Новы сезон прэміі «Дэбют» адкрыты

Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд «Вяртанне» (г. Мінск) абвяшчаюць новы сезон прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую дэбютную кнігу, напісаную на беларускай мове ці перакладзеную на яе, аўтару або перакладчыку ва ўзросце да 35 гадоў на момант выдання кнігі. «Дэбют» ушаноўвае маладых аўтараў, што пішуць у жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч, і ўручаецца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Мастацкі пераклад».

Для ўдзелу ў конкурсе трэба да 31 студзеня 2015 года даслаць заяўку на электронную скрыню info@pen-centre.by альбо на паштовы адрас: 220050, Мінск, п/с 218. Да заяўкі неабходна далучыць 2 асобнікі кнігі ў папяровым і асобнік у электронным варыянце. Заяўкі без электроннай версіі і 2 асобнікаў кнігі прымацца да ўдзелу ў конкурсе не будуць.

Усю інфармацыю пра прэмію, журы і механізм галасавання за пераможцу можна знайсці ў Палажэнні аб прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

У сярэдзіне снежня будзе абвешчана журы сёлетняй прэміі. 

Дэбют

Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ўручаецца з 2011 года. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў («Дзверы, замкнёныя на ключы»), Наталка Харытанюк («Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката»), Антон Францішак Брыль («Не ўпаў жолуд»), Віктар Марціновіч («Сцюдзёны вырай»), Андрэй Адамовіч («Дзень паэзіі смерці дзень»), Юлія Шарова («Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік»), Ганна Янкута (пераклад «Каляднага харала» Чарлза Дыкенса), Уладзь Лянкевіч («70% вады»), Кацярына Оаро («Сарочае радыё»), Кацярына Маціеўская (пераклад «Саламеі» Оскара Ўайлда) і інш.

18:30, 24/11/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0833 seconds.