ЕГУ прэзентуе анталогію твораў палітзняволеных

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт прадстаўляе кнігу «Голас волі з-за кратаў: Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных» (укладальнік і рэдактар – выкладчык ЕГУ палітолаг д-р Аляксандр Фядута). 

Прэзентацыя кнігі д-ра Фядуты (які сам таксама быў зняволены па палітычных матывах) адбудзецца ў сераду 29 кастрычніка а 17:00 у навучальным корпусе ЕГУ (Valakupių 5, аўд. 213).

Анталогія «Голас волі з-за кратаў» утрымлівае вершы, успаміны, дзённікавыя запісы, апавяданні і артыкулы, якія напісалі грамадзяне Беларусі, што зазналі або працягваюць зазнаваць палітычны пераслед. Сярод аўтараў – вядомыя паэты, журналісты, палітыкі, але таксама і аўтары, чые творы друкуюцца ўпершыню.

Кніга апублікаваная ў Выдавецтве ЕГУ пры падтрымцы Фундацыі імя Конрада Адэнаўэра. 

Апрача самога д-ра Фядуты, у прэзентацыі возьмуць удзел пяць аўтараў кнігі:

  • Уладзімір Някляеў – паэт, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітзняволены, фундатар адной са стыпендый ЕГУ.
  • Павел Шарамет – журналіст навіннага партала belaruspartisan.org, палітзняволены.
  • Алесь Кіркевіч – журналіст з Горадні, палітзняволены.
  • Зміцер Дашкевіч – лідар Маладога Фронту, палітзняволены.
  • Валянціна Аліневіч – маці палітзняволенага Ігара Аліневіча.
16:00, 27/10/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.1047 seconds.