75 год Міжнароднаму дню студэнта і 25 — аксамітавай рэвалюцыі

 

Абедзве гадавіны вяртаюць у тагачасную Чэхію да студэнцкіх пратэстаў 17 лістапада 1939 і 1989 гадоў. Абедзве звязваюць з студэнцкімі дэманстрацыямі — напачатку супраць нацысцкай дыктатуры, а праз пяцьдзесят год — супраць камуністычнага рэжыму. 

17 лістапада 1939 году: 9 студэнтаў забітыя, 1200 — кінутыя ў канцлагеры

У 1939 годзе пасля дваццаці год дэмакратычнага ладу Прага была акупаваная гітлераўскімі войскамі. У Чэхіі распачаліся акцыі пратэсту і забастоўкі на заводах. А ў часе самай буйной дэманстрацыі з нагоды дваццаць першай гадавіны Чэхаславацкай Рэспублікі на вуліцы выйшла болей 100 000 чэхаў, супраць якіх выступіла не толькі паліцыя, а таксама войскі СС. У часе разгону мірнай дэманстрацыі, арганізаванай студэнтамі, быў паранены студэнт медыцыны Карлавага ўніверсітэту Ян Оплэтал, які ў выніку памёр.

Пахаванне студэнта прайшло 15 лістапада пад наглядам паліцыі, але з удзелам дзесяткаў тысяч людзей. Дэманстрацыі працягваліся. На наступны дзень пасля пахавання ў Берліне прайшла нарада з удзелам Гітлера, на якой ён заявіў:

«Загадваю спыніць працу чэскіх ВНУ на тры гады. Любыя дэманстрацыі адразу ж разганяць… Я не пабаюся нават паставіць на вуліцах гарматы. У кожную купку людзей будуць страляць з кулямётаў. Калі адбудзецца яшчэ хоць якая дэманстрацыя, я зраўняю Прагу з зямлёй…».

У выніку ў ноч з 16 на 17 лістапада прайшлі масавыя затрыманні лідэраў студэнцкага руху. Усе ВНУ былі зачыненыя і перададзеныя нямецкім войскам. У канцлагеры былі кінутыя каля 1200 студэнтаў і выкладчыкаў, а 9 прадстаўнікоў студэнцкіх арганізацыяў былі пакараныя смерцю. Большасць з затрыманых студэнтаў была вызваленая ў 1942—1943 гг., аднак 35 з іх ня выжылі ў пакутных канцлагерах.

17 лістапада 1941 году: абвяшчэнне Міжнароднага дня студэнцтва

Але нягледзячы на вайну, падзеі ў Пратэктараце Чэхіі і Маравіі 1939 году не забыліся. Праз два гады пасля трагічных падзеяў 17 лістапада ў Лондане прайшоў сход прадстаўнікоў студэнцкіх арганізацый 26 краінаў, дзе была падпісаная заява, у якой студэнты адзначылі: «каб ушанаваць памяць пакараных смерцю і закатаваных студэнтаў, якія першымі ўзнялі свой голас на знак нязгоды з нацысцкімі прыгнятальнікамі ў 1939 годзе, абвяшчаем 17 лістапада Міжнародным днём студэнцтва…»

На працягу дваццатага стагодзьдзя чэхаславацкія студэнты неаднакроць прымалі ўдзел у палітычных падзеях. У 1948 годзе студэнты пратэставалі супраць прыходу камуністычнай улады, а таксама ладзілі акцыі напярэдадні Праскай вясны 1968 году. Тады першая дэманстрацыя ўвосень 1967 году была арганізаваная студэнтамі. У жніўні 1968 году студэнты зноўку выступілі з акцыямі пратэсту — супраць прысутнасьці на тэрыторыі краіны савецкіх войскаў. Праз 50 год пасьля падзеяў 17 лістапада 1939 году, зноўку дзякуючы студэнтам, пачалося падзенне камуністычнага рэжыму.

17 лістапада 1989 году: пачатак аксамітавай рэвалюцыі

Загінулы ў 1939-м студэнт Ян Оплэтал стаў сымбалем змагання супраць нацыстаў. Камуністы ў тым ліку прысвячалі гэтым падзеям шмат увагі. А праз 50 год, у лістападзе 1989-га, акцыю прымеркаваную да ўгодкаў трагічных падзеяў, узялася рыхтаваць камсамольская арганізацыя Чэхаславакіі. Але праз няўпэўненасць у шматколькаснасці і поспеху акцыі камуністы звярнуліся па дапамогу да незалежнай арганізацыі студэнтаў. Такім чынам, акцыя была санкцыянаваная. Студэнты скарысталі дазвол для інфармавання людзей пра дэманстрацыю. У выніку сабралося ля 30 тысячаў студэнтаў, акадэмікаў, настаўнікаў і сведкаў падзеяў 1939 году. Большая частка дысідэнтаў на чале з Вацлавам Гаўлам адмовілася браць удзел у шэсці. Як адзначае сёння адзін з арганізатараў студэнцкай дэманстрацыі Шымон Панэк, тады Гавэл прапанаваў даць магчымасць маладым паспрабаваць сябе ў змаганні і не кампраментаваць іх.


Прага, лістапад 1989 // фота Radio.cz

Студэнцкая дэманстрацыя 17 лістапада праходзіла ў атмасферы палітычных зменаў у іншых краінах Еўропы: пала Берлінская сцяна, Вугоршчына адчыніла межы, у Польшчы прайшлі першыя свабодныя выбары, Латвія, Літва і Эстонія абвясцілі суверэнітэт…

Шымон Панэк адзначае: «Камунізм бы ў нас усё адно паў — не за месяц, як адбылося, а за год-два. Мы студэнцкімі забастоўкамі паскорылі гэты працэс — узялі ўсё ў свае рукі, што было вельмі важна для будучыні».

Але тады, 17 лістапада, ніхто ня ведаў, што з студэнцкай дэманстрацыі пачнецца крах камуністычнага рэжыму ў Чэхаславакіі. Кіраўніцтва Кампартыі не магло адмяніць санкцыянаванай акцыі і пастанавіла органам бяспекі ўтрымліваць парадак, але не прымяняць сілу супраць дэманстрантаў. Тысячы студэнтаў рушылі у цэнтар Прагі да Вацлаўскай плошчы. Аднак па шляху паліцыя перагарадзіла дарогу студэнтам і пакінула толькі вузкае выйсце для адыходу назад, дзе дэманстрантаў жорстка збівалі. Пазней незалежныя медыкі паведамілі пра 568 параненых. Для падкантрольнай і падцэнцурнай Чэхаславаччыны гэта быў зломны момант.


Прага, лістапад 1989 // фота Radio.cz

На наступны дзень студэнты ў знак абуранасці на дзеянні ўладаў абвясцілі забастоўку. А ўжо 21 лістапада на вуліцы Прагі выйшла болей 200 тысяч дэманстрантаў. Тады на дэманстрацыі выступіў і вядомы прадстаўнік апазыцыі Вацлаў Гавэл, які агучыў пра стварэнне Грамадзянскага форуму з патрабаваннямі зыходу ў адстаўку карумпаваных палітыкаў і вызвалення палітычных вязняў. Пасля акцыі Грамадзянскія форумы пачалі ўзнікаць і ў іншых гарадах Чэхаславакіі. Тэатры ператварыліся ў пляцоўкі для абмеркавання падзеяў і распаўсюду інфармацыі.


Прага, лістапад 1989 // фота Radio.cz

Зломны момант настаў увечары 24 лістапада, калі лідэр Камуністычнай партыі Мілаш Якеш паведаміў пра складанне паўнамоцтваў кіраўніцтва ЦК КПЧ. 27 лістапада па ўсёй Чэхаславакіі прайшоў генеральны страйк пад лозунгам «Канец улады адной партыі», удзел у якім узяло каля 75% насельніцтва, большасць прадпрыемстваў і заводаў. На Вацлаўскай плошчы тады сабралася каля 300 000 чалавек. Студэнцкі страйк завершыўся толькі 29 снежня 1989 году адзінагалосным абраннем Вацлава Гаўла на пасаду прэзідэнта. Так адбылася аксамітавая — гладкая — рэвалюцыя.


Вера Уніч 13:00, 17.11.2014 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0563 seconds.