У выніку студэнцкай праграмы абменаў Erasmus на свет з'явіліся больш за 1 млн дзяцей


Ілюстрацыя: Воля Кузьміч

Еўракамісія апытала амаль 90 тысяч выпускнікоў Erasmus і даведалася пікантны бок праграмы студэнцкіх абменаў ЕС. Як міжнацыянальная адукацыя «стварае першае пакаленне маладых еўрапейцаў».

Лічыцца, што пакаленне Y шукае сваё каханне пераважна ў сацыяльных сетках, сайтах знаёмстваў, адмысловых аплетах для смартфонаў, але, як сведчыць вялікае даследаванне Еўракамісіі, праграма студэнцкага абмену Erasmus стала для еўрапейскіх студэнтаў надзвычай паспяховым механізмам знаходжання партнёра для доўгіх стасункаў.

Даследаванне, якое апублікавала Еўракамісія летась у верасні, сведчыць, што больш чым чвэрць студэнтаў, што бралі ўдзел у доўгатэрміновых праграмах абмену Эразмус, сустрэлі сваіх каханых пакуль вучыліся за мяжой. Паводле падлікаў еўрачыноўнікаў, у выніку такіх стасункаў нарадзілася болей за мільён дзяцей.

The Erasmus Impact Study грунтуецца на інтэрв'ю з 88 тысячамі студэнтаў, настаўнікаў і бізнесоўцаў, яно засведчыла, што замежныя праграмы абмену значна паспрыялі міжнацыянальным стасункам. Траціна ад удзельнікаў праграм Эразмус маюць партнёраў іншай нацыянальнасці, а сярод тых, хто вучыўся на радзіме, такіх толькі 13%.

Праграма Erasmus стартавала ў 1987 годзе для абменаў паміж студэнтамі і выкладчыкамі універсітэтаў Еўразвязу. Праграма дае магчымасць праходзіць стажыроўку або выкладаць у іншай краіне, што ўдзельнічае ў Эразмус. Тэрміны абменаў складаюць ад 3 месяцаў да 1 года. Мэтай праграмы Еўракамісія бачыць «развіццё студэнтаў адукацыйна, лінгвістычна і культурна, «пашырэнне супрацоўніцтва паміж інстытутамі» і «спрыянне развіццю моладзі як высокакваліфікаваных і неперадузятых прафесіяналаў з міжнародным досведам».

На рамантычны бок праграмы абменаў Еразмус у 2011 годзе звярнуў увагу вядомы італійскі пісьменнік Умбэрто Эко, які назваў праграму распаўсюдам сэксуальнай рэвалюцыі і адзначыў, што Эразмус літаральна «стварае першае пакаленне маладых еўрапейцаў».


Вера Ўніч 13:35, 06.03.2015 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0482 seconds.