Пяць неверагодных рэчаў, што здарыліся ў ЕГУ

ЕГУ

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адзін скандал змяняецца іншым. Гісторыю ўніверсітэту нельга назваць сумнай, але гэты год, пэўна, стане рэкордным па колькасці падзей, і не заўжды станоўчых. Пасля звальнення найбольш гучнага крытыка адміністрацыі ЕГУ кіраўніка Сенату ўніверсітэту Паўла Церашковіча, значная колькасць выкладчыкаў заявіла пра неабходнасць адстаўкі кіраўніцтва ўніверсітэту. У Інтэрнэце з’явілася адразу некалькі петыцый, у тым ліку і зварот студэнтаў універсітэту, што падтрымліваюць пазіцыю гэтых выкладчыкаў. У адказ адміністрацыя ЕГУ не толькі адмовілася задавольваць апошнія патрабаванні акадэмічнай супольнасці, але і папярэдзіла аб новых магчымых звальненнях.

З гэтага віру здарэнняў мінулага тыдня мы выбралі пяць знакавых для ўніверсітэту і для ўсёй сучаснай беларускай адукацыі крокаў, на якія наважыліся і да якіх аказаліся здольнымі выкладчыкі і студэнты ЕГУ. Пэўна, ніводны з іх немагчыма ўявіць ні ў якім іншым сучасным беларускім універсітэце.

1. Рыхтаваць забастоўку

Дайшло да таго, што цяпер выкладчыкі ЕГУ, па прызнанні аднаго з сенатараў універсітэту і вядомага беларускага культуролага Максіма Жбанкова, рыхтуюць ні што іншае за забастоўку. Распачацца яна мусіць у новым семестры, які ў ЕГУ у адрозненні ад беларускіх універсітэтаў пачынаецца даволі позна — у сакавіку. Выглядае, што такі метад адстойвання сваёй пазіцыі выкладчыкі выбралі вымушана, калі, здавалася самыя радыкальныя заклікі ўжо не дапамагаюць. Дэталі забастоўкі выкладчыкі пакуль не распаўсюджваюць. Але ёсць верагоднасць, што да забастоўкі далучацца нават студэнты. Бо сярод апошніх нямала тых, хто падтрымлівае якраз бок выкладчыкаў, а не адміністрацыю.

Зрэшты, адзін з прарэктараў ЕГУ Дарыюс Удрыс наперад ужо назваў забастоўку незаконнай і намякнуў на далейшыя звальненні: «Я не бачу вялікай пагрозы таго, што значная колькасць нашых выкладчыкаў сыдуць», — заявіў ён у інтэрв’ю naviny.by.

2. Выразіць недавер рэктару і двум прарэктарам і заклікаць іх пайсці ў адстаўку

Яшчэ тыдзень таму з’яўлення падобных тэкстаў за подпісам вядучых выкладчыкаў універсітэту было проста немагчымым. Але цяпер у Інтэрнэце ідзе актыўны збор подпісаў адразу пад чатырма петыцыямі. Тры з іх тычацца звальнення Паўла Церашковіча, і яны з’явіліся адразу пасля весткі пра яго канчатковы сыход з універсітэту, такім чынам падтрымліваючы даволі незвычайную форму закліку да рэктара Анатоля Міхайлава пакінуць сваю пасаду: «вярнуцца да вытокаў […], у акадэмічны калектыў».

За першую петыцыю падпісаліся болей за 400 чалавек. Пад яшчэ адной, дзе гаворыцца пра неабходнасць сыходу двух з трох прарэктараў універсітэту, подпісаў нашмат менш, але тое можна патлумачыць адсутнасцю ўвагі і ейнай рэкламы ў сацсетках (у адрозненні ад першай). Аўтарамі петыцый, не хаваючы свайго імя, выступаюць вядомыя даследчыкі і выкладчыкі ЕГУ: Вольга Шпарага і Таццяна Чуліцкая.

Афіцыйны адказ на заклікі да сыходу, фактычна, усёй вышэйшай універсітэцкай адміністрацыі, выкладчыкі пакуль не атрымалі. Але на тое, што падобныя петыцыі нейкім чынам змогуць змяніць сітуацыю, на жаль, надзея вельмі невялікая. Болей за два тыдні таму даволі нейтральная петыцыя з заклікамі да міру і павагі, распрацаваная і падпісаная выпускнікамі ЕГУ (амаль 200 чалавек самых розных гадоў выпуску, у тым ліку і «мінскага перыяду»), спарадзіла не болей за тры адказы на трох мовах з боку зацікаўленых бакоў. Але бакі тыя замест таго, каб пайсці на перамовы, пасварыліся яшчэ мацней, што і прывяло да цяперашняй сітуацыі. Зрэшты, той факт, што выкладчыкі і студэнты не баяцца выказваць сваё меркаванне публічна, ужо ёсць вялікім крокам не толькі для ЕГУ і ягонага кам’юніці, але і для ўсёй беларускай адукацыі.

3. Выбраць студэнцкае самакіраванне, якое збярэ 300 подпісаў пад крытычным зваротам да адміністрацыі

Яшчэ адна з цікавостак канфлікту ў ЕГУ, якую цяпер немагчыма ўявіць ні ў водным беларускім універсітэце, аказалася цалкам «на сумленні» студэнтаў універсітэту. На тле крызісу ва ўніверсітэце з’явілася, пэўна, самае моцнае і сапраўды незалежнае ад адміністрацыі студэнцкае самакіраванне. І пазіцыя гэтых студэнтаў далёка не выйгрышная для адміністрацыі ўніверсітэту: адразу пасля звальнення кіраўніка Сенату спадара Церашковіча ўсе студэнты ўніверсітэту атрымалі ліст з заклікам паставіць подпіс пад зваротам у абарону выкладчыка, які нават не паспеў і, калі нічога не зменіцца, выглядае, ніколі не паспее выставіць сваім студэнтам адзнакі за апошні іспыт. Петыцыя, пад якой паставілі подпісы ўжо некалькі сотняў студэнтаў універсітэту (лічба вялізная ўлічваючы вельмі невялікі маштаб універсітэту — у мінулым годзе лічба студэнтаў дзённага аддзялення не сягала за 600), заклікае не толькі аднавіць кіраўніка сенату на пасадзе, але і спыніць далейшыя звальненні выкладчыкаў, пра якія ўжо даволі смела гаворыць адміністрацыя.

Адной з аўтарак студэнцкай петыцыі стала новаабраная прэзідэнтка гэтага самакіравання — Студэнцкага прадстаўніцтва — Марыя Сляпцова. У сваім звароце, які быў апублічаны праз сацыяльныя сеткі, яна гэтак патлумачыла пазіцыю студэнтаў:

«Справа не ў персаналіі, а ў тым, што калі ёсць прэцэдэнт, ёсць і страх, што наступным звольняць твайго любімага выкладчыка. І ты не зможаш нічога зрабіць. Таму подпісы пад просьбай адмяніць рашэнне аб звальненні П. В. Церашковіча працягваюць з’яўляцца. І прызнаюся, што мне радасна бачыць такую студэнцкую салідарнасць».

4. Атрымаць падтрымку міжнароднай навуковай супольнасці

За час знаходжання ў Вільні ЕГУ стаў адным з нешматлікіх месцаў, дзе замежныя даследчыкі Беларусі маглі без перашкодаў звяртацца непасрэдна да беларускай аўдыторыі — выкладчыкаў і студэнтаў — з вынікамі сваёй шматгадовай працы, знаходзіць натхненне і матэрыял для працягу даследавання. Шмат хто з гэтых людзей меў адкрытыя лекцыі ў сценах ЕГУ, нехта праводзіў тут свае семінары, збіраў матэрыял для даследаванняў. Сёння некаторыя з гэтых даследчыкаў таксама вырашылі падтрымаць звольненага Паўла Церашковіча як выбітнога навукоўца.

Распачаць збор подпісаў пад лістом падтрымкі звольненага выкладчыка заклікаў прафесар універсітэту Альберты ў Канадзе, аўтар некалькіх кніг пра Беларусь Дэвід Марплз. Аднак пасля з’яўлення петыцый, ініцыяваных выкладчыкамі ЕГУ, замежныя даследчыкі далучыліся да беларускіх калегаў, і іх подпісы з’явіліся пад адной з тых петыцый, што былі размешчаныя на платформе change.org. Той жа Дэвід Марплз, да прыкладу, назваў «ганьбай» стаўленне адміністрацыі «адзінага свабоднага беларускага ўніверсітэта» да Паўла Церашковіча.

5. Запрасіць міжнародных экспертаў рыхтаваць крытычную справаздачу, ведаючы, што яна з’явіцца онлайн

У гэтай сітуацыі шмат хто са знешніх назіральнікаў з цікаўнасцю звяртае позірк на тых, хто ўвесь час падтрымлівае ўніверсітэт: ягоных спонсараў, сярод якіх урады шматлікіх краін ад Паўночнай Амерыкі да ЕС, прыватныя фонды і арганізацыі. Але голас прадстаўнікоў гэтых арганізацый пакуль у канфлікце вакол ЕГУ публічна не гучаў. Яго ў пэўнай ступені замяніла справаздача ацэнкі дзейнасці ўніверсітэту, падрыхтаваная камісіяй Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, што вельмі сімвалічна была апублікаваная надоечы скандальнага звальнення Паўла Церашковіча.

Эксперты еўрапейскай акадэмічнай супольнасці былі запрошаныя адміністрацыяй ЕГУ яшчэ ў мінулым годзе. У камісію Асацыяцыі ўвайшлі былыя кіраўнікі нямецкіх і гішпанскіх універсітэтаў, студэнтка і прадстаўнік самой асацыяцыі. Найбольш цікавымі з шматлікіх рэкамендацый, пазначаных у справаздачы, можна назваць заклік да далучэння да працэсу прыняцца рашэнняў беларускіх арганізацый, што бачаць ЕГУ як адзін з істотных інструментаў у «аднаўленні дэмакратыі ў Беларусі». На думку камісіі, такія арганізацыі маглі б істотна падтрымаць ЕГУ маральна ва ўмовах існавання супрацьстаяння трох меркаванняў пра будучыню універсітэту: зрабіць ЕГУ больш «літоўскім», пашырыць ягоную місію па-за беларускімі пытаннямі, ці захаваць Беларусь у цэнтры дзейнасці ўніверсітэту. Апошні варыянт, паводле справаздачы, ёсць найбольш папулярным ва ўніверсітэце.

Акрамя гэтага ЕГУ заклікалі вызначыцца з ягонай моўнай палітыкай. Ва ўніверсітэце працуюць адразу з чатырма мовамі: расейскай, ангельскай, літоўскай і беларускай — што спараджае рызыку неразумення. Адзначаецца жорсткае скарачэнне колькасці студэнтаў за тры гады з 1 965 да 1 448, што можа быць звязаным не толькі з адсутнасцю магчымасці весці адкрытую кампанію па наборы ў Беларусі, але і з высокай платай за адукацыю. Пры гэтым справаздача заяўляе, што Вільня для ЕГУ ужо не ёсць часовым домам. Цяпер універсітэт рыхтуецца застацца ў Літве на доўгі час.


Алесь Герасіменка 10:00, 10.02.2014 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0479 seconds.