Адзначыць Каляды ў беларускай вёсцы, якую CNN уключыла ў топ-10 найлепшых

«Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» запрашае ў вандроўку на святкаванне Калядаў 5-7 студзеня ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна да фальклорнага-этнаграфічнага гурта «Міжрэчча».

У вёсцы Пагост першым у нашай краіне ў 2004 годзе ўзяты пад ахову дзяржавы абрад на свята Юр’я «Карагод», як аб’ект нематэрыяльнай культурнай спадчыны (у літаратуры — «Тураўскі карагод», бо з’яўляецца этнічнай адметнасцю жыхароў Тураўшчыны). Абрад вядомы амаль ва ўсіх вёсках Тураўшчыны, аднак у жывым бытаванні яго захаваў толькі фальклорна-этнаграфічны гурт «Міжрэчча», створаны ў 1980 годзе выдатнай спявачкай і захавальніцай традыцыйнай культуры вёскі Кацярынай Аляксееўнай Панчэня. Гурт захоўвае матэрыяльную і нематэрыяльную культуру сваёй вёскі, звычаі і абрады, характэрныя для жыхароў Тураўшчыны.

У 2010-м годзе беларуская вёска Пагост заняла трэці радок ў спісе найлепшых месцаў для святкавання Калядаў па версіі тэлекампаніі CNN.

Праграма тура

5 студзеня заезд у Тураў наведаць музей, 2 царквы (адзін новы сабор, у другой царкве 2 каменных крыжы), Барыса-Глебскія могілкі (дзе расце камены крыж), замчышча.

Тураўшчынай называюць мiжрэчча Прыпяцi i яе правабярэжных прытокаў — Гарынi i Сцвiгi з часткай прылеглай тэрыторыі з усходу i поўдня. Гэта быў земляробчы, рамеснiцкi i духоўны аазiс на тэрыторыі нашай краiны яшчэ з дахрысцiянскiх часоў. Вёска Пагост — адно з самых старажытных паселiшчаў у гэтым рэгiёне. Яна знаходзіцца, як у клінку, у міжрэччы Прыпяці і Сцвігі і з’яўляецца паўночна—усходняй кропкай Тураўшчыны.

Улічваючы што 5-6 студзеня гэта яшчэ пост, можна будзе пакаштаваць мясцовыя посныя стравы, пачуць і паспяваць разам поставыя песні, убачыць, як робяць саламянага павука, папяровыя кветкі, калядныя маскі ….

І ўрэшце абавязкова паўдзельнічаць у падрыхтоўцы да Калядаў (6 студзеня) і, безумоўна, у самім абрадзе (7 студзеня).

Як тлумачыць Рэгіна Станіславаўна Гамзовіч:

«Першы дзень Раства на іх гаворцы называецца Каляда — ідуць па вёсцы з каляднай зоркай, званочкам абвяшчаючы радасную вестку, спяваюць пад вокнамі песні-калядкі. Сярод песень-калядак ёсць «прахадная песня» з такімі словамі: «паехала каляда з канца ў канец». Значыцца, значэнне слова “каляда” — гэта трохдзённае святкаванне, пачынаючы з Раства 7 студзеня; затым агульнавядомая каляда — гэта пачастунак калядоўшчыкам, які складаецца са страў з забітага кабана, пірагоў (хлеб з пшанічнай мукі), іншых дароў за спяванне і віншаванне са святам; а таксама цыкл свят у гонар зімовага сонцавароту, які складаецца з Раства, Шчадраца і Вадохрышча. У пагашчан каляда — гэта таксама гурт, які ідзе з песням-калядкамі і прыносіць свята ў кожную хату».

А гэта значыць, што пасля вандроўкі будзе досыць часу праверыць атрыманая веды на практыцы: пакалядаваць, павіншаваць родных і сяброў.

Рэгіна Станіславаўна раскажа шмат цікавага пра Тураўшчыну, в. Пагост і гурт «Міжрэчча», не кажучы ўжо пра калядную традыцыю.

Забяспечыць начлегам ласкава прапанавалі ўдзельніцы гурта «Міжрэчча».

Вам спатрэбяцца грошы на праезд, наведванне музея і харчаванне (300-400 тысяч беларускіх рублёў, паколькі кошт праезду ў адзін бок на маршрутцы —110 тысяч рублёў).

Арганізатары: РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства». Грамадскі эксперт у традыцыйнай культуры Рэгіна Гамзовіч.

Заяўкі і пытанні чакаюць на нумар +375 25 9059589 (Настасся).

P.S. Вопыт правядзення этнаграфічных вандровак, экспедыцый і святаў падказвае: «Лепш адзін раз на сабе адчуць прыгажосць і шчырасць традыцыйнай культуры і яе носьбітаў, чым 5 рэпартажаў паглядзець!»

Фотаздымкі прадастаўленыя РМГА «СЭТ»


15:52, 26.12.2013 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.061 seconds.