Упершыню Вольскі і Міхалок выступяць на адной сцэне «Басовішча»

Лявон Вольскі

Арганізатары «Басовішча» працягваюць абвяшчаць спіс выступоўцаў. Чарговым хэдлайнерам сёлетняга фэсту стане Лявон Вольскі. Раней фестываль ўжо абвясціў, што ў праграме таксама чакаецца выступ Brutto. Такім чынам, на «Басовішчы-2015» упершыню сустрэнуцца на адной сцэне новыя праекты Лявона Вольскага і Сяргея Міхалка. 

Летась Вольскі выходзіў на сцэну «Басовішча» ў межах спецпраекту – дзеткі арганізатараў фестывалю розных пакаленняў спявалі класіку беларускага року. Але апошні раз з вялікім канцэртам Вольскі выступаў на «Басовішчы» ажно ў 2009-м годзе, калі на сцэне ў Борыку граў «NRM» у вобразе «Мроі». Цяпер Лявон Вольскі выступіць з сольнай вялікай праграмай «Грамадазнаўства», прэзентацыю якой беларусы маглі пабачыць увосені 2014 на вялікім канцэрце ў Вільні.

«Сёлета Лявон прыедзе з новым дыскам «Грамадазнаўства», але публіка можа быць упэўнена, што пачуе песні з часоў першых Басоў!» –паведамляе facebook-старонка «Басовішча».

Сяргей Міхалок першы і адзіны раз выступаў на «Басовішчы» ў 2010-м годзе з «Ляпісам Трубяцкім». Сёлета ён прывязе ў Борык свой новы праект «Brutto». 

Усе выступоўцы яшчэ не названыя, але вядома, што ў праграме таксама ёсць «Dzieciuki» з Гародні і «Yegor Zabelov Trio» з Менску, яшчэ выступяць польскія «Lao Che» і «Ostrov». Урэшце ў гэтым годзе будзе вернутая конкурсная праграма, якая доўгі час была разынкай «Басовішча», але ад якой апошнім часам адмаўляліся.

Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» у 2015 годзе традыцыйна будзе праходзіць на лясной паляне ў Борыку каля мястэчка Гарадок непадалёк ад беларуска-польскай мяжы ў самай сярэдзіне лета 17–18 ліпеня.

Арганізатары «Басовішча» разлічваюць прадставіць гледачам візавую падтрымку і цяпер выпрацоўваюць яе механізмы.


15:25, 28.04.2015 | Басовішча |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0895 seconds.