Facebook тэстуе абноўленую версію Notes, якая можа стаць новым Livejournal

Беларуская творчая сеціўная тусоўка даўно пераехала з ЖЖ у FB, але інерцыйныя журналісты ўсё адно па звычцы называюць медыя-актывістаў блогерамі, нават тых, у каго сеціўная творчасць складаецца хіба з лайкаў і перапостаў. Але Facebook тэстуе цяпер абнаўленне, якое задуманае, каб даць магчымасць карыстальнікам весці блогі ў сацыяльнай сетцы або ствараць асобныя вялікія публікацыі ў моднай форме лонгрыдаў.

Насамрэч у галоўнай сусветнай сацыяльнай сетцы даўно прысутнічае сродак, які завецца Notes, каб пісаць доўгія пасты, але ён ніколі не меў вялікай папулярнасці з-за сваёй недасканаласці і невыразнага адрознення ад звычайных пастоў.

Новая версія Нататак (Notes) можа стаць прычынай, з-за якой называць блогерам чалавека, які актыўнічае толькі ў FB, больш не будзе такой недарэчнай ідэяй.

Вялікі зручны шрыфт, магчымасць устаўляць у тэкст выявы, модны шырокі дызайн, які лёгка чытаецца – падобна, што новыя Нататкі ад Facebook зробленыя з аглядкай на паспяховую платформу для блогераў Medium, якую палюбілі журналісты і медыя-прафесіяналы.

«Мы тэстуем абнаўленне Notes, каб зрабіць лёгкім для людзей стварэнне і чытанне вялікіх па форме тэкстаў на Facebook», – распавялі ў Facebook выданню The Verge, якое звярнула ўвагу на змены Нататак.

На гэты момант абноўленыя Notes даступныя абмежаванай групе карыстальнікаў, сярод якіх ёсць і беларусы. Ангельскамоўныя карыстальнікі заўважылі і абмяркоўваць новую магчымасць Facebook тут, а беларусы пакуль не заўважылі і не абмяркоўваюць тут.


Ягор Качын 23:12, 17.08.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0558 seconds.