Brutto сыграе «Партызан-рок» для беларусаў у Вільні

1 траўня гурт Brutto выступіць у Вільні ў межах двухдзённага фэста Belarus Alternative 2015. Гэта будзе першы выступ новага праекта Сяргея Міхалка перад беларускай публікай. На мерапрыемства можна набыць квіткі з бясплатнай візавай падтрымкай.

Гурт Brutto з’явіўся адразу пасля распаду «Ляпісаў» – у ноч на 1 верасня 2014 года. А ўжо 12 верасня выдаў дэбютны альбом «Underdog». На фестывалі Belarus Alternative 2015 калектыў прэзентуе новую программу «Партызан-рок», якая складаецца з песень Brutto і набольш рэвалюцыйных гімнаў «Ляпісаў».

– Brutto – без сумнёву галоўны гурт альтэрнатыўнай сцэны Беларусі. І па музыцы, і па напале жарсцяў, які кіпяць зараз вокал калектыва, – адзначае арганізатар мерапрыемства Юстас Мамантовас.

– «Партызан-рок» – гэта музыка Барацьбы за Свабоду! – сцвярджае прэс-рэліз гурта.– Не за эфемерную духоўную, а за Сапраўдную Праўдзівую Свабоду – самім вырашаць свой лёс! Мы не жадаем вяртання саўдэпіі! Народы Украіны і Беларусі жадаюць поўнага вызвалення ад іга Крамлю. Барацьба з таталітарызмам, з бруднай уладай, з пуцінскім імперскім мысленнем – гэта звышмэта і галоўная тэма нашага музычнага супраціву! Жыве Беларусь! Слава Україні! Fuck The Rest.

У межах першага дню фестывалю (1 траўня) таксама выступяць гурты Neuro Dubel, Pomidor/Off. 2 траўня гледачоў чакае больш моладзевы склад: кабарэ-бэнд "Серебряная свадьба", Super Besse, Pukstband. Усе выступы адбудуцца на віленскай Teatro Arena. Тэрмін дзеяння візы ўтрымлівае дзень да мерапрыемства і наступны дзень пасля яго. Максімум чатыры дні (30.04–03.05) пры набыцці квітка на абодва дні фестывалю.

Квіткі з правам на візавую падтрымку (аднаразовая віза без консульскага збору са спрошчаным наборам дакументаў) прадаюцца толькі ў офісе турыстычнай фірмы "Тридевять земель" па адрасе: Мінск, вул. Казлова, д.7, оф.12. Там жа адбываецца рэгістрацыя на падачу дакументаў у Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі (Мінск) і Генеральным консульстве (Гродна). Акрамя гэтага квіткі (без візавай падтрымкі) можна набыць у Беларусі ў сістэме Ticketpro.by, у Літве – Bilietupasaulis.lt.

Кошт квіткоў: 400 тыс. руб. на адзін дзень, 700 тыс. руб. – на два дні. Плануецца аўтобусны тур Мінск-Вільня-Мінск. Інфалінія: (029) 636 56 16 і (029) 239 56 16. Дадатковая інфармацыя: www.cartadorog.by

Пачатак канцэртаў у 19.00. Дзверы адчыняюць у 17.30.
Адрас пляцоўкі: Вільня, Olimpieciu gatve 3.

17:20, 17/03/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0784 seconds.