«Гістарычны Акропаліс» — вялікакняскі Палац уладароў у цэнтры Вільні

Некалькі тыдняў таму ў Вільні часткова завяршылася адна з галоўных будоўляў краіны. У самым цэнтры гораду на Кафедральнай плошчы для ўсіх наведвальнікаў адчыніў дзверы Ніжні замак ці Палац уладароў — гіганцкі помнік часам Вялікага княства Літоўскага, стваральнікі якога паспрабавалі зрабіць усё, каб колькасць ягоных наведвальнікаў не саступала маштабам гандлёвых молаў гораду. Беларускі погляд на новую літоўскую славутасць кінуў Алесь Герасіменка.

Ніжні замак у Вільні апынуўся сапраўдным даўгабудам. Пакуль літаральна ўся Літва ўкладалася ў аднаўленне разбуранага яшчэ два стагоддзі таму будынку (на ўваходных квітках пералічаныя некаторыя спонсары рэстаўрацыі, сярод якіх вялікі банк, тэлеканал ды іншыя буйныя медыя і чыгунка), беларусы паспелі знесці і нанава адбудаваць палац у Нясвіжы, разабрацца з замкам у Міры і іншымі гістарычнымі цікавосткамі, што засталіся нам у спадчыну ад часоў Вялікага княства. Але памеры выдаткаў на аднаўленне Ніжняга замку ці, калі афіцыйна, Valdovu Rūmai (Палацу ўладароў) цяжка параўнаць з беларускімі: пасля завяршэння ўсіх працаў ён будзе каштаваць літоўцам амаль 100 млн. еўра. Уся праграма «Замкі Беларусі», распачатая колішнім міністрам культуры Латушкам, што па планах мусіць закрануць 13 замкаў, у тым ліку 7 з іх будзе адноўлена, каштуе не болей за 13 млн. еўра.

У цяперашняй Літве сярэднявечных замкаў засталося каля дзясятку, таму аднаўляць Ніжні (у супрацьлегласць Верхняму замку, самая вядомая частка з існых рэшткаў якога бачная з розных бакоў гораду вежа Гедыміна) узяліся з вялікім энтузіязмам. Але фінансавы крызіс 2007 году і іншыя неспадзяванкі прымусілі літоўскія ўлады адкласці афіцыйнае адкрыццё на 4 гады. Зрэшты, Палац, які некаторыя гісторыкі ніяк інакш як муляжом не называлі, цалкам аднавіць пакуль не здолелі.

Сярэднявечная прыбіральня для новай літоўскай эліты

На ўсе спрэчкі вакол кошту Палацу і вартасці ягонай адбудовы літоўцы забыліся ў той дзень, калі 6 ліпеня, праз тыдзень пасля пачатку афіцыйнага старшынства Літвы ў Еўрасаюзе (гэты дзень у Літве святкуюць як каранацыю Міндоўга), Палац уладароў урэшце адчыніў свае гіганцкія жалезныя дзверы новай літоўскай эліце. Такім чынам, Палац ужо чакае на ўладароў новай Еўропы, што мусяць правесці тут саміт ЕС у лістападзе. На яго, калі пашанцуе, можа быць запрошаны і беларускі міністр замежных справаў Уладзімір Макей. Пэўна, некаторыя музейныя артэфакты мусяць здзівіць беларускага чыноўніка.


Запіс 2010 году ў гасцявой кнізе Палаца ад беларускага міністра культуры.

Першы паверх Палацу болей за ўсё нагадвае мадэрновы музей, дзе ўсё прадумана вельмі рупліва. Археолагі дабраліся да сценаў колішняга замку, раскапаўшы як унутраную вуліцу, гэтак і маленечкія хаткі ў 18 квадратных метраў, і нават сярэднявечную прыбіральню. Апошняя, калі верыць інфармацыйным слайдам, апынулася сапраўднай археалагічнай скарбніцай, падараваўшы музею, сярод іншых, выкшталцоўныя пацеркі і ўпрыгожванні, што князёўны мелі неасцярожнасць фатальна губляць у гэткіх малапрывабных месцах.

Літва, якая «распаўсюдзіла ўплыў» на беларускія землі

Ад самага пачатку ўвагу любога наведвальніка Палацу мусяць захапіць шматлікія слайды з малюнкамі, што распавядаюць пра пэўны перыяд жыцця Вялікага княства, уладарам якога прысвечаны Палац. Многія з іх жылі тут, іншыя — жылі на месцы Палацу да ягонага з’яўлення. Трэція, пэўна, бывалі ля ягоных сценаў. Кожнаму з князёў, многім іхнім жонкам, дзеткам і іншым сваякам прысвечаныя каляровыя слайды, сабраўшы якія ў адно выданне можна атрымаць надзвычай захапляльную кніжку пра гісторыю Вялікага княства. Вядома, літоўскія гісторыкі не ўстрымаліся ад заўвагаў, што могуць выклікаць крытыку іхніх беларускіх калегаў, распавёўшы ў адным з слайдаў пра «распаўсюд уплыву і заваёвы» літоўскімі князямі беларускіх земляў. Зрэшты, гэткіх спрэчных славечак у музейнай калекцыі няшмат.

Выглядае, супрацоўнікі Палацу зрабілі ўсё, каб ягоныя наведвальнікі не сумавалі. На кожным паверсе ёсць забаўкі кшталту размалёвак для дзетак, якія дазваляюць на ўласны густ расфарбаваць сукенку вялікай княгіні, альбо мінімайстэрні для вырабу паштовак з выявай пагоні. Нават троху жывой барочнай музыкі ў спальні вялікага князя. Фатаграфаваць без сполаху (у адрозненні ад размоваў па тэлефоне) гэтаксама не забараняюць. Можна, напрыклад, займець уласнае фота ў кампаніі з Бонай Сфорцай ці Вялікім князем Аляксандрам. На шчасце, партрэтаў апошніх на сценах Палацу хапае. А адна з самых глабальных выяваў Палацу — генеалагічнае дрэва літоўскіх князёў — мусіць здзівіць шмат каго: браты, сёстры і дзеці нашых князёў кіравалі калісьці паловай Еўропы, меўшы сваякоў ад Малдовы да Англіі.

Наведвальнікі палацу з удзячнасцю карыстаюцца магчымасцю далучыцца да гісторыі, збіваюцца ў вялікія групы і гуляюць па калідорах Палацу. У першыя месяцы Палац мае такую цікаўнасць з боку публікі, што колькасць наведвальнікаў, пэўна, можа параўнацца з колькасцю пакупнікоў якога вялікага гандлёвага цэнтру ў перыяд распродажаў. А ў выходныя прагныя да гісторыя могуць стаць сведкамі бясплатных відовішчаў кшталту рыцарскіх баёў, што адбываюцца адразу пад сценамі замку. На вечаровы ж час у Палацы запланаваныя канцэрты сярэднявечнай музыкі.

Памеры палацу можна параўнаць з нясвіжскімі. Але галоўнае, што яднае два гэтых вялікалітоўскіх новабуды — пустыя сцены. Калі ніжэйшыя паверхі палацу запоўніць экспанатамі, пераважна з раскопак, у літоўцаў атрымалася, то вышэйшыя паверхі з рэнесанснымі, барочнымі ці гатычнымі інтэр’ерамі выглядаюць даволі пустымі. На ратаванне зноўку прыйшлі прыватныя спонсары, у тым ліку прадстаўнікі літоўскай дыяспары. Яны скінуліся на сярэднявечныя дываны, сталы і нават трон, якія адміністрацыя палацу адшукала, пераважна, у Нюрнбергу і Бруселі. Некаторыя каштоўнасці ў музей трапляюць за дарма, але часова. Гэтак, да сярэдзіны снежня ў Палацы можна будзе пабачыць неверагодна дарагую шкатулку Жыгімонта Старога, якая ўжо некалькі стагоддзяў захоўваецца ў расейскім Эрмітажы.

Але адна з цікавостак, выстаўленых у Палацы ўладароў у Вільні, безумоўна мусіць прывабіць усіх беларусаў. Гэта трэці Статут ВКЛ, які ў адрозненні ад нядаўна набытага за $45 тыс. у Магілёў польскамоўнага выдання, напісаны на старабеларускай мове. Такіх кніжак у самой Беларусі, на жаль, не засталося.

Нягледзячы на пэўныя недахопы, Палац уладароў у цэнтры Вільні ёсць годным месцам для наведвання. Вядома, калі вы чытаеце па-ангельску.

Кошт уваходнага квітка: 10 літ (34 тысячы рублёў), для студэнтаў і пенсіянераў — 5 літ (17 тысячаў). Музей адкрыты ва ўсе дні акрамя панядзелку з 11 да 18 (па выходных да 16). Падрабязней на сайце Палацу.

Фотаздымкі: miestai.net, valdovurumai.lt


Алесь Герасіменка 19:34, 09.09.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0486 seconds.