Жыхары 32 краін свету запісалі відэа, у якім чытаюць Караткевіча па-беларуску

Беларуская кампанія Gurtam, што мае шырокую геаграфію партнёраў па ўсім свеце, падрыхтавала да Міжнароднага дня роднай мовы відэаролік «32 акцэнты беларускай мовы». Людзі з розных кропак планеты чытаюць па-беларуску верш Уладзіміра Караткевіча «Дзе мой край».

Галоўны офіс Gurtam знаходзіцца ў Менску, але геаграфія партнёраў гэтай кампаніі, што распрацоўвае софт на базе навігацыйных сістэм, складаецца з 90 краін свету. У межах бізнес-кантактаў да Gurtam у Беларусь прыязджаюць шматлікія госці і часта пытаюцца пра беларускую мову і культуру краіны.

«З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага), у нас паўстала ідэя: як пазнаёміць нашых замежных сяброў з роднай для беларусаў мовай. Мы выбралі самы прыгожы, на наш погляд, беларускі верш «Дзе мой край» Уладзіміра Караткевіча і папрасілі нашых партнёраў прачытаць яго на відэакамеру. Мы загадзя падзялілі верш на радкі, транслітаравалі, раставілі націскі, увогуле, зрабілі ўсё магчымае, каб партнёры змаглі здзейсніць задуманае і атрымаць ад гэтага задавальненне», – апісваюць Generation.by працэс стварэння свайго роліка аўтары.

За два тыдні да Дня роднай мовы кампанія разаслала партнёрам прапанову паўдзельнічаць у рэалiзацыi ідэі. Адмаўляліся нямногія: большасць з запалам пагадзілася прылучыцца да беларускай мовы. У выніку ў стварэнні роліка паўдзельнічалі партнёры з 32 краін: кожнаму дастаўся свой радок з верша.

Як распавёў Аляксандр Куўшынаў, амаль ні ў каго не атрымалася запісаць з аднаго дубля, але ў выніку выйшла зусім нядрэнна. Партнёры з Афрыкі распавядалі, што відэакамеру прыйшлося везці ледзь не з суседняй вёскі.

Некаторыя партнёры творча падышлі да задання. Хтосьці чытаў фразу ўсім офісам і даслаў шмат варыянтаў на выбар, як гэта зрабілі партнёры з Мексікі і Ірака. Хтосьці здымаўся на фоне славутасцяў, хтосьці на фоне самалёта, які ўзлятаў. А адзін з партнёраў ‒ Імра Хан з Пакістана нават праспяваў свой радок, натхніўшыся песеннай версіяй верша ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча.

Беларусы пераклалі ўсім змест радкоў, каб замежнікі разумелі, пра што ідзе гаворка.

«Апошнім, хто даслаў відэа, быў партнёр Gurtam з Расіі. Для яго выбралі самы спецыфічны радок, каб больш не лічылі, што беларуская і руская аднолькавыя мовы», – адзначаюць у Gurtam.

«Усе ўдзельнікі відэароліка вельмі стараліся, за што ім вялікі дзякуй. Гэтым ролікам мы хацелі распавесці беларусам, што нашы дзеці ніколі не пачнуць размаўляць на мове, пакуль бацькі не пададуць ім прыклад.

І калі замежнікі, зусім чужыя нашай культуры людзі, не пасаромеліся і сказалі некалькі слоў на беларускай, чаму баімся мы? Варта ўсё ж паспрабаваць. Хаця б у гэты Міжнародны дзень роднай мовы давайце паабяцаем сабе размаўляць па-беларуску», – заклікаюць супрацоўнікі Gurtam.


ЯЧ 14:15, 20.02.2015 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.059 seconds.