Туркменскага студэнта за бойку ў Баранавічах выслалі на радзіму

Грамадзянін Туркменістана, студэнт юрыдычнага факультэта Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна высланы на радзіму за ўдзел у бойцы ў Баранавічах.  


Студэнты з Туркменістана трымаюць лідэрства сярод замежных студэнтаў у Беларусі. Фота gstu.by

З санкцыі пракурора студэнта пад канвоем даставілі ў Менск, дзе 24 снежня планавым рэйсам адправілі на радзіму. На працягу трох гадоў яму забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. У дачыненні да яго ўжыты артыкул 30 закона «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», адна з нормаў якога абвяшчае, што замежніку можа быць адмоўлена ў візе на ўезд у краіну, калі яго знаходжанне супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян і іншых асоб.

Хлопец, як піша Белта, ужо неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за парушэнне правілаў знаходжання на тэрыторыі нашай краіны. Яшчэ будучы студэнтам Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта, адкуль гэтай восенню ён перавёўся ў БрДУ імя А.С.Пушкіна, туркмен збіў двух беларускіх дзяўчат. Ён жа з'яўляўся і адным з завадатараў снежаньскага канфлікту ў Баранавічах.

У выніку бойкі 13 снежня непаўнагадовы жыхар Баранавічаў 1998 нараджэння атрымаў закрыты пералом левага перадплечча. За ўчыненне дробнага хуліганства супрацоўнікі міліцыі затрымалі грамадзяніна Туркменістана 1994 года нараджэння. Пастановай Баранавіцкага гарадскога суда паводле арт.17.1 КаАП ён быў падвергнуты штрафу ў памеры Br260 тыс.

Па факце бойкі Баранавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу.

11:28, 27/12/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0739 seconds.