Большасць з 55 тысяч новых студэнтаў беларускіх ВНУ будзе вучыцца платна

Пры гэтым нават вядучыя беларускія ВНУ сутыкнуліся з праблемай недабору студэнтаў на платную дзённую форму навучання.


Фота: Юля Сакалоўская, Generation.by

Міністэрства адукацыі Беларусі апублікавала выніковыя лічбы прыёму ў вышэйшыя навучальныя установы па выніках сёлетняй уступнай кампаніі. 

Прыём на ўзровень вышэйшай адукацыі ажыццяўлялі 54 ўстановы адукацыі дзяржаўнай формы ўласнасці і 9 - прыватнай.

Усяго прынята (па папярэдніх дадзеных, без завочнай формы Мінсельгасхарча) каля 55 тыс. чалавек, з іх за кошт сродкаў бюджэту прынята 27,2 тыс. чалавек.

На бюджэт у дзённай форме прынята 22,7 тыс. чалавек, на бюджэт у завочнай форме прынята 4,4 тыс. чалавек, што складае 71% ад кантрольных лічбаў прыёму.

Агулам на ўзровень вышэйшай адукацыі на ўмовах аплаты прынята парадку 28 тыс. чалавек. Платна ў дзённай форме прынята 13 тыс. чалавек, у завочнай форме - 15 тыс. чалавек.

Такім чынам большая частка першакурснікаў беларускіх ВНУ будзе навучацца на платнай аснове.

Тым часам нават вядучыя беларускія ВНУ сёлета сутыкнуліся з недаборам на платных аддзяленнях.

Так, на дзённую платную форму навучання ў БДУ прынятыя 1.828 абітурыентаў пры плане 2.336.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на платнай аснове будуць вучыцца 685 абітурыентаў, хаця план прыёму складаў 1.015 чалавек. 

На дзённае платнае аддзяленне БНТУ паступілі 742 абітурыенты пры плане 1.051.

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт планаваў прыняць на навучанне на платнай аснове 1.000 чалавек, але па выніках уступнай кампаніі ў ВНУ залічаны 485 абітурыентаў. 

На дзённае платнае аддзяленне Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта паступілі 882 абітурыенты, планавалася — 1.009.

Недабрала студэнтаў і Акадэмія кіравання, дзе на дзённае платнае аддзяленне паступілі 115 чалавек пры плане прыёму 130.

Найбольш высокія прахадныя балы абітурыенты паказалі на спецыяльнасцях: «Бізнес-адміністраванне» ў БДУ (прахадны бал — 370), «Сусветная эканоміка» ў БДУ (371 бал), «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» ў БДУІР (366 балаў), «Стаматалогія» ў БДМУ (360 балаў), «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» у МДЛУ (354 балы).

Уні Вера 18:30, 05/08/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0371 seconds.