Менскі амерыканец адкрывае ў беларускай сталіцы велакухню

Амаль год ідэя стварэння бясплатнай роварнай майстэрні ў фармаце BikeKitchen на менскім падворку тулілася сярод іншых прыдумак актывістаў роварнага руху Менску, каб быць урэшце рэалізаванай. Доўгімі пошукамі месца было знойдзенае — гараж па суседству з касцёлам Святога Роха на Залатой Горцы. Цяпер брама з нумарам 38 вылучаецца сярод шэрых суседзяў сваёй яскравай афарбоўкай.

«Ініцыятарам быў Джон. Ён пачуў і паглядзеў на падобныя месцы за мяжой і захацеў, каб у нас такое з'явілася», — распавядае Яўген Харужы, кіраўнік Мінскага роварнага таварыства.

Джон Росмэн — вядомы менскі актывіст роварнага і экалагічнага руху. У пачатку 90-х ён з’ехаў з ЗША ў СССР, захапляўся Расеяй, называў сябе «піцерцам амерыканскага паходжання». Але паспрабаваўшы рабіць там бізнэс — стаў называць Расею бандыцкай краінай. Тры гады таму Джон перабраўся ў Менск, сумуе па Пецярбургу, але цяпер прадстаўляецца як «беларус амерыканскага паходжання».

Велакухня — з'ява не новая. Стартаваўшы ў ЗША, яна за некалькі дзесяцігоддзяў хутка пераўтварылася ў сотні грамадскіх веламайстэрняў па розных гарадах свету, якія сталі лакальнымі цэнтрамі роварнай культуры.

«BikeKitchen — гэта менавіта тая ідэя, якую варта пазычаць з ЗША. Сёння шмат амерыканскіх ідэй распаўсюджваюцца па ўсім свеце, напрыклад бескантрольная аўтамабілізацыя, прыватная ўласнасць на зямлю і радыкальны капіталізм, — разважае Джон Росмэн, ініцыятар велакухні. — Як правіла, ад іх лепш адмовіцца. Але бываюць такія выключэння, як BikeKitchen».

«Гараж №38» — грамадская майстэрня, якая будзе прапаноўваць свае паслугі бясплатна. Там чакаюць кожнага, хто хоча адрамантаваць свой ровар ці рэалізаваць каляроварную ініцыятыву. У гаражы будуць валанцёрыць адмысловыя спецы, якія дапамогуць наладзіць механізмы. Тыя, хто ўмее сам рамантаваць свайго сябра, зможа скарыстацца наборам інструментаў бясплатна.

Роварны гараж плануе быць таксама цэнтрам абмену дэталямі: туды можна знесці штосьці непатрэбнае ды адшукаць нешта сабе.

Менская велакухня «Гараж 38» па прыкладзе іншых падобных ініцыятыў у свеце стане не толькі месцам рамонту ровараў, але і цэнтрам камунікацый. У планах стваральнікаў ужо ёсць майстар-класы па наладцы ровараў ды іншыя ідэі ў заначцы.

«Гараж 38» запрашае да сябе 25 ліпеня на ўрачыстае доўгачаканае адкрыццё. Гасцям абяцаюць добрую кампанію і легендарны самавар Джона, з якога «беларус амерыканскага паходжання» гасцінна пачастуе гарачай гарбатай.

Велакухня «Гараж №38» месціцца ва ўтульным дворыку каля касцёла Святога Роха па вуліцы Залатая Горка. Графік працы на бліжэйшы час: з 18-й да 21-й штосераду і шточацвер.

Generation.by болей за месяц назіраў, як шэраговы гарадскі гараж пераўтвараецца ў яскравую роварную пляцоўку

18 чэрвеня:


Яўген Харужы, кіраўнік Мінскага роварнага таварыства

01 ліпеня:

Прыборка тэрыторыі актывістамі. 


Джон Росмэн, Яўген Харужы і іншыя актывісты роварнага руху фарбуюць сцены.

17 ліпеня:


З’явіліся графіці.

24 ліпеня:


Апошнія дапрацоўкі перад урачыстым адкрыццём.


Юля Сакалоўская 14:20, 25.07.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0737 seconds.