Хоць кактусы любі, а закон парушыш

Выезд на стажыроўкі за мяжу ці служба ў войску – хворыя пытанні для беларускай моладзі. Што яшчэ можа хваляваць тых, каму ад 14 да 31 года, і які адзіны шлях да вырашэння праблемы, распавядалі 25 верасня на прэзентацыі аналітычнага агляду Прававога становішча моладзі ў Рэспубліцы Беларусь.

Бясплатная адукацыя за грошы 

Першае і набалеўшае для студэнта – бясплатная адукацыя. З ёй няма праблем, таму што і яе… няма: альбо ты плаціш, і за 5 год кошт вырастае ў разы, альбо едзеш на адпрацоўку-размеркаванне. За выкананне канстытуцыі бюджэтнік мусіць аддаць каля 5 000 даляраў дзяржаве (прыкладная лічба, агучаная бугалтэрыяй адной з ВНУ ў 2012 годзе) – каб жыць, дзе хочацца, і працаваць, дзе хочацца.

А размяркоўваюць у Беларусі, дарэчы, не толькі на 2 гады. На 5 — вайскоўцаў. У 2010 годзе толькі каля 8% бюджэтнікаў змаглі скарыстацца правам на самастойны пошук працы. Дадамо, што заробак у маладых спецыялістаў звычайна ніжэйшы і нярэдка яны выконваюць не свае (ці не толькі свае) абавязкі на працы, бо для звальнення з месца размеркавання трэба жалезная воля і любоў да юрыспрундэнцыі альбо пяць юрыстаў.

Калі вы вырашылі выехаць на навучанне за мяжу – таксама будзьце гатовыя абіць шмат парогаў, бо, па-першае, рашэнне прымае рэктарат, і не заўсёды гэта проста і хутка, па-другое, аргументам супраць будзе тое, што вы прапусціце частку заняткаў. Дарэчы, сістэма перазаліку навучальных дысцыплін (у нас не дзейсны «іх уражэскі» дыплом, напрыклад) – адна з прычын таго, што Беларусь дагэтуль не ў Балонскім працэсе.

Ідэалагічнае мовазнаўства

— Мы ведаем выпадкі, калі для паступлення ў ВНУ праводзіцца сумоўе і для таго, каб паступіць у ВНУ, трэба быць сябрам нейкай – нейкай пэўнай — грамадскай арганізацыі, — каментуе аўтарка даследвання Дар’я Каткоўская. Дадамо, што здараюцца выпадкі, калі без гэтага адміністрацыя адмаўляецца зніжаць плату за навучанне.

І нават, калі вы студэнт Універсітэта культуры і мастацтваў – «кулька», дзе кітайцы вар’яцеюць за айпадамі, не ў сілах перакласці з беларускай – нават там у вас наўрад ці атрымаецца рэалізаваць сваё права на адукацыю на «адной з дзяржаўных моваў». З навучаннем на беларускай у нас праблемы. Хаця адважным, якія перакладаюць усе лекцыі, часам трапляюцца бонусы:

— Что это за тетрадь, откуда вы её достали !? А… о…лекцыя нумар пяць... адзінаццаць, хм. Залічана!

Быць прадпрымальнікам, каб стаць прадпрымальнікам 

Яшчэ цікавы парадокс: калі вы жадаеце стаць маладым прадпрымальнікам да 18 год, то тут закон «падвісае»: для гэтага вам трэба быць... прадпрымальнікам. То бок у бізнэс можа пайсці толькі цалкам дзеяздольны грамадзянін (эмансіпаваны): 18-цігадовы, альбо ў шлюбе, альбо... прадпрымальнік. Яшчэ ў Беларусі не бывае ільгот для маладых бізнэсмэнаў.

Грамадзянская служба для службовага карыстання 

Калі вы па рэлігійных поглядах будыст ці па жыцці хіпі – спачуваем: магчыма, вам давядзецца трымаць зброю ў руках. Права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў вас ёсць, але ніхто не ведае, як гэта: закон пра яе яшчэ не прыняты і мае першую ступень сакрэтнасці – «для службовага карыстання». Адстойваць сваё права даводзіцца доўга і ўпарта. Добра, што за гэта вы не зробіцеся «крымінальнікам» – з 2012 году за гэта не пераследуюць.

На хвалі 193.1 BRSM

193.1 – гэты нумар артыкула зрабіўся прыгаворам для незарэгістраваных арганізацый у Беларусі. І, як кажуць аўтары даследавання, хоць вы збярыцеся ўтрох ды кактусы любіце, усё адно закон будзе парушаны. Дарэчы, у Беларусі больш за 50% грамадскіх аб’яднанняў, якія рэгіструюцца штогод – спартыўныя. І агулам мала хто з НДА мае заўважны маштаб дзейнасці. І толькі пра БРСМ ведаюць усе, ён з’яўляецца манапалістам і спажывае грошы, якія ў нас штогод вылучаюцца на падтрымку моладзевай палітыкі, а гэта каля 4,5 млн даляраў на год.

Чацвёртая частка насельніцтва Беларусі – моладзь, 2,4 мільёны чалавек. І адзінае, што моладзь можа зрабіць з праблемай – шукаць спосабы і вырашаць яе. Як бы не абмяжоўваў артыкул 193.1 і тое, што цяжка атрымаць фінансаванне, асабліва на недасінанімічны шэраг выбары – правы чалавека – экстрэмізм (паводле Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці). Як казалі выступоўцы, баяцца не трэба.

Поўны тэкст дакумента (распрацаваны Цэнтрам прававой трансфармацыі для Нацыянальнай Рады моладзевых і дзіцячых арганізацый “Рады”).


Ганна Валынец 12:01, 26.09.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0709 seconds.