Беларусы вырваліся ў лідэры планеты па ўжыванні алкаголю

Беларусы імкліва вырваліся ў лідэры планеты па ўжыванні алкаголя

Паводле новай справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь цяпер займае першае месца ў свеце па колькасці спажывання алкаголю. За год у нашай краіне распіваецца па 17.5 літраў чыстага спірту на дарослага чалавека. Беларусы за некалькі год зрабілі рывок з дзясятага месца адразу на першае. Жыхары Малдовы, якія ўпэўнена трымалі раней пяршынства планеты, саступілі націску беларусаў у алкарэйтынгу. 

Беларускія 17.5 літраў болей чым у два разы перавышаюць паказчык, з якога на думку экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пачынаецца дэградацыя нацыі. Аднак небяспечныя «8 літраў спірту на чалавека штогод» перавышаюць і фактычна ўсе еўрапейскія краіны. Тым часам каля 48% насельніцтва Зямлі наогул ніколі не спрабавалі спіртовыя напоі. Дзякуючы ім статыстыка сярэдняга ўжывання спірту чалавекам па планеце складае каля 6 літраў на год.

З папярэдняй справаздачы за 2011 год у рэйтынгу дзяржаваў па ўжыванні алкаголя адбыўся яшчэ адзін вялікі рывок. Краіна, у якую беларусы масава ганяюць у Акропаліс ды за півам Швітурыс, імкліва ўзляцела з 25 месца на трэцяе. У Літве па дадзеных СААЗ цяпер ужываюць каля 15.4 літра спірта на чалавека штогод.

Іншыя лідэры рэйтынгу амаль не змяніліся. 

Кампанію літоўцам і беларусам у тройцы лідэраў складаюць малдаване, а крыху меней выпіваюць расіяне. Усходнія суседзі беларусаў ужываюць стабільна шмат і надзейна трымаюць за сабой чацвёртае месца з лічбай 15.1 літра. Украінцы пьюць крыху меней за расіян і займаюць наступную за імі прыступку алкагольнага спісу СААЗ.

Алкагольныя напоі трымаюць папулярнасць сярод беларусаў незалежна ад полу. Беларускі не адстаюць ад хлопцаў і пьюць больш за ўсіх жанчынаў на планеце — каля 9 літраў чыстага спірту на год. Кожны беларускі мужчына ў сярэднім выпівае за год каля 27.5 літра чыстага спірту або 75 грам кожны дзень. Гэта прыблізна адна бутэлька гарэлкі на трох або тры бутэлькі піва на аднаго.

Алкагольныя густы беларусаў паводле даследавання Сусветнай арганізацыі аховы здароўя змяняюцца ў бок мацнейшых напояў. Піва раней займала ў рацыёне беларускіх грамадзян каля 20%, а віно каля 9%, але іх выціснулі больш моцныя напоі. Гарэлка і ёй падобныя рэчы складаюць цяпер амаль палову (49%) ад таго алкаголю, што п'юць у Беларусі. Яшчэ 31% прыпадае на танныя пладова-ягадныя віны.


Ягор Канапкін 17:39, 12.05.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0643 seconds.