Два беларускія ўніверсітэты ўвайшлі ў топ-100 лепшых з краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі

Брытанскае агенцтва Quacquarelli Symonds склала рэйтынг ўніверсітэтаў з краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Са ста ўстановаў, якія трапілі ў "The QS University Rankings: EECA" толькі два ўніверсітэты беларускія – БДУ і БНТУ.

БДУ
Фота: Юра Сідун

Беларускі дзяржаўны універсітэт знаходзіцца на 38 радку з 62,4 баламі, Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт трапіў у сёмую дзесятку (месцы з 61 па 70).

Узначальвае рэйтынг Маскоўскі дзяржаўны універсітэт, другое месца падзяюць Карлаў універсітэт з Чэхіі і Новасібірскі дзяржаўны універсітэт з РФ, на чацвёртым месцы – Варшаўскі універсітэт.

Для складання рэйтынгу былі даследаваныя 368 ВНУ, 255 з якіх раней ніколі не траплялі ў рэйтынгі QS. Крытэрыі ацэнкі, паводле які выбудаваныя рэйтынгі: акадэмічная рэпутацыя і рэпутацыя сярод працадаўцаў, суадносіны колькасці студэнтаў і супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу, доля замежных выкладчыкаў, замежных студэнтаў і супрацоўнікаў з вучонай ступенню, эфектыўнасць інтэрнэт-рэсурсаў, колькасць апублікаваных артыкулаў, якія прыходзяцца на аднаго супрацоўніка прафесарска-выкладчыцкага складу і колькасць цытат, якiя прыпадаюць на адзін апублікаваны артыкул.

Рэйтынг дазваляе прагледзіць поспехі ўніверсітэтаў паводле кожнай з ацэненых пазіцый. БДУ, напрыклад, мае найлепшы ранк паводле суадносін колькасці студэнтаў і выкладчыкаў (21 месца) а таксама паводле рэпутацыі ў працадаўцаў (26 месца).

Новы рэйтынг ахоплівае 30 краін, сярод якіх універсітэты Албаніі, Арменіі, Беларусі, Чэхіі, Эстоніі, Польшчы, Румыніі, Расіі і іншыя. У першую сотню ўвайшлі 26 расійскіх ВНУ, па 10 універсітэтаў Чэхіі і Турцыі, дзевяць Польшчы і і восем ВНУ Казахстана.

Беларускія ўніверсітэты ў апошнія гады вельмі імкнуцца да таго, каб уваходзіць у міжнародныя рэйтынгі, каб такім чынам прывабіць да сябе замежных студэнтаў. Поспехаў пакуль не шмат, але БДУ сёлета ўпершыню ўвайшоў у 500 лепшых універсітэтаў свету.

 

Уні Вера 14:00, 17/12/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.1481 seconds.