Адкрыты ліст выпускнікоў ЕГУ ў сувязі з унутраным канфліктам ва ўніверсітэце

Generarion.by публікуе адкрыты зварот выпускнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Зварот падпісалі болей за 120 чалавек, збор подпісаў працягваецца.

Мы, выпускнікі ЕГУ, надзвычай занепакоеныя той няпростай сітуацыяй, якая склалася ў нашым універсітэце.

Перш за ўсё мы хочам выказаць шчырую падзяку ўсім супрацоўнікам універсітэта, якія працавалі над праектам ЕГУ ў Мінску і якія пазней здолелі паспяхова адрадзіць універсітэт у Вільні.

Сёння ЕГУ зноў знаходзіцца ў стане трансфармацыі, што выклікана неабходнасцю адпавядаць сучасным літоўскім і міжнародным стандартам адукацыі. У СМІ з’явілася нямала паведамленняў, якія сведчаць пра існаванне супрацьстаяння ўнутры ўніверсітэта. Адміністрацыя прыкладае намаганні па аптымізацыі менеджменту, кадравай палітыкі і бюджэту навучальнай установы. У гэты ж час істотная частка выкладчыкаў заяўляе пра сваю адлучанасць ад працэсу прыняцця рашэнняў ва ўніверсітэце.

На жаль, дыскусія адносна таго, якой мае быць будучыня ЕГУ, прымае небяспечную форму. Гэта, у сваю чаргу, негатыўным чынам адбіваецца на навучальным працэсе, іміджы ўніверсітэта і выніках уступнай кампаніі. Нам балюча назіраць, як унікальны адукацыйны праект няславіць сваю рэпутацыю.

Мы асобна звяртаем увагу на тое, што ў апошнія гады ва ўніверсітэце сфармаваўся сапраўды ўнікальны педагагічны асяродак. Гэта выкладчыкі высокага ўзроўню, якія прапанавалі нам адрознае ад афіцыйна-дзяржаўнага стаўленне да адукацыйнага працэсу і асобы студэнта. Дзякуючы ім мы навучыліся крытычна мысліць, знаходзіць творчыя падыходы і ўсведамляць сваю адказнасць перад беларускім грамадствам. Мы давяраем нашым выкладчыкам, а таксама спадзяемся, што ў выніку рэформаў для іх будуць створаныя ўсе неабходныя ўмовы для педагагічнай і навуковай дзейнасці.

Мы заклікаем кіраўніцтва ЕГУ звярнуць пільную ўвагу на існаванне ўнутраных супярэчнасцяў ва ўніверсітэце, а таксама стварыць больш спрыяльныя ўмовы для таго, каб розныя галасы маглі быць пачутымі.

Мы заклікаем усе бакі канфлікту адмовіцца ад прыватных амбіцый і катэгарычных фармулёвак. Памятайма пра нашую асаблівасць. Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт заўжды годна пераадольваў выпрабаванні; у значнай ступені дзякуючы таму, што нас аб’ядноўвала агульная «ідэя Універсітэта». Няхай так будзе і надалей.

Збор подпісаў працягваецца. Кожны выпускнік можа азнаёміцца са зваротам і паставіць свой подпіс тут.

Папярэднія публікацыі Generation.by, прысвечаныя канфлікту ў ЕГУ


15:01, 20.01.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0569 seconds.