іх роднага народа. Гэта асаблівасць надае яшчэ большай вагі папулярнаму артыкулу і таму, чым ён цікавы беларусам. Generation.by друкуе пераклад найбольш смачных месцаў, многія з якіх наўпрост датычныя і беларускай генерацыі Y. 

========= 

Я збіраюся зрабіць тое, чым старыя людзі займаюцца цягам усёй гісторыі: назваць маладзейшых за мяне лянівымі, нарванымі, эгаістычнымі і абмежаванымі. Але ў мяне ёсць вынікі даследаванняў, статыстыка і цытаты аўтарытэтных навукоўцаў. У адрозненне ад маіх бацькоў, маіх бабулі і дзядулі, і маіх прадзедаў, я маю доказы.

Нарцысічнае расстройства асобы сустракаецца цяпер сярод дваццацігадовых у тры разы часцей, чым сярод пакалення ўзростам за 65. У ЗША ўзровень нарцысізму сярод студэнтаў на 58% вышэй, чым у 1982 годзе. Цягам дарослення сучасная моладзь атрымлівала так шмат розных плюшак, што 40% пакалення Y лічаць, што мусяць мець падвышэнні па службе кожныя два гады ў незалежнасці ад эфектыўнасці працы.

Сучасныя маладыя людзі апантаныя славай і ўпэўненыя ва ўласнай праваце. 60% мяркуе, што ў любой сітуацыі зможа вызначыць, што правільна, а што не. Пры гэтым большасць з тых, каму цяпер 18-29 у ЗША, усё яшчэ жывуць з бацькамі, а не з партнёрамі.

А яшчэ яны лянівыя. У 1992 годзе было падлічана, што 80% людзей ва ўзросце да 23 хацелі б у адзін цудоўны дзень займець працу з большай адказнасцю, праз 10 гадоў такіх знайшлося толькі 60%.

Найчасцей да пакалення Y (альбо пакалення Міленіюма) адносяць тых, хто нарадзіўся з 1980 па 2000 год. Прасцей кажучы, ім цяпер 20 з нечым. У кожнай краіне сваё пакаленне Y, але праз глабалізацыю, сацыяльныя медыі, экспарт заходняй культуры і іншыя змены, пакаленні Міленіюма розных краін апынуліся больш падобнымі паміж сабой, чым на старэйшыя пакаленні сваіх народаў. 

Нават у Кітаі, дзе сям’я гістарычна важней індывіда, Інтэрнэт, урбанізацыя і палітыка «адна сям’я — адно дзіця» сфармавалі пакаленне самаўпэўненых і арыентаваных на сябе, такіх жа як на Захадзе.

Яны найбольш пагрозлівае і захапляльнае пакаленне з часоў бэбі-бумераў з іх сацыяльнай рэвалюцыяй, але не таму, што спрабуюць захапіць істэблішмэнт у свае рукі, а таму што растуць без яго. Індустрыяльная рэвалюцыя зрабіла індывіда значна больш магутным — стала магчымым лёгка пераехаць у горад, пачаць бізнэс, стварыць уласную арганізацыю. А інфармацыйная рэвалюцыя дала тэхналогіі, каб кінуць выклік вялікім арганізацыям: блогеры супраць газет, хакеры супраць карпарацый, тэрарысты-адзіночкі супраць вялікіх дзяржаваў, YouTube-рэжысёры супраць Галівуда, App-вытворцы супраць цэлых галін прамысловасці. Мы не патрэбныя Пакаленню Y. Вось чаму мы баімся іх. 

У ЗША пакаленне Міленіюма — гэта дзеці бэбі-бумераў, таксама вядомых як "Generation Me" — «Пакаленне Я». Бэбі-бумеры далі нараджэнне пакаленню Me Me, у якога з эгаізмам усё яшчэ горш. Калі ў 1950-х на сцены дома вешалі некалькі вясельных, школьных і, магчыма, ваенных здымкаў, то сучасная амерыканская сям’я з сярэдняга класу развешвае 85 фота сябе і сваіх хатніх жывёлаў.

Пакаленне Y вырасла ў часы перабольшанага Я, калі кожны cвой крок можна пазначаць праз чэкіны і твіты. Пры гэтым яны значна меней за папярэднікаў цікавяцца палітычным і грамадскім жыццём.

Чаму яны сталі такімі? Часткова гэта звязана з жаданнем бацькоў 70-х падвысіць шанцы дзяцей на поспех, выхаваўшы ў іх пачуццё ўласнай годнасці. Аднак высветлілася, што пачуццё ўласнай годнасці ці самазакаханасць выдатна падыходзяць для атрымання працы ці заляцанняў у бары, але не надта спрыяюць захаванню працы або стасункаў. Уся гэтая ганарлівасць і самазакаханасць вымушае пакаленне Y расчароўвацца, калі свет адмаўляецца прызнаваць іхнюю веліч.

«Гэта пакаленне мае самую высокую верагоднасць развіцця незадаволеных чаканняў у адносінах да сваёй кар’еры і нізкі ўзровень задаволенасці сваёй кар’ерай у час, калі яны будуюць яе, — кажа даследчыцца Шон Лайанс. — Гэта нешта кшталту крызісу незадаволеных чаканняў».

Акрамя нарцысізму пакаленне Y вядомае праз ягоны эфект: нахабнасць і завышаныя запыты да ўсіх і ўсяго. Калі вы робіце семінар для менеджэраў, прысвяціце яго, калі ласка, таму, як вытрымаць маладых супрацоўнікаў, якія бесцырымонна пішуць мэйлы наўпрост гендырэктару і саскокваюць з праектаў, што падаюцца ім сумнымі. 

Настаўнік англійскай мовы Дэвід Макалоў запісаў у мінулым годзе зварот да выпускнога класу сярэдняй школы Уэлслі: 12 хвілінаў уводзінаў у рэальнасць пад назовам «Вы не асабліва асаблівыя». Цяпер у відэа амаль 2 мільёны праглядаў на YouTube. «Забярыцеся на гару, каб вы маглі пабачыць свет, а не свет мог бачыць вас», — параіў Макалоў выпускнікам.

Сто год таму вельмі маленькі адсотак дзяцей наведваў школы і таму большасць гадавалася не сярод аднагодкаў, а пад уплывам дарослых: сям’і або на працоўным месцы. Цяпер, калі сотавыя тэлефоны дазваляюць дзецям камунікаваць паміж сабой увесь час, пакаленне Y жыве пад пастаянным уплывам сваіх сяброў.

«Уплыў аднагодкаў анты-інтэлектуальны, — гаворыць Марк Маўрлейн, англійскі прафесар. — Ніколі яшчэ ў гісторыі людзі не маглі падарослець сярод сваіх аднагодкаў. Каб развівацца інтэлектуальна неабходныя старэйшыя: 17-гадовыя не дарослеюць, калі камунікуюць толькі з 17-гадовымі»

І камунікацыя з імі адбываецца пераважна праз экраны манітораў. Вы, вядома, бачылі іх у клубах, яны сядзяць побач і бясконца пішуць паведамленні. Яны могуць выглядаць спакойнымі, але ж яны ўвесь час асцерагаюцца згубіць нешта лепшае. 70% з іх правяраюць тэлефоны штогадзіну. У многіх ужо развіўся сіндром фантомнай вібрацыі кішэні.

Гэты пастаянны пошук дозы дапаміну («Нехта залайкіў мой статус!») змяншае ўзровень крэатыўнасці. З 1966 году, калі ўпершыню быў арганізаваны тэст творчага мыслення па Торансу, узровень крэатыўнасці ў дзяцей толькі павялічваўся. Так было да сярэдзіны 1980-х. А з 1998 году пачалося рэзкае падзенне гэтага паказчыку.

Гэтае пакаленне таксама слаба ўмее спачуваць і клапаціцца пра іншых. Яму нават цяжка зразумець кропку гледжання іншых.

Што яны ўмеюць добра, дык гэта пераўтвараць сябе ў брэнды з вялікімі хвастамі з фаловераў і фрэндаў.

«У Facebook людзі параздзімалі сябе як паветраныя шары, — гаворыць Кіт У. Кэмпбэл, прафесар псіхалогіі ва ўніверсітэце штату Джорджыя. — Калі ўсе распавядаюць вам аб уласных поспехах, вечарынках, тусоўках і іншых зайздросных рэчах, вы пачынаеце самі ўпрыгожваць жыццё, каб не адставаць. Калі рабіць гэта дастаткова добра на Instagram, YouTube і Twitter, ёсць шанцы стаць гэткім мікраселебрыці.

Пакаленне Y вырасла гледзячы бясконцыя рэаліці-шоў на тэлебачанні, якія па-сутнасці з’яўляюцца дакументалістыкай пра нарцысізм. Яны падрыхтаваныя жыць у гэтым жанры.

Да гэтага часу ў мяне атрымлівалася пісаць, не кажучы пра сябе. Але я разумею, што пачаў гэты артыкул са слова «Я». Я ведаю колькасць маіх фаловераў у Twitter значна лепш за прабег майго аўтамабіля. Хаця Facebook і не дазваляе займець болей за 5 тысяч сяброў, у мяне нейкім чынам з’явілася 5 079. Нельга забывацца і на тое, што ўвесь гэты час вінавацячы пакаленне Y у ляноце, я спазніўся са сканчэннем гэтага артыкулу на год.

Я вярнуўся дадому на першыя шэсць месяцаў пасля сканчэння каледжу. Калі я атрымаў працу ў Time, то сустрэўся з нянавісцю калегаў за свае спробы падлізвацца да рэдактара часопісу. Я размаўляю з адным з маіх бацькоў праз дзень і залежу ад майго таты ў справе фінансавых кансультацый.

Такім чынам, хаця ўся першая палова гэтага артыкулу — абсалютная праўда (у мяне былі дадзеныя!), пакаленне Y — гэта хутчэй працяг трэнду, чым рэвалюцыйны прарыў у параўнанні з папярэднімі пакаленнямі. Яны не новыя віды, яны проста змяніліся, каб адаптавацца да навакольнага асяроддзя.

Дзякуючы сайтам інтэрнэт-знаёмстваў, Facebook і магчымасці камунікаваць з людзьмі па ўсім свеце, ім больш не даводзіцца брацца шлюбам з кімсьці з іхняга класу альбо нават з сваёй краіны. Праз рост працягласці жыцця і развіццё тэхналогій, якія дазваляюць жанчынам зацяжарыць пасля 40 гадоў, лягчэй стала адкласці істотныя рашэнні. Сярэдні ўзрост першага шлюбу амерыканскай жанчыны вырас з 20.6 ў 1967 годзе да 26.9 гадоў у 2011 годзе.

Паколькі ў іх няма павагі да ўлады, пакаленне Y таксама ня абураецца яе дзеяннямі. Вось чаму яны першыя з падлеткаў, якія не бунтуюць.

У такіх умовах карпарацыі пачынаюць падстройвацца не толькі пад звычкі пакалення Y, але і пад іх чаканні. Амаль чвэрць з 2 200 супрацоўнікаў студыі DreamWorks не маюць і 30 гадоў. Кіраўніцтва студыі разумее, што добрых выплатаў маладым цяпер недастаткова. Ім трэба даць магчымасці для самарэалізацыі. Цягам працы у DreamWorks можна наведваць, да прыкладу, заняткі па фатаграфіі, скульптуры, жывапісу, кінематаграфіі і каратэ.

Нават усе тыя псіхолагі, што наракаюць на самазакаханасць пакалення, вымушаныя пагадзіцца: пакаленне Y мілае. Яны лягчэй прымаюць адрозненні. І гэта тычыцца не толькі меншасцяў, але і ўсяго іншага. «Існуе шмат-шмат субкультур. Можна ахінуцца ў іх, шукаць нешта. Мне не вельмі істотна, жывеце вы супермэйнстрымавым жыццём ці паводзіце сябе як апошняя бунтарка», — кажа Таві Гевінсан, 17-гадовая дзяўчына, якая ў вольны ад школы час выпускае інтэрнэт-часопіс пра моду Rookie.

Прыкладна так выглядае карціна жыцця пакалення Y, больш поўная за тую, з якой я пачаў. Яны шчырыя і аптымістычна. Яны прагматычныя ідэалісты, хутчэй разважлівыя асобы, чым летуценнікі; тыя, хто ведае, як адбудаваць жыццё.

Іх свет настолькі палогі, што ў іх няма лідэраў, таму рэвалюцыі кшталту Occupy Wall Street і плошчы Тахрыр маюць яшчэ менш шанцаў на поспех чым папярэднія паўстанні.

Яны жадаюць пастаяннага ўхвалення і посцяць фота з прымерачных крамаў. Яны апантаныя знакамітасцямі, але не ідэалізуюць іх.

Яны не ў ходзіць у царкву, нават калі вераць у Бога, таму што яны не атаясамліваюць сябе з вялікімі інстытуцыямі; у ЗША цяпер траціна дарослых да 30 гадоў не атаясамляюць сябе з ніякай царквой — гэта самы высокі працэнт у гісторыі.

Яны жадаюць новых уражанняў, якія ёсць больш істотнымі за матэрыяльныя даброты. Яны халодныя і стрыманыя. Яны ўсё разумеюць, але застаюцца пасіўнымі: яны могуць ненавідзець адыёзнага дыктатара, але хоць нешта зрабіць з ім не збіраюцца.

Яны не толькі буйнейшае вядомае пакаленне, але і, мабыць, апошняя вялікая генерацыя, аб якой можна лёгка разважаць і рабіць высновы. Ужо цяпер хапае мікрагенерацый у вялікай групе пакалення Y, што з’яўляюцца гэтак сама рэгулярна, як на рынак паступаюць новыя мадэлі iPhone’аў. Адрозненні могуць быць нязначнымі (ты навучыўся друкаваць да з’яўлення Facebook, Twitter або ўсё ж iPad), але ўплывовымі. І ўжо гэтыя новыя мікрагенерацыі пужаюць троху старэйшых за іх, сваіх уласных братоў і сясцёр. У групаў пасля пакалення Y найверагодней будзе яшчэ больш магчымасцяў. Яны ўжо так камфортна пачуваюць сябе перад камерай, што сярэдні аднагадовы амерыканец мае болей уласных выяваў за французскага караля 17-га стагоддзя.

Сапраўды, у нас ёсць усе гэтыя дадзеныя аб нарцысізме і ляноце. Але веліч пакалення вызначаецца не навуковымі лічбамі, а тым, як гэта пакаленне аказваецца здольным рэагаваць на выклікі, што паўстаюць перад ім. І, што не менш важна, па тым, як мы рэагуем на гэтых людзей. Лічыць пакаленне Y групай геніяльных і аптымістычных бізнесоўцаў, альбо групай інфантылаў, што здольныя ўтапіць свет ва ўласных слязах, калі нешта пойдзе не так, залежыць ад таго, як успрымаць любыя змены. Што да мяне, то я выбіраю веру ў дзяцей. Бог ведае, што яны наробяць.

 Joel Stein, 41 год


16:43, 15.07.2013 | Пакаленне Y |




comments powered by Disqus
 
In 0.0799 seconds.