Гульні з эканомікай замест філалогіі альпінізму: якія спецыяльнасці прыбылі і выбылі з ВНУ

Беларускія ўніверсітэты ужо рыхтуюцца да восені і чарговага навучальнага году ды анансуюць новыя спецыяльнасці, а таксама прыкрываюць, або ставяць на паўзу некаторыя з старых.

Паводле агенцтва «Мінск-навіны» сёлета ў трэндах эканоміка, права ды распрацоўка гульняў.

БДУІР

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі з 1 верасня будуць навучаць спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі». Па словах прарэктара па вучэбнай рабоце і інфарматызацыі Барыс Нікульшын, навінка абяцае стаць адной з самых запатрабаваных:

- Набор у гэтым годзе будзе абмежаваным - каля 30 чалавек. Але заявак ўжо на дадзены момант пададзена значна больш.

БДЭУ

Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт дадасць дзве новыя спецыяльнасці на дзённую форму атрымання адукацыі: «Нацыянальная эканоміка» і «Эканоміка і кіраванне на рынку нерухомасці». Яшчэ дзве новыя спецыялізацыі з'явяцца на завочнай форме з скарочаным тэрмінам навучання: «Гаспадарчае права» і «Эканоміка і кіраванне гасцініцамі і рэстаранамі».

Навінкі прадугледжаны і для другой ступені адукацыі: спецыяльнасці «Прававое забеспячэнне гаспадарчай дзейнасці» і «Прававое рэгуляванне знешнеэканамічнай дзейнасці». А таксама новая магістарская праграма «Упраўленне развіццём бізнесу» ўжо вядомай спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве».

Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі ВНУ Аляксандра Цыганкова, галоўны крытэрый з'яўлення новых спецыяльнасцяў - рынкавая кан'юнктура:

- Рашэнні аб адкрыцці новых спецыяльнасцяў прымаюцца кафедрамі ВНУ на аснове маніторынгу рынку працы і вызначэння таго, у выпускніках якой спецыялізацыі будзе патрэба.

БДАМ

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў адкрые новыя напрамкі на другой ступені навучання. Як распавяла прарэктар па вучэбнай рабоце Алена Бохан, магістранты змогуць асвоіць спецыяльнасці «Тэхнічная эстэтыка і дызайн», «Тэатральнае мастацтва», «Кіно, тэле- і іншыя экранныя мастацтвы», «Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і архітэктура».

БДУФК

У Беларускім дзяржаўным універсітэце фізкультуры адкрыцця новых спецыяльнасцяў у гэтым навучальным годзе не прадугледжана.

Пры гэтым на тры напрамкі набору не будзе. І калі на двух з іх гэта нармальная практыка: набор на напрамкі «Спартыўная рэжысура» і «Трэнерская работа (аўтаспорт)» спецыяльнасці «Спартыўна-педагагічная дзейнасць» ажыццяўляецца раз у два гады, то на кірунак «Трэнерская работа (альпінізм)» набор не адбываўся ўжо тры гады. Па словах загадчыцы сектарам універсітэцкага менеджменту ВНУ Анастасіі Шыгаевай, прычына простая - адсутнасць папулярнасці.

БДУ

У 2015 годзе БДУ не аб'яўляе набор па шэрагу спецыяльнасцей на завочнай форме навучання. Сярод іх «Беларуская філалогія» і «Руская філалогія», а таксама кірунак «навукова-педагагічная дзейнасць» спецыяльнасці «Геаграфія». Прыпыненае навучанне па спецыяльнасці «Класічная філалогія» - набор на яе ажыццяўляецца раз у 5 гадоў. Падобная практыка абумоўлена нізкай запатрабаванасцю.

16:00, 09/04/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0782 seconds.