«Ляпіс Трубяцкой» бясплатна выступіць на мітынгу ў падтрымку кандыдата ў мэры Масквы

Беларускі гурт апублікаваў на сваім сайце адмысловую заяву з нагоды выступу на канцэрце ў падтрымку Аляксея Навальнага — апазіцыйнага кандыдата ў мэры Масквы.

Сябры, наша рашэнне падтрымаць Аляксея Навальнага на выбарах мэра Масквы выклікала гарачыя спрэчкі і мноства пытанняў з боку прыхільнікаў гурта. Мы вырашылі, што трэба больш выразна акрэсліць сваю пазіцыю:

  1. Мы падзяляем далёка не ўсе погляды Навальнага. Нешта нам здаецца спрэчным, нешта — і зусім няправільным. Але мы лічым, што Навальны робіць вельмі шмат для развіцця грамадзянскай супольнасці і — адзіны з апазіцыйных палітыкаў — паспяхова супрацьстаіць прагнілай дзяржаўнай сістэме. Таму свой удзел у мітынгу-канцэрце Аляксея Навальнага мы разглядаем не як палітычную акцыю, а як грамадзянскі ўчынак.
  2. Мы — беларусы і не можам галасаваць на маскоўскіх выбарах. Але мы вырашылі падтрымаць кандыдата ў мэры Масквы Навальнага, таму што ўпэўненыя: старую сістэму ўлады, якая існуе ў Расеі, Украіне, Беларусі, Казахстане і гэтак далей; сістэму, заснаваную на хлусні, карупцыі, крадзяжы і гвалце, трэба зламаць. На жаль, не атрымаецца гэта зрабіць у нейкай адной краіне і, тым больш, у нейкім адным горадзе — але пачынаць з чагосьці трэба.
  3. Наш удзел у мітынгу-канцэрце Навальнага ніяк не паўплывае на незалежнасць анархасіндыката «Ляпіс Трубяцкой». Мы не плануем уступаць у нейкія партыі, сядзець на з'ездах, станавіцца даверанымі асобамі якіх бы там ні было палітыкаў. Але мы лічым, што выступіць на канцэрце, дзе збярэцца вялікая колькасць маладых, актыўных, неабыякавых да ўласнай будучыні людзей — значна больш ганарова і карысна, чым згуляць на чарговым «Славянскім базары» або «Новой волне».
  4. У сваёй творчасці гурт «Ляпіс Трубяцкой» надае вялікую ўвагу сацыяльна-палітычнай тэматыцы, часцяком — у жанры сатыры. Навальны таксама актыўна выкарыстоўвае гумар і сатыру ў палітычнай барацьбе, і гэтым мы з ім падобныя.
  5. Вам не абавязкова падзяляць усе нашы погляды, густы і звычкі, каб любіць нашу музыку. Калі хтосьці перастане слухаць гурт «Ляпіс Трубяцкой» з-за таго, што не любіць Навальнага — значыць, нам першапачаткова было не па дарозе.
  6. І, нарэшце, апошняе: на канцэрце ў падтрымку Навальнага мы выступаем бясплатна , таму што не гандлюем сваімі поглядамі.

Заява гурта ўжо паспела выклікаць настолькі вялізную цікаўнасць Сеціва, што сайт гурта яе не вытрымаў і працуе з перабоямі.

11:22, 03/09/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0652 seconds.