Моладзь Еўропы ў пошуках працы і самасвядомасці

Пра тое, як у сучаснай Еўропе падтрымліваюць актывізм пакалення Y — рэпартаж Ганны Старчык з нямецкага гораду Ахен, дзе ўзнагародзілі значныя моладзевыя праекты з ЕС адмысловай традыйцыйнай прэміяй імя Карла Вялікага.

Цудоўная падзея адбылася напрыканцы траўня ў нямецкім Ахене: 28 маладых таленавітых актывістаў з усіх краін Еўразвязу з'ехаліся туды, каб пасупернічаць за моладзевую прэмію імя Карла Вялікага. Узнагарода існуе ўжо сёмы год і штораз уручаецца моладзевым ініцыятывам за будаўніцтва аб'яднанай Еўропы і развіццё еўрапейскай інтэграцыі ды самасвядомасці. У гэтым годзе была зафіксаваная рэкордная колькасць прэтэндэнтаў — 370 моладзевых груп з усіх 28-мі краін. І не дзіўна, бо пераможца атрымае акрамя прызнання яшчэ і грашовую прэмію ў памеры пяці тысяч эўра. Гучыць нядрэнна, так?

Пра ўсё па парадку. Я трапіла ў Ахен разам з іншымі маладымі журналістамі і блогерамі з Польшчы, Балгарыі, Гішпаніі, Славакіі і Літвы па запрашэнні студэнцкай арганізацыі AEGEE. Ахопам праектаў, што прагнулі атрымайь прэмію, вялізны: культурныя абмены дыпрацоўныя лагеры для адбудовы дзіцячых садкоў, фота-конкурс, мадэль Еўразвязу, шматлікія канферэнцыі, семінары ды майстэрні, былі нават хор ды аркестр. 

Тэматыка ініцыятываў, што прайшлі ў фінал, гаворыць, што новая еўрапейская моладзь не асабліва чакае дапамогі, а спрабуе знаходзіць выйсце з крытычных сітуацый самастойна ды мае свой асаблівы погляд на  грамадства бліжэйшай будучыні.

Новая пакаленне Еўропы натхніла віцэ-прэзідэнта Еўрапарламэнту, Ані Падзімата, якая прысутнічала ў залі, на пафас

«Гэтыя маладыя людзі з іх праектамі даказалі, што аб'яднаная Еўропа мае будучыню».

Па словах усё той жа Падзімата, «яны з'яўляюцца прадстаўнікамі самага адукаванага пакалення ў гісторыі, але ж два з трох еўрапейцаў ва ўзросце да 25 гадоў – беспрацоўныя». Моладзевае беспрацоўе зрэшты стала адной з галоўных тэмаў таго тыдня ў Ахене і праектам, якія шукалі працоўныя месцы для еўрапейцаў. 

Не дзіўна, што прызавыя трэцяе і другое месцы журы прысудзіла моладзевым ініцыятывам, якія прапанавалі сваі ідэі па падвышэнні занятасці моладзі. Бронзу і дзве тысячы еўра атрымаў праект з Кіпра Employment4U моладзевай группы Youth Dynamics. Узровень беспрацоўя на Кіпры адносна нізкі ў параўнанні з сярэднімі паказнікамі па ЕC, таму аўтары вырашылі падзяліцца вопытам. 

З трыма тысячамі еўра і другім месцам паехалі дадому галандцы з праекта JouwDelft & Co, якія ў лістападзе 2013 арганізавалі моладзевы кангрэс у Дэльфце, Нідэрланды. На кангрэс былі запрошаныя прадстаўнікі моладзевых арганізацый з розных краін Еўропы, а таксама спецыялісты з палітычнай і сацыяльнай сфераў. Цягам тыдня ўдзельнікі абмяркоўвалі магчымыя шляхі па зніжэнні моладзевага беспрацоўя, усталяванне дыялога паміж моладдзю і еўрапейскімі інстытуцыямі, і стварэнне эўрапейскай моладзевай сеткі, з дапамогай якой праблема беспрацоўя магла б вырашацца на мясцовым узроўні пры супрацоўніцтве з партнёрскімі арганізацыямі. Падчас кангрэсу заадно распрацавалі рэзалюцыю па барацьбе з моладзевым беспрацоўем, якаю накіравалі ў Еўрапейскі Парламент.

Галоўную узнагароду атрымаў праэкт з Даніі Our Europe. Наша Еўропа – гэта падарожжа праз 24 эўрапейскія краіны працягласцю ў 12 месяцаў, гэта жыццёвыя шляхі моладзі амаль з усіх куткоў кантыненту, гэта іх мары, надзеі, расчараванні, радасці, пункты гледжання і перакананні.

Ідэя праекту нарадзілася некалькі гадоў таму ў Капенгагене, дзе аднойчы Петэр Лаўгезэн зацікавіўся «а што робіць моладзь Еўропы вось зараз у гэты момант, калі я п'ю каву ва ўтульнай і спакойнай Даніі? Як жывецца маладым людзям у Сараева? А ў Лісабоне? А ў Брусэлі?». Знайшліся аднадумцы з сяброў, і неўзабаве было задуманае падарожжа па Еўропе. І не класічны Eurotrip, а такое сабе паломніцтва. Паломніцтва да эўрапейскай сутнасці, да эўрапейскай самасвядомасці. А ці існуе яна увогуле гэтая самасвядомасць? Гэта было адно з тых пытанняў, якія турбавалі Петэра і ягоную калегу Элену, калі яны выправіліся ў дарогу.

Болей году сышло, каб распрацаваць маршрут, усталяваць кантакты і назбіраць грошаў на вандроўку. Так, у іх не было спонсараў, яны аб'ехалі Еўропу за ўласны кошт. Падчас падарожжа знаёміліся з людзьмі, здымалі фота і відэа, запісвалі інтэрв'ю і ўсе матэрыялы на ангельскай і дацкай мовах выкладвалі на сваю вэб-старонку. Таксама былі арганізаваыя скайп-сэсіі з дацкімі школьнікамі, каб тыя маглі пазнаеміцца з жыццём моладзі іншых краінаў. Мэтай праекту было не толькі наладзіць паразуменне, але паказаць праблемы моладзі ў канкрэтных выпадках, а не як абстрактую з'яву.

Пасля ўрачыстай цырымоніі я змагла прабіцца скрозь кардон журналістаў з буйных нямецкіх медыяў і пагутарыць з Петэрам Лаўгезэнам. 25-гадовы хлопец жыве ў Капенгагене і на працягу двух гадоў актыўна займаецца праектам Наша Еўропа. На прызавыя грошы збіраецца зняць паўнаметражны дакументальны фільм пра сваё падарожжа, а таксама развіваць праект надалей. Вось некалькіх цікавых момантаў з нашай размовы:

Петэр, ты аб'ехаў амаль усю Эўропу, што ўразіла цябе больш за ўсё падчас тваёй вандроўкі?

Самае дзіўнае было калі людзі так проста пускалі нас у хату, і былі выльмі адкрытыя да дыялогу. Асабліва ў краінах закранутых крызісам, як Гішпанія ці Грэцыя, людзі вельмі ахвотна абмяркоўваюць сацыяльныя і палітычныя тэмы. Сітуацыя патрабуе ад людзей актыўнасці.

А што там наконт эўрапейскай самасвядомасці?

Тут не ўсё так азназначна. Грамадзянства Еўразвязу яшчэ не гарант гэтай самай самасвядомасці. Большасць людзей лічыць што Еўразвяз іх увогуле не датычыцца і яны адштурхоўваюць Еўропу ад сябе. Але я меў магчымасць пазнаёміцца з вялікай колькасцю розных еўрапейцаў, і заўважыў у іх мноства падабенстваў.

А ты сам адчуваешь сябе еўрапейцам?

Адчуваю, і пасля падарожжа яшчэ больш чым раней. Я лічу што гэта наш абавязак знайсці эўрапейскую самасвядомасць. І не трэба сядзець і чакаць, што вось прыйдзе нехта і дасць нам яе, мы мусім быць моцнымі і ў нейкім сэнсе пагардлівымі, каб заявіць, што гэта наша Эўропа.

Петэр упэўнены, што пакаленне Y здольнае адалець крызіс і адбудаваць еўрапейскую мару. Апошні тыдзень траўня ў Ахене быў таму доказам. 

На жаль, да удзелу ў конкурсе на прэмію імя Карла Вялікага прымаюцца толькі праекты з краінаў ЕЗ, таму Беларусь там не была прадстаўлена. А было б цудоўна, калі б беларуская моладзь магла такім чынам абменьвацца досведам з іншымі еўрапейцамі, завязваць кантакты і рабіць сумесныя праекты.  

Петэр і ягоныя калегі будуць радыя партнэрству з беларусамі гатовы наведаць з праектам Our Europe нашу краіну. Бо ў іх няма сумневаў, што ў агульнай Еўропе ёсць месца і для Беларусі.

Фота: Desislava Stoyanova


Ганна Старчык 16:00, 17.06.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.1278 seconds.