«Жыві ў сваім свеце, гуляй у нашым» ды іншыя логасы ў галерэі «Ў»

Сёння ў галерэі «Ў» адчынілася выстава Канстанціна Селіханава. Праект «Логасы. Тое, што робіць нашае жыццё камфортным» увабраў у сябе шэраг словаў, каментаў, мэсыджаў, вядомых і невядомых ісцін.

Праект «Логасы. Тое, што робіць нашае жыццё камфортным» Канстанціна Селіханава пра тэксты, важныя словы і паняцці. Пра тое, што растыражаваны біблейскі міф «напачатку было слова» ператварыўся ў зручныя гатовыя рэцэпты для жыцця. Чужыя думкі, словы, назвы і кантэнты выбудоўваюць нашае разуменне рэчаіснасці.

Мастак прадстаўляе тры «ўзроўні» тэкстаў-логасаў, якія забяспечваюць наш камфорт і што з'яўляюцца таксама маркерамі развіцця еўрапейскай цывілізацыі: цытаты аўтараў фундаментальных філасофскіх прац, якія ператварыліся ў беспярэчныя меркі ісціны/праўды (Friedrich Hegel, Karl Marx, Menschliches Allzumenschliches Friedrich Nietzsche, Charles Darwin), тэксты і мэсэджы масавай культуры, якія спрацоўваюць безадмоўна, а таксама логасы, прапанаваныя самім аўтарам. Апошнія не ўваходзяць у супярэчнасць з агульнапрынятымі ісцінамі, але нанова запускаюць сэнсавае напаўненне, ператвараючы форму і змест у адкрытую структуру, даступную кожнаму.

Праект Селіханава з'яўляецца своеасаблівым медыятарам, правадніком і адначасова пасярэднікам паміж словам і яго сэнсам. Праз арт-аб'екты, злучаныя ў інсталяцыю, сувязь паміж тэкстам - формай — зместам становіцца навочнай. Мастак кажа з дапамогай метафар, і метафары тут з'яўляюцца візуалізаваным логасам.

Фотарэпартаж з адкрыцця выставы 


Выстава працуе па 30 сакавіка 2014 года
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» | Мінск, праспект Незалежнасці 37а 
11:00 - 22:00 будні | 12:00 - 22:00 выходныя


Julia Fox 22:00, 06.03.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0983 seconds.