AD.NAK развяжа рукі рэкламшчыкам

Сёння трэнд спалучэння глабальнага і лакальнага, альбо Glocal, вельмі папулярны ў свеце. Для бізнесу гэта значыць развіваць справу глабальна, надаючы пры гэтым значную ўвагу мясцовым умовам.

Менавіта таму сёлетні Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! разам са студыяй брэндынгу On Foot ладзіць конкурс “Брэнд-перазагрузка” і прапануе ўдзельнікам ператварыць мясцовыя гандлёвыя маркі і брэнды так, каб яны адназначна ўспрымаліся як беларускія.

Згоду здацца на літасць дызайнераў, арт-дырэктараў і іншых спецыялістаў, якія займаюцца стварэннем новых гандлёвых марак і брэндаў, далі “Онега”, AIST,  “Сочный”і M1NSK.

Па-першае, нам цікава ўбачыць новы, свежы погляд на наш брэнд. Па-другое, удзел у конкурсе — лагічны працяг нашай кампаніі “Пакаленне чэмпіёнаў” пра новае пакаленне новых адважных беларусаў, — расказвае пра матывы ўдзелу ў конкурсе Вольга Седзіна, дырэктар па маркетынгу кампаніі “Аазіс”.  

На думку Вольгі, “развіццё рынку маркетынгу і рэкламы — хутчэй другарадная задача; значна важнейшы пазітыўны ўплыў беларускай мовы і іншых беларускіх атрыбутаў у рэкламе на разуменне і прыняцце беларусамі сваёй ідэнтычнасці”.

Мэтавая аўдыторыя конкурсу: дызайнеры, арт-дырэктары і іншыя спецыялісты, якія працуюць у галіне стварэння новых гандлёвых марак і брэндаў.

Конкурс цалкам развяжа рукі рэкламшчыкам, і таму вынік яго непрадказальны. Пэўна мы ведаем адно: павага, прызнанне і адмысловая статуэтка, а таксама каштоўныя прызы ад генеральнага партнёра Фестывалю, кампаніі velcom, атырмаюць самыя адважныя і адметныя удзельнікі. А кампаніі, якія пагадзіліся на такі эксперымент са сваімі гандлёвымі маркамі, атрымаюць шанец адмыслова аднавіць свае брэнды.

Дэдлайн прыёму працаў – 9 чэрвеня.

Каб узяць удзел у конкурсе, трэба абраць гандлёвую марку са спіса, спампаваць зыходнік з яе айдэнтыкай, а таксама гід па айдэнтыцы і азнаёміцца з ім.

Гатовы праект трэба запампаваць не пазней за 9 чэрвеня ў раздзеле “Падаць работу”.

Пераможцы конкурсу будуць вызначаныя рашэннем сябраў журы, у склад якога ўвойдуць вядомыя спецыялісты па маркетынгу і брэндынгу Беларусі.

Канцэпты пераможцаў будуць разгледжаныя брэндамі-ўдзельнікамі ў якасці праектаў для далейшай практычнай рэалізацыі.

Колькасць удзельнікаў у конкурсе неабмежаваная. Да ўдзелу прымаюцца толькі індывідуальныя работы. Кожны ўдзельнік можа прадставіць на конкурс праекты па ўсіх брэндах гэтага конкурсу.

12:00, 12/05/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.2534 seconds.