Пол Макартні і прывіды мінулага

Што ТЫ рабіў улетку 1967-га? Пол Макартні, напрыклад, запісваў найлепшыя песні ў гісторыі, каб амаль праз 50 гадоў праспяваць іх для людзей, што ў чатыры разы маладзейшыя за яго. Як выглядае жывая гісторыі року ў 2015-м, на ўласныя вочы назіраў Алесь Герасіменка.

Сёння я на чатыры гады старэйшы за таго Пола Макартні, які ў 1966 годзе праспяваў When I’m Sixty-Four. З таго часу з Полам здарылася ўсё, што магчыма ўявіць у жыцці: ён узяў удзел у адным з самых папулярных гуртоў у гісторыі, запісаўшы на піку кар’еры Hey Jude, разышоўся з іншым адным з самых папулярных музыкаў Джонам Ленанам, стварыў з жонкай уласны гурт Wings і вегетарыянскую сям’ю заадно, 21 раз выйграў Grammy і пахаваў жонку, з якой у яго было чатыры дзіцяці, стаў брытанскім рыцарам і ажаніўся яшчэ два разы, застаўшыся самым багатым брытанскім музыкай. Здавалася б, з такой біяграфіяй зусім не сорамна спыніцца і спачываць на лаўрах. Але нешта прымушае Пола адпраўляцца ў новыя і новыя гастрольныя туры, за месяц паспяваючы засвяціцца на стадыёнах Амерыкі, Еўропы і Японіі.

Тры гадзіны і сорак песень

Гэта нешта кшталту спірытычнага сеансу. 50 тысячаў людзей збіраюцца разам, і ў гэтым момант з’яўляюцца прывіды мінулага. Хімія спрацоўвае, і час, людзі, маладосць і старасць перамешваюцца ў адным катле каб выдаць адзін з самых незабыўных канцэртаў у жыцці шмат каго з тых, хто сёння апынуўся тут і цяпер.

***

Сённяшні выступ Макартні на буйнейшым Скандынаўскім фэсце Раскіле (Roskilde) — адзін з апошніх анансаваных у межах сёлетняга канцэртнага тура. Арганізатары фэсту кажуць, што Пол сам выбраў іх, такім чынам пашырыўшы межы сваёй аўдыторыі.

«Пол адкрыты для выступу на зусім невялікай колькасці фэстаў, — кажа кіраўнік праграмнай дырэкцыі фестывалю Андэрс Уохрэн. — Ён мог бы з лёгкасцю сабраць яшчэ адзін стадыён, але на нашым фэсце ён можа змяшаць розныя аўдыторыі. І яго пачуюць болей людзей».

Сапраўды, у ліку 50 тысячнай аўдыторыі паслухаць Пола збіраюцца людзі самых розных пакаленняў і культурных бэкграўндаў. У выніку Макартні даводзіцца ўлічваць інтарэсы і тых, хто бачыць, і можа быць чуе большасць песняў The Beatles першы раз у жыцці, і тых спакушаных нердаў-бітламанаў, хто пэўна ведае кожную дэталь выступу наперад. Да першых Пол звяртаецца праз YouTube у сумесным кліпе з Kanye West. Kanye ён называе «паэтам» і нават параўноўвае з Джонам Ленанам.

Што да класікі сучаснай музыкі, то менавіта імкненне паказаць маладзейшаму пакаленню яе перадгісторыю і матывуе арганізатараў запрашаць на Раскіле такіх музыкаў як Макартні ці Rolling Stones годам раней. І бачыць бог, яны не шкадуюць пра гэта. Адзін з двух дагэтуль жывых сяброў The Beatles знаходзіцца ў выдатнай форме. Упэўнены і харызматычны, ён ведае як лёгка стаць «сваім» хлопцам для гіганцкай аўдыторыі. І робіць гэта з неверагоднай хуткасцю.

Версія гісторыі сучаснай музыкі ад Пола

Мультыінструменталіст Макартні мае за плячыма гіганцкую дыскаграфію. Што дазваляе яму ўвесь час кідаць вылік аўдыторыі, перамешваючы старыя і новыя песні. Розная аўдыторыя ведае розныя песні, але амаль усе яднаюцца старымі бітлоўскімі момантамі. Многія песні ў выступе Макартні прысвячае адышоўшым сябрам. Ён пранікнёна размаўляе з Джонам Ленанам у Here Today («I love you, ooh»), прыгадвае жонку Лінду ў Maybe I’m Amazed, і ўпэўнена бяры ў рукі фірмовую Харысанаўскую сітару. Усё гэта суправаджаецца пранікнёнымі ўспамінамі пра тыя самыя 60-я, адкуль паходзіць большая частка славы Пола. Трыб’ют ідзе за трыб’ютам.

У перапынках паміж спевамі Макартні каротка распавядае, адкуль пайшла тая ці іншая песня, прыгадваючы ці то пра барацьбу за грамадзянскія правы ў ЗША (Black Bird), то пра выдатных і не вельмі людзей, якіх ён сустрэў на шляху. Дастаецца і расейскім кіраўнікам, з якімі Пол бачыўся ў 2003 годзе пасля канцэрту на Чырвонай плошчы. Там, распавядае Макартні, да яго падышоў тагачасны міністр абароны, былы кадэбэшнік і адзін з найбольш блізкіх да Пуціна людзей, і прызнаўся, што першы альбом, які ён набыў, быў «Can’t buy me love» ад The Beatles. Пол жартуе з расейскага кіраўніцтва, імітуючы расейскі акцэнт. Што праўда, наступны раз гэтыя людзі змогуць пачуць Макартні не хутка — цяпер Пол адзін з непажаданых музыкаў у Расеі праз ягоную падтрымку Pussy Riot.

Гістарычную частку выступу Пол здае на выдатна. Музычную — на нешта большае за выдатна. Ён сола спявае вялізную частку песень, не пытаючыся на дапамогу бэк-вакалістаў. Шоў — суперпростае знаходжанне пяці музыкаў на сцэне — неверагодна гарманічна ўпісваецца ў наратыў Макартні. Нечаканы салют завяршае малюнак.

«When I’m Sixty-Five»

Не ведаю, што за думкі ў галаве былі ў Пола, калі той пісаў When I’m Sixty-Four, але прадказаць уласную будучыню ў яго не вельмі атрымалася. Цяпер ён кажа, што сыходзіць на пенсію не збіраецца:

«Сядзець дома і глядзець целік? Вось чым людзі займаюцца, чувак. Гадуюць агарод, гольф… не, дзякуй», — кажа ён.

Ён прыгадвае наведвальнікаў сваіх канцэртаў у розных краінах, і той эфект неверагоднага паразумення, хімія, што ўзнікае паміж блізкімі людзьмі ў час ягоных песень. І кажа, што менавіта такія моманты даюць яму энергію і прымушаюць працаваць далей. Здаецца, гэты момант яднання і нейкая найвышэйшая ступень камунікацыі паміж публікай на канцэрце аднаго з апошніх бітлоў — вынік сумеснай энергетычнай працы і аўдыторыі, і арганізатараў канцэрту, і музыкаў — былых і цяперашніх. І тых, хто жыве мінулым (як Пол), і тых, хто жыве будучым (як пэўна рабіў Джон), і тых, хто спрабуе жыць цяпер (цяжка, ага?).

І Джон Ленан, адчуваецца, недзе тут. І, адначасова, далёка. Час перастае цячы лінейна, ён ператвараецца ў рэшата, якое трымаецца толькі на раскіданых па стагоддзі ўспамінах і мелодыях, — сшытая рознакаляровымі аскепкамі коўдра, якую нехта забыўся на адной з інсталяцый Ёка Она. Перад табой — жывая легенда. Але ты ведаеш, што гэта толькі кавалак, а цэлая карціна ўжо недаступная, і ніколі яе не пабачыш. Толькі аскепкі, раскіданыя па ўсім свеце ад Сан-Францыска да Манілы. Ад таго адчуванні застаюцца нейкімі незавершанымі, нібыта на тваё свята не прыйшоў самы жаданы госць. І ад таго адначасова і сумна, і радасна.

Не, усё ж радасна.

Фота: Steffen Jørgensen, Roskilde Festival


Алесь Герасіменка 14:15, 08.07.2015 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0514 seconds.