Абвешчаны пераможцы конкурсу маладых пісьменнікаў «Экслібрыс»

Учора былі падведзеныя вынікі конкурсу «Экслібрыс» імя Янкі Маўра. На планшэт і выданне кнігі (менавіта такія прызы чакаюць пераможцу) прэтэндавалі 117 літаратараў. Падавалі і праекты кніг, пераклады і нават коміксы. 

У выніку журы прысудзіла першае месца Вользе Гапеевай і яе казачным гісторыям «Сумны суп». Другое месца — у  Дар’і Вашкевіч з казкай «Баваўняная дзяўчынка», якая атрымлівае рыдэр і таксама магчымасць выдаць кнігу. Трэцяе месца займае пераклад «Чараўніка краіны Оз» Фрэнка Баўма, пераствораны на беларускую мову Сержуком Мядзведзевым, якому таксама дастаецца рыдэр.

У лік дыпламантаў увайшлі:

  • Праект кнігі Сяргея Календы, Дашы Заічанка і Ліды Наліўка «Дзе жывуць беларускія пачваркі»;
  • Надзея Кандрусевіч з перакладам твора Сары Лундберг «Віта Белая Крэска»;
  • Павал Касцюкевіч з перакладам «Аўтаспынам па Галактыцы» Дугласа Адамса;
  • Алесь Квіткевіч з перакладам першай кнігі «Хронікі Нарніі» Клайва Стэплза Льюіса;
  • Глеб Лабадзенка з кнігай дзіцячых моўных малюнкаў «дзіцячая заМова» і з працягам гэтага праекта;
  • Элеанора Ляхновіч з казкай «Турба-Элік і яго сябры» (твор быў ілюстраваны аўтарам);
  • 13-гадовая Мілана Пасанен з дзённікавымі гісторыямі «Королева рулета», якая, са словаў журы, сталася сапраўдным адкрыццём конкурсу. 
  • Наталля Рудак з перакладам «Маленькай вядзьмаркі» Отфрыда Пройслера;
  • Ксенія Шталенкова з працягам прыгодніцкага рамана для падлеткаў «Адваротны бок люстра».

Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу «Экслібрыс» адбудзецца 12 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Пачатак у 18.00. 

«Экслібрыс» імя Янкі Маўра — конкурс для літаратараў, не старэйшых за 40 год. У склад журы ўваходзілі вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі: Алена Масла, Пятро Васючэнка, Алесь Пашкевіч, Серж Мінскевіч, Людміла Рублеўская. Працы пераможцаў будуць апублікаваны ў часопісе «Дзеяслоў» і газеце «Літаратурная Беларусь». 

12:45, 11/09/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0654 seconds.