Гурт Akute зняў першы кліп



Гурт Akute прэзентаваў на партале Ultra-Music.com свой першы афіцыйны кліп. Відэа на новую песню «Бегчы» зрабіў рэжысёр Арцём Лобач, а здымкі праходзілі на хутары Шаблі пад Мінскам.

— Сюжэт кліпа спланаваны, але ўся гісторыя перацякла ў чыстай вады сюр: дзяўчына быццам бы хаваецца ад нас, а мы яе даганяем (як фабула самой песні «Бегчы»). У выніку атрымаўся проста візуальны шэраг, як у відэа Depeche Mode, — распавядае басіст Akute Раман Жыгараў.

Па словах музыкаў, кліп немагчыма зразумець лагічна: ён больш нагадвае падарожжа на мяжы сну і рэальнасці.

— Арцём Лобач наогул здымае кіно, і нам было важна, каб атрымалася цікавая карцінка: не сумная і, вядома ж, не зусім «мясцовая», — тлумачыць Раман. — Мы даверыліся ўменню рэжысёра. Наша справа - музыка, а далей пачынаецца альбо правільнае яе ўспрыманне іншым чалавекам, альбо бездань…. У дадзеным выпадку Арцём зразумеў наш настрой. Гэта быццам бы залезці каму-небудзь з нас у галаву і паглядзець на думкі.

Зараз Akute сканчаюць запіс свайго трэцяга альбому, песні з якога ўжо можна пачуць падчас канцэртаў. Бліжэйшыя выступы гурта адбудуцца ў Маскве (23 лістапада) і Салігорску (29 лістапада).


16:26, 21.11.2013 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0712 seconds.