Украіна знутры: Рэвалюцыя ў правінцыі

Жытомір

Калі прыязджаеш ва ўкраінскую правінцыю, з’яўляецца адчуванне, што дух патрыятызму зашкальвае. Хадзіць з украінскімі сцягамі, вешаць сцягі на машыны і будынкі, хадзіць у вышыванках і цішотках «Я ўкраінец» — гэта модны трэнд. Тое самае можна сказаць і пра абласны цэнтр Жытомір, што ў 150 кіламетрах ад Кіева і 200 км ад беларускага Палесся.

«Я быў на плошчы, калі штурмавалі будынак міліцыі, але вырашыў не штурмаваць, бо баяўся запэцкаць вопратку», — сябра руху «Незалежныя нацыяналісты» Вова распавядае пра падзеі лютага, калі ў Жытомір прыйшла ўкраінская рэвалюцыя. Тут яна, гледзячы па ўсіх прыкметах, і засталася.

Цяпер тыповую постсавецкую галоўную плошчу горада вянчае гранітны слуп, на якім яшчэ тры месяцы таму трымаўся Ленін. У час кульмінацыі рэвалюцыі «Правы сектар», а таксама мясцовыя фанаты даволі хутка знеслі скульптуру правадыра. Цяпер ля слупу фатаграфуюцца звычайныя людзі, а на самім ім вісіць вялізная сценгазета з выявамі людзей, што загінулі на Майдане. Знакаміты фотаздымак беларуса Міхаіла Жызнеўскага з бел-чырвона-белым сцягам — у самым цэнтры.

«Хочаце, мы з вамі акцыю зладзім?»

«Фанаты малайцы», — кажа сябра Вовы.

Вова ківае:

«У нас увогуле лёгка акцыю сабраць. Людзі стэлефаноўваюцца, у кантакце спісваюцца, і ўвечары выходзяць на акцыю, — раскрывае Вова механіку рэвалюцыі. — Хочаце, мы з вамі акцыю зладзім? У вас у Беларусі, мабыць, з гэтым цяжка?»

За суткі, ад моманту прыезду ў Жытомір да раніцы наступнага дня, я пабачыў тры даволі вялікіх шэсці ў цэнтры гораду. Усе з удзелам прыгожай моладзі ў вышыванках, з украінскімі сцягамі, часам часоў УПА, лозунгамі «Слава Украіне — Героям Слава!» і «Слава нацыі — смерць ворагам». Выглядае, гэтыя словы, як і нацыянальны гімн разам з сцягам, прынамсі ў гэтай частцы краіны, сталі сапраўднымі сімваламі яднання нацыі.

Дадатковага каларыту дадаюць крычалкі УПА кшталту «москалів — на ножы!» Іх з задавальненнем распявае моладзь, што прыйшла на афіцыйнае мерапрыемства, арганізаванае ўладамі гораду. Менавіта з яго пачынаецца мой другі дзень у горадзе: мяне будзяць воклічы «Слава Украіне!» Я разумею, што за вокнамі нешта адбываецца, і выбягаю з нумару на вуліцу. Аказваецца, мясцовыя ўлады вырашылі размесціць на будынку міліцыі вялізны (як яны кажуць, самы вялікі ва Украіне) сцяг. З гэтай нагоды ў цэнтры гораду з’явілася нямала святочна апранутых (вядома, у вышыванкі) людзей.

«Бандэра — быў нядрэнны чалавек», — Вова выкладае кароткую гісторыю Украінскай паўстанцкай арміі і пераключаецца на чуткі пра тое, што ў «Беларусі добрыя малочныя прадукты». Ён распавядае, што «Правы сектар» у горадзе слабы, а прарасійскі антымайдан увогуле болей не паказваецца. Выглядае, паверыць у тое, што нехта ў гэтым горадзе можа з’явіцца з расейскай стужкай, проста немагчыма.

Яшчэ адзін сімвал рэвалюцыі — жоўта-блакітанае піяніна. У Жытоміры ёсць сваё, якое стаіць на галоўнай пешаходнай вуліцы. Яно гэткае самае падрапанае, як і некаторыя з тых, што можна пабачыць на Майдане ў Кіеве і цяпер. На гэтай жа вуліцы і ў суседніх кварталах — дзясяткі абсалютна еўрапейскіх, але пры гэтым неверагодна танных рэстарацый і кавярняў. У «Львоўскай кавярні» — утульным месцы з ветлівым персаналам і класнай бібліятэчкай украінскай літаратуры — нас сустракае ўсмешлівая маладая дзяўчына, якая прапануе напісаць ліст у Жытомірскую брыгаду. Каб падтрымаць такім чанам мясцовых вайскоўцаў, што адправіліся на ўсход. Кажуць, вайскоўцы вельмі сур’ёзна ставяцца да такіх рэчаў. На сценах кавярні — выстава фота з супрацьстаянняў на Майдане. Фота можна набыць, і такім чынам падтрымаць войска.

Нябесная сотня

Некалькі дзён таму Жытомір паглыбіўся ў трохдзённы траўр. З Данецкай вобласці ў горад вярнулася некалькі трунаў з хлопцамі, што служаць у 95-й асобнай аэрамабільнай брыгадзе. Да шматлікіх фота герояў «Нябеснай сотні» на самаробных мемарыялах, раскінутых па ўсім горадзе, дадаліся яшчэ некалькі. Але патрыятычны дух, як адзначае чарнагорка Дуброва, што некалькі тыдняў таму прыехала ў горад дзеля назірання за прэзідэнцкімі выбарамі, выглядае, толькі ўзрос. «Нябесная сотня» складаецца ўжо далёка не са ста герояў, аб гэтым нагадваюць пустыя слоты на шыльдах з імёнамі загінулых у Кіеве. І гэтыя шматлікія мемарыялы — той сімвал, які нагадвае, як бы гэта пафасна ні гучала, пра кошт свабоды.

«Зброя» і «Парашэнка»

На іншым баку галоўнай плошчы Жытоміру — плот, а на плоце надпіс. Не, нічога нецэнзурнага. Проста «Не карупцыі». Складаецца ўражанне, што ўкраінцаў нічога акрамя палітыкі і вайны болей не цікавіць. На вуліцах час ад часу можна пачуць такія «звычайныя» для абывацеляў словы, як «гаўбіцы», «першы тур», «Парашэнка», «зброя». Людзі пераказваюць адно аднаму загадкавыя ролікі з прадказаннямі шчаслівай будучыні Украіны, да якой мусіць прывесці «жанчына з касой», апошнія падзеі антытэрарыстычнай аперацыі на Ўсходзе. Вайна і палітыка — галоўныя тэмы для размоваў

Адчуванне, што кіеўскі Майдан разросся і захапіў іншыя ўкраінскія гарады. І так і застаўся там у выглядзе пустых пастаментаў Леніна, мемарыялаў у гонар «Нябеснай сотні» і ўкраінскіх сцягоў. І таго, што было, ужо не вернеш.


Алесь Герасіменка 18:29, 24.05.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0522 seconds.